«ЦІЛЬ». 95-годдзю КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА ПРЫСВЯЧАЕЦЦА!

Набліжаецца знакавая дата. 21 лістапада 2021 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначае свой 95-гадовы юбілей. Коласаўцы выйдуць на вялікую сцэну з прэм’ерай трагікамедыі «Ціль» па п’есе Рыгора Горына. У спектаклі занятая амаль уся трупа тэатра.
Пастаноўку спектакля, насычанага яскравым гумарам і гераічным пафасам, ажыццяўляе мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Сцэнаграфія Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай. Касцюмы стварае Святлана Макаранка. Музыка Руслана Стаброўскага. Харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Пераклад і тэксты песень Алеся Замкоўскага.
Створаная па матывах рамана Шарля дэ Кастэра, п’еса Рыгора Горына распавядае пра сярэдневечнага блазна Ціля Уленшпігеля, гісторыя якога ніколі не згубіць актуальнасці.
Калісьці яго бацькам Клаасу і Саоткін прадказалі, што ў іх сям’і народзіцца герой Фландрыі. Так і адбылося – гаварун і весялун Ціль з цягам часу пераўтвараецца ва ўзор мужнасці і свабодалюбства, у героя, здольнага гаварыць праўду – праз лёгкія насмешкі і саркастычныя выказванні. Творца па сутнасці, Ціль жартуе і змагаецца з хлуснёй у неспрыяльных умовах росквіту іспанскай інквізіцыі і вайны. Ягоны востры язык не шкадуе нікога. І разам з тым, Ціль справядлівы і моцны духам, ён кахае, марыць, разважае па-філасофску глыбока, ён верыць, што пераможа дабро.
Ролю Ціля Уленшпігеля выконвае вядучы майстар сцэны Яўген Бераснеў.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Шчыра запрашаем усіх сваіх любімых гледачоў разам з намі адсвяткаваць 95-годдзе!
Пачатак а 18-й гадзіне.
Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!
Добавить комментарий