ДЛЯ МІЛЫХ ДАМ!

Коласаўскі тэатр прапануе вам зрабіць падарунак сваім жанчынам, мамам і бабулям напярэдадні 8 сакавіка!
4 сакавіка на сцэне нашага тэатра адбудзецца святочны канцэрт Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра - «МУЗЫЧНЫ КАКТЭЙЛЬ ДЛЯ МІЛЫХ ДАМ»!
Адмысловая святочная канцэртная праграма для заўсёды цудоўных і любых жанчын складаецца з вакальных і інструментальных твораў самых розных стыляў і жанраў. Вы пачуеце арыі і дуэты з любімых класічных аперэт «Баядэра» І.Кальмана, «Лятучая мыш» І.Штраўса, «Перыкала» Ж.Афенбаха, «Джудзіта» Ф.Легара, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Халопка» А.Стрэльнікава. Атрымаеце асалоду ад вядомай песні «BELLE» з мюзікла «Нотр-Дам дэ Пары». Вас парадуюць завадныя эстрадныя хіты мінулых гадоў з рэпертуару Мусліма Магамаева і Валерыя Абадзінскага . Вы пачуеце бліскучыя джазавыя кампазіцыі з удзелам аркестра.
Вас чакае сустрэча з сапраўднымі зоркамі беларускай аперэты – народнай артысткай Беларусі Наталляй Гайдай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Маргарытай Александровіч, лаўрэатам міжнароднага конкурсу Дзмітрыем Шабецяй, дыпламантамі міжнародных конкурсаў Ганнай Беляевай і Арцёмам Хамічонкам, таленавітымі маладымі артыстамі, мужчынскім балетам і аркестрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам лаўрэата міжнароднага конкурсу Юрыя Галяса.
Мы запрашаем Вас правесці перадсвяточны дзень у выдатнай кампаніі і нацешыцца цудоўнай музыкай.
Пачатак канцэрта у 18.00.
Кошт білетаў 20 рублёў (партэр), 18 рублёў (ярус).
Добавить комментарий