«ЦЕНЬ ДУМКІ НАШАЙ…» – У ЭФІРЫ ТЭЛЕРАДЫЁКАНАЛА «ВІЦЕБСК»

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» працягвае па суботах трансляцыю спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

15 жніўня, у 13:00 і ў 19:15, на тэлеканале «Віцебск» адбудзецца паказ спектакля  «Цень думкі нашай…». Гэта фантазія паводле творчасці Францішка Аляхновіча.

Прэм’ера адбылася 11 сакавіка 2016 года.

Францішак Аляхновіч – аўтар сімвалістычнай п’есы «Цені», па матывах якой створаны спектакль, вядомы беларускі драматург 1-й паловы XX стагоддзя, адзін са стваральнікаў прафесійнага тэатра на Беларусі. У 1926 годзе ён быў першым загадчыкам літаратурнай часткі БДТ-2 (цяперашняга Коласаўскага тэатра), пазней быў беспадстаўна рэпрэсаваны органамі ГПУ, адбываў пакаранне на Салавецкіх астравах. Загінуў у Вільні ад рук невядомых забойцаў у 1944 годзе. У яго спадчыне каля двух дзясяткаў камедый, вадэвіляў, фарсаў, меладрам. Апрача таго, ён з’яўляецца аўтарам кнігі ўспамінаў «У капцюрох ГПУ».

…Бацька сямейства Сцяпан меў раней надзвычай узвышаныя парыванні і прагу да творчасці, але з часам яны пераўтвараліся ў выключна эгаістычныя памкненні. У юнацтве ён спрычыніўся да заўчаснай гібелі былой каханай, якая нечакана «ўваскрэсла» ў вобразе маладой кватаранткі Матыльды. У яго спапялелай душы, здаецца, адраджаюцца былыя пачуцці. Тая ж дзяўчына запальвае жарсць і ў сэрцы 18-гадовага паэта і летуценніка Міхася, сына Сцяпана і Марыі. Адносіны ўсё больш пераблытваюцца…

Спектакль быў паказаны ў межах Міжнароднага форуму «ТЕАРТ», праграма BELARUS OPEN (Мінск, 2017), а таксама ў Вільні, у Доме нацыянальных згуртаванняў, па запрашэнню Таварыства беларускай культуры ў Літве (2017).

Пастаноўка, музычнае афармленне Ніны ОБУХАВАЙ.
Мастак-пастаноўшчык – Андрэй ЖЫГУР.
Пластыка і харэаграфія – Сяргей ТАЛКАЧ.

У спектаклі занятыя: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Сцяпан), артысты Наталля Аладка (Марыя), Раман Салаўёў (Міхась), Ульяна Ацясава (Матыльда).

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X