ЦІМОХ СЯРГЕЙЧЫК – ВЫДАТНЫ ДЗЕЯЧ КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ

Цімох Мікалаевіч Сяргейчык – адзін з пачынальнікаў Коласаўскага тэатра, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, ганаровы грамадзянін горада Віцебска, таленавіты рэжысёр, педагог і… нават літаратар. 20 чэрвеня 2019 года мы адзначаем 120-я ўгодкі з дня яго нараджэння.

Першыя крокі

З’явіўся на свет Цімох Сяргейчык у 1899 годзе ў вёсцы Заполле Глускага раёна Магілёўскай вобласці. З дзяцінства быў успрымальны да народных песень, казак, народнага гумару, усяго, чым былі ва ўсе часы багатыя беларусы. Падлеткам паехаў вучыцца ў Полацкую настаўніцкую семінарыю, потым, з прычыны набліжэння фронту, быў пераведзены ў Бабруйскую. Тут і адбыліся першыя яго акцёрскія спробы ў самадзейнасці. Асабліва многа іграў у спектаклях паводле Чэхава: у «Прапанове» – Чубукова, у «Юбілеі» – Шыпучына, у «Мядзведзі» – старога слугу Луку, у «Хірургіі» – Дзячка.

У 1919-м разам з іншымі сваімі землякамі – пайшоў служыць у Чырвоную Армію. Там артыст-пачатковец працягваў сцэнічныя спробы, сам афармляў і ставіў спектаклі. Ён бязмежна захапіўся цікавай для яго работай, што дало падставу для паступлення ў 1923 годзе ў Беларускую драматычную студыю пры Маскоўскім Мастацкім тэатры ў Маскве.

Студыя

У студыі выкладалі вядомыя артысты і рэжысёры – Валянцін Смышляеў, Барыс Афонін, Соф’я Гіяцынтава і іншыя. У той вучнёўскі перыяд будучы карыфей коласаўскай сцэны іграў пераважна характарныя ролі.

Першая – роля Каваля ў народнай трагедыі «Цар Максімільян». У героя была адна задача – закаваць непакорлівага царскага сына Адольфа і паведаміць пра гэта бацьку. Усяго некалькі слоў, але роля здавалася артысту сапраўдным скарбам. Вядома, Каваль быў не жывы чалавек з усімі індывідуальнымі рысамі характару, а маска. Але акцёру даводзілася па-сапраўднаму жыць, рухацца, спяваць, танцаваць у гэтай масцы-вобразе. Другі раз ён выканаў ролю без слоў – Дульскага – значна пазней, у коласаўскім тэатры, у п’есе Запольскай «Мараль пані Дульскай».

У студыі Сяргейчык сыграў афінскага майстра Фісбу ў камедыі Шэкспіра «Сон у летнюю ноч», Блакса з «Эраса і Псіхеі» Жулаўскага, Войта ў п’есе «У мінулы час» Бэна. Гэтым спектаклем 21 лістапада 1926 года ўрачыста і адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр Другі, будучы Коласаўскі.

Як прыгадваў сам Цімафей Мікалаевіч, студыя ўзбагаціла яго тэхнікай, навучыла ствараць вобраз, ляпіць характар, любіць форму і валодаць ёй. Развіла фантазію, фізічную волю, спрыт, пластычнасць і пачуццё рытму. Заклала аснову культурнага і духоўнага развіцця.

На прафесійнай сцэне

У стварэнні многіх вобразаў Сяргейчыку дапамог уласны жыццёвы вопыт. Гэта датычылася ўжо першай ролі Войта. Ствараючы яе, артыст успамінаў расповеды свайго дзеда, што заспеў яшчэ прыгоннае права.

У спектаклі «Першая Конная» паводле У.Вішнеўскага артыст выканаў адразу некалькі эпізадычных роляў: Казак, Дзед з лістамі, Вайсковы, Доктар, Камандзір эскадрона. Але ў ніводнай не паўтараўся, знаходзіў нейкія адметныя рысачкі. Іграў ён і прафесара Падабедава, і генерала Бахмецева ў п’есе Кіршона «Горад вятроў», і высакароднага капітана Берсенева ў драме «Разлом» Лаўранёва. Пры стварэнні апошняга Сяргейчык пад час адпачынку застаўся на тыдзень у Севастопалі, каб паназіраць за маракамі. Тут яму давялося пазнаёміцца з флоцкім камандзірам. Усе назіранні і парады новых сяброў моцна дапамаглі ў стварэнні вобраза, ён атрымаўся жывы і пераканальны.

Але па-сапраўднаму акцёр раскрыўся менавіта ў беларускім рэпертуары. Гэтыя вобразы былі артысту добра зразумелыя і знаёмыя. Якраз тады, у 30-я гады, тэатр пачаў актыўна звяртацца да драматургіі Якуба Коласа. У спектаклі «Вайна вайне» Цімох Сяргейчык стварыў вобраз дзеда Мікіты. Іграў яго з асаблівым задавальненнем, бо той нагадваў яму роднага дзеда, які ўвасабляў лепшыя рысы беларускага народа. Асабліва кранальнай атрымалася сцэна мабілізацыі ў армію. Якуб Колас неаднойчы сам бачыў гэты спектакль і дзякаваў выканаўцу.

Зусім супрацьлеглы вобраз – канакрада Саўкі Мільгуна – ён стварыў у спектаклі «У пушчах Палесся». Акцёр не пайшоў па лініі штампа, малюючы яго толькі чорнымі фарбамі як злодзея і нягодніка. У ягонага героя была своеасаблівая любоў да коней, але не зайшоўся чалавек, які б выправіў яго на правільную дарогу.

Складаны псіхалагічны вобраз стварыў артыст у спектаклі «Машэка» па п’есе Віталя Вольскага. Пчаляр Рабіна вельмі любіў сваю дачку Ганну. Ён рады быў, што яе кахае Машэка, які змагаецца за шчасце і волю народа. У першых сцэнах перад гледачом паўстае вельмі прывабны, працавіты беларускі селянін. Але потым, як даведваецца, што Ганна здрадзіла Машэку, здрадзіла свайму народу, глыбокае перажыванне ахоплівае яго. Гэта выклікае нянавісць Рабіны да сваёй роднай дачкі.

Знакавая роля

Адной з акцёрскіх вяршынь Цімоха Сяргейчыка, безумоўна, быў шкаляр Самахвальскі з камедыі Вольскага «Несцерка». За гэтую ролю ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Гэта быў найбольш гратэскавы вобраз у пастаноўцы. Цімох Мікалаевіч знайшоў для яго надзвычай выразныя выяўленчыя сродкі. Паходка паўліна, незвычайнае адзенне – чорны аксамітны пінжак, кароткія штаны, доўгія панчохі, «ярмолка», на носе – акуляры. Рукі шкаляр трымае ў кішэнях, ходзіць, высока задраўшы сваю «вучоную» галаву. Дарэчы, спярша ні сам рэжысёр Навум Лойтар, ні члены мастацкай рады, на якой адбывалася размеркаванне роляў будучай пастаноўкі, зусім не бачылі Сяргейчыка ў гэтай ролі. Але Цімох Мікалаевіч аказаўся на дзіва ўпартым, заявіў, што будзе самастойна працаваць над вобразам і пераканае ўсіх, што мае права іграць такія камедыйныя ролі. Яму ўдалося пераканаць рэжысёра. Ён атрымаў ролю. Вось як праз многія гады пісаў пра гэтую выдатную работу вядомы тэатральны крытык Барыс Бур’ян: «Яго шкаляр графічна намаляваны і ў знешніх паводзінах – часам здаецца, што нават без тэксту, толькі пантамімічна іграючы гэту ролю, артыст ужо раскрыў бы «зерне» вобраза самазадаволенага невука, ганарлівага прыстасаванца, пажадлівага ханжы. Унутрана ж ён настолькі арганічна адчувае сябе Самахвальскім, што ў самых эксцэнтрычна завостраных эпізодах выглядае натуральным, пераканаўчым, жыва выхапленым з жыцця характарам. Так, выхапленым і адначасова алегарычна абагуленым, як з’ява, – так што я ўжо маю права гаварыць пра пэўнага чалавека: гэта – самахвальшчына, ён – шкаляр».

 

У эвакуацыі

У гады Вялікай Айчыннай вайны БДТ-2 выехаў у эвакуацыю ў горад Уральск Казахскай ССР. Сярод пастановак асаблівае месца займалі спектаклі, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай.

У спектаклі «Нашэсце» Цімох Сяргейчык сыграў адну з цэнтральных роляў –доктара Таланава. Гэта быў пажылы каржакаваты чалавек, з вялікім ілбом мысліцеля. Жорсткія, як шчэць, коратка падстрыжаныя, пасівелыя вусы. Стомлены твар. У вачах заўсёды свяцілася думка. Мужны, валявы, нават суровы. Таленавіты хірург і псіхолаг. Праз гэты вобраз артыст хацеў паказаць моц і непераможнасць савецкіх людзей.

Уральскі глядач цёпла ўспрымаў яго Васіна ў «Рускіх людзях» Сіманава, дзеда Астапа ў «Партызанах у стэпах Украіны» Карнейчука, Дасцігаева ў «Ягоры Булычове і іншых» Горкага.

Да трагедыйнага гучання

Варта прыгадаць і яшчэ пра адну знакавую ролю ў творчасці Цімоха Мікалаевіча. Гэта Лявон Зяблік у «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы (спектакль быў створаны ў 1951 годзе). З пакутлівай творчай асалодай артыст даследаваў кожны характар. Сэрцам і розумам. «Чаму?» – гэтае пытанне артыст ставіў да кожнага слова ў ролі. Дашукаўшыся адказу, ён адчуваў у душы творчы ўздым, які ўжо не пакідаў яго кожны вечар, пакуль іграецца спектакль. Можа, таму з шэкспіраўскай сілай, манументальна ляпіў ён Лявона Зябліка.

 

Поспеху ў стварэнні гэтага вобраза дапамаглі і асабістыя сустрэчы з класікам беларускай літаратуры. Пад час адно з іх Янка Купала зазначыў празорліва: «Ты, Цімашок, калі-небудзь успомніш мае словы. Я памру, але «Раскіданае гняздо» зойме яшчэ на сцэне сваё пачэснае месца і загаворыць на поўны голас. Я ўклаў у гэту п’есу лепшае, што было ў маёй паэзіі і драме».

Усяго Цімох Сяргейчык стварыў на коласаўскай сцэне каля 200 сцэнічных вобразаў. Сярод іх – Лука, Цалаваньеў, Якаў Бардзін («На дне», «Зыкавы», «Ворагі» М.Горкага), Градабоеў, Васьмібратаў, Кучумаў («Гарачае сэрца», «Лес», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Кулыгін («Тры сястры» А.Чэхава), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), прафесар Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва), Забелін («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Барута («Людзі і д’яблы» К.Крапівы) і многія іншыя.

 

Выдатны рэжысёр і педагог

Нельга не адзначыць і плённую рэжысёрскую і педагагічную работу Цімоха Мікалаевіча. Ім пастаўлены спектаклі: «Пінская шляхта» (1928), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава, дзе ён сам і сыграў галоўную ролю (1938), «Ірынка» К.Чорнага (1940) і «Блудны сын» Э.Ранета (1958).

За 40 год педагагічнай працы, кіравання студыяй пры Коласасўкім тэатры ім падрыхтавана шмат выдатных акцёраў. Народныя артысты Беларусі Зінаіда Канапелька, Мікалай Яроменка, Галіна Арлова, заслужаныя артысты Беларусі Валянціна Петрачкова і Галіна Каралькова і многія іншыя... Сяргейчык быў сапраўдным настаўнікам і дарадцам для многіх маладых акцёраў.

Вось як успамінае пра супольную працу з ім народная артыстка Беларусі Святлана Акружная: «Цімох Мікалаевіч вучыў мяне вялікай адказнасці ў рабоце над роляй, асабліва перад самым выхадам на гледача. Вучыў максімальнай засяроджанасці і самааддачы. Ніякіх не павінна быць старонніх закулісных размоў, старонніх думак. Толькі вобраз. У «Салаўінай ночы», дзе я разам з ім працавала, ён іграў Прафесара, былога вязня канцлагера. Роля невялікая. Але калі б вы бачылі, як ён аддаваўся, як ён поўнасцю выкладваўся на сцэне, які гэта быў творчы, эмацыянальны ўздым. Нават напрыканцы свайго акцёрскага шляху Цімох Мікалаевіч дэманстраваў самы высокі клас прафесійнасці і майстэрства».

Успаміны пра сябе

У апошнія гады працы на коласаўскай сцэне артыста не пакідалі думка пра тое, што ўвесь назапашаны акцёрскі і жыццёвы вопыт ён павінен перадаць маладым. Тады і ўзнікла ідэя напісання кнігі ўспамінаў – «Нататкі акцёра». Першае яе выданне выйшла ў 1966 годзе. Яна стала адразу бібліяграфічнай рэдкасцю. Было вырашана выпусціць другое выданне, якое выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1973 годзе.

Цімох Мікалаевіч прыгадаў сваё дзяцінства, юнацтва, студыйныя гады, вопыт дзейнасці на прафесійнай сцэне. Падзяліўся многімі сакрэтамі творчай лабараторыі пры стварэнні як сцэнічных вобразаў, так і ў пастаноўцы спектакляў. Думаем, што кніга не страціла актуальнасці і сёння, можа быць карыснай артыстам, рэжысёрам, тэатразнаўцам. Апошнія некалькі гадоў свайго жыцця Майстар пакінуў Віцебск, пераехаў у Мінск. Але думкі пра тэатр не пакідалі яго. Напісаў артыкул пра Звездачотава, творчы партрэт Ільінскага, у ягоных планах былі нататкі пра Канапельку, Труса, Матусевіча і маладых акцёраў. Пачаў пісаць аўтабіяграфічную навелу «На заходзе сонца». На жаль, яна так і засталася незакончанай.

Памёр народны артыст Беларусі Цімох Мікалаевіч Сяргейчык 27 мая 1977 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка