ДА ЮБІЛЕЮ АКТРЫСЫ, ВЯДУЧАГА МАЙСТРА СЦЭНЫ АНЖАЛІКІ БАРКОЎСКАЙ

Радзіма Анжалікі Баркоўскай — Малдова. Цудоўны край, багаты на мастацкія таленты, народныя традыцыі –музычна-песенныя, сцэнічна-тэатральныя, што ідуць з глыбінь стагоддзяў. Бацькі Анжалікі Баркоўскай ніякага дачынення да мастацтва не мелі: маці — акушэр-гінеколаг, бацька — хірург… Ліку з дзяцінства займалі кнігі, якія і скіравалі яе ў бок тэатра: яна абрала рэжысёрскі факультэт Кішынёўскага інстытута мастацтваў. Там упершыню паспрабавала сябе ў якасці артысткі — прымала ўдзел у студэнцкіх урыўках. Потым па размеркаванні трапіла ў Кішынёўскі фальклорны тэатр імя Крангэ. Са сваім будучым мужам, вядомым рэжысёрам Віталем Баркоўскім пазнаёмілася ў 1990 годзе ў Маскве на фестывалі славянскіх краін «Інтэрнацыянал», дзе ў якасці гасцей прымалі ўдзел і артысты з Малдовы. У зале сядзелі толькі двое мужчын – Віталь Баркоўскі і Мікола Трухан (кіраўнік тагачаснага тэатра «Дзе-Я»). Яны здаліся ёй вельмі важнымі, самавітымі. А праз некалькі дзён у аўтобусе, на якім разам дабіраліся ў гасцініцу, Віталь Міхайлавіч ці то жартам, ці то ўсур’ёз зрабіў дзяўчыне прапанову. Анжаліка, не ведаючы, што адказаць, перавяла ўсё ў жарт. А праз некалькі дзён зразумела, што знайшла роднасную душу. Потым пачалося шчаслівае сямейнае і супольнае творчае жыццё.

 «Мы былі сапраўдныя авантурысты, — успамінае актрыса. — Спачатку з уласным тэатрам пад своеасаблівай назвай «Таварыш» ездзілі з казкамі па дзіцячых садках. А потым наша кампанія перарасла ў тэатр «Акт».

Жыццё складвалася па-рознаму. Былі «незабыўныя» дзевяностыя, калі артыстцы даводзілася працаваць рэкламшчыцай у тэатры, а рэжысёру Віталю Баркоўскаму — гандляваць цвікамі на адным з мінскіх рынкаў, каб парадаваць сям’ю найжаданымі на той час белым хлебам і каўбасой. У Мінску Анжаліка іграла мала, бо з’явілася дзіця, трэба было яго гадаваць.З буйных роляў таго перыяду можна назваць хіба Бэлу ў пастаноўцы «Марк Шагал». Але гэта быў зусім іншы спектакль, не той, што Баркоўскі потым паставіць у Віцебск).

Неўзабаве крызісны перыяд адступіў, а наперадзе сям’ю чакалі Віцебск і тэатр імя Якуба Коласа, у які Віталю Баркоўскаму было наканавана ўступіць у якасці мастацкага кіраўніка, а Ліка стала артысткай коласаўскай трупы. Па першым часе і на новым месцы муж, у адрозненне ад іншых ягоных калег, не вельмі займаў яе ў сваіх пастаноўках. І гэта была свядомая палітыка. Выключэннем з’явіўся хіба што спектакль «Шагал…Шагал…» па п’есе Уладзіміра Драздова, дзе Анжаліка стварыла вельмі кранальны вобраз Іды – маці славутага мастака.

Актрыса выдатна перадала ў простай жанчыне народную мудрасць, дасціпнасць, розум і прыродную далікатнасць, душэную тонкасць сваёй гераіні. З гэтым спектаклем коласаўцы аб’ездзілі шмат краін: пабывалі ў Англіі, Шатландыі, Італіі, Польшчы, ЗША. У 2000 годзе на Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу работа атрымала Гран-пры.

Анжаліка Баркоўская цудоўна ўпісалася ў творчы калектыў коласаўцаў і разам з тым… яе заўсёды можна вылучыш сярод іншых. Гэта актрыса, якая валодае ўнікальнымі творчымі здольнасцямі і магчымасцямі. Яна здольная віртуозна працаваць у трагедыі, камедыі, мюзікле, псіхалагічнай драме, авангарднай пастаноўцы, на мяжы самай яскравай знешняй формы і паглыбленага псіхааналізу. Выдатна перадае ў лепшых сваіх ролях самыя тонкія нюансы душэўных перажыванняў сваіх гераінь. Часта яна ўвасабляе вобразы жанчын са складаным духоўным светам, ахопленых страсцямі альбо з надламанай псіхікай, з тым моцным душэўным болем, які яны нясуць у сабе. З гэтага шэрагу асабліва вылучаецца  вобраз Любы з драматычнай камедыі «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле п’есы У.Набокава «Падзея».

Кожнае імгненне яе сцэнічнага існавання было эмацыянальна і псіхалагічна напоўнена. А яшчэ – на дзіва праўдзіва і дакладна. Існаваць так у даволі сімвалічнай, шматслойнай п’есе, ускладнёнай падтэкстам, вельмі няпроста. Прасцей – фармальна «іграць» вобраз, складаней – ім быць. У пачатку спектакля драматычнае мінулае, гэтая глыбока прыхаваная жарсць да былога каханага толькі спакваля яе выдае, але потым, пасля фатальнай весткі – «падзеі» – усё больш авалодвае ёй і амаль зводзіць з розуму. Дарэмна яна спрабуе схавацца ў гэтым жыццёвым маскарадзе, дзе існуюць толькі цені людзей альбо фантомы. Актрыса не проста зачароўвала псіхалагічнай дакладнасцю – яна ўзнімала вобраз да паэтычнага сімвала. Напэўна, такой магла быць Незнаёмка Блока ці донна Анна Пушкіна – загадкавая, містычная, жаноцкая, жарсная і такая ж неспасціжная, як руская душа. Менавіта яе выкананне вызначыла канцэпцыю пастаноўкі.

У сатырычнай камедыі альбо мюзікле актрыса схільная да імправізацыі, гратэску, карыстаецца вострым знешнім малюнкам ролі. Яе Фраскіта ў спектаклі «Віват, каханне, альбо Помста млынара» П.дэ Аларкона (дарэчы, першая роля на коласаўскай сцэне) – пяшчотная, хітраватая, пажадлівая, какетлівая, закаханая ў мужа, але адчуваючая ўласную чароўнасць, якая ўскружыла галаву старому лавеласу, была самым яркім персанажам у спектаклі.

У ролі Мамаевай у «Мудрацах…» Астроўскага Анжалiка Баркоўская карыстаецца кiдкiмi камедыйнымi прыёмамi, часам упадаючы нават у эксцэнтрыку, знарочыста згушчае фарбы ў абмалёўцы сваёй гераiнi.

У росквіце гадоў Клеапатра Львоўна зусім ужо страціла надзею пакахаць. Тым больш, што муж-зануда не даваў ёй волі і выбару. Для жанчыны гэта раўназначна страце свайго твару. Таму ў першых сцэнах твар Мамаевай літаральна пазбаўлены якіх-небудзь выразных рыс: выбеленыя вейкі і бровы, адсутнасць памады на вуснах, прутка сцянутыя ў пучок валасы з прыкметнай сівізной і кружкі акуляраў, якія нядбайна сядзяць на носе, рабілі яго несамавітым, шэрым, казённым. Такая ж вуглаватая і пластыка персанажа. Але з якой паспешнасцю і настойлівасцю персанаж Баркоўскай успрымае жаданае за сапраўднае! Як ёй хочацца верыць укаханне юнака, які ўдвая маладзейшы за яе! Фантазіі маці Глумапва, якая ўпэўніла Мамаеву, далі свой плён. Тым больш што Глафіра Клімаўна шчодра ўзнагароджана замужняй дамай. Фактычна яна купляе свайго ўмілаванага ў яго маці. Каханне робіць яе прыгожай і рашучай, але пазбаўляе розуму.

З таго ж шэрагу роляў яе Прастакова ў «Недарасці» Д.Фанвізіна, Графіня з «Дыліжансу» У.Кандрусевіча, Мадам Чэйзан з «Гаральда і Мод» К.Хігінса.

 

У псіхалагічнай драме альбо мадэрнісцкай прыпавесці (Нёрсі – «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса, Марго з «Мадам Боншанс» У.Драздова, Людміла ў «Познім каханні» А.Астроўскага) актрыса ўзрушае глыбінёй унутранага, духоўнага свету персанажа.

У асобных ролях яна здольная ўзняцца да сапраўднага трагізму – лэдзі Макбет, Морын Фолан. Вобраз апошняй са спектакля «Каралева прыгажосці з Лінэна» М.МакДонаха атрымаў высокую ацэнку пад час паказу спектакля ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, а таксама на Міжнародным фестывалі «Арт-прастора» ў Санкт-Пецярбургу. Гераіня А.Баркоўскай жыве ў нейкім сваім прыдуманым свеце, дзе ёсць каханне, прыгожыя адносіны, спагада і павага да людзей, а ў рэальным жыцці вымушана сутыкацца са штодзённым брудам і жорсткасцю, будзённай руцінай, якія калечаць яе душу.

 

Адна з апошніх работ Анжалікі Баркоўскай – роля Фонсіі Дорсі ў трагікамедыі Дональда Лі Коўбэрна «Гульня ў джын». Зазвычай гэтую п’есу бяруць у якасці бенефіснага спектакля для двух акцёраў сталага веку. Адметнасць гэтай пастаноўкі ў тым, што Фонсія маладзейшая за свайго партнёра Уэлера Марціна, якога іграе Пятро Ламан.

 

Актрыса ў гэтай ролі настолькі арганічная, жывая, абаяльная ў кожным эпізодзе спектакля, настолькі актыўна абжывае яго ўнутраную прастору, спрабуючы пазбавіцца ад свайго ўнутранага болю, што яе партнёру можна проста падыграць ёй. Але ў спектаклі ёсць раўнавага, акцёрскі баланс, ансамбль, калі акцёры тонка адчуваюць адно аднаго. Рэжысёр спектакля прыдумаў цікавы ход, калі актрыса ў пачатку спектакля ды ў іншых эпізодах спявае малдаўскую песню, праз якую перадае сваю тугу, сваю самоту, пазіраючы ў плынь ракі, паглыбляючыся ў свае мінулае, свае ўспаміны.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе Анжаліку Купрыянаўну з юбілеем,
жадае творчага імпэту, натхнення і новых яскравых роляў!

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка