«ЦЕНЬ ДУМКІ НАШАЙ…» – У ЭФІРЫ ТЭЛЕРАДЫЁКАНАЛА «ВІЦЕБСК»

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» працягвае па суботах трансляцыю спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
27 чэрвеня, а 19-й гадзіне, адбудзецца паказ спектакля «Цень думкі нашай…». Гэта фантазія паводле творчасці Францішка Аляхновіча.
Прэм’ера адбылася 11 сакавіка 2016 года.
Францішак Аляхновіч – аўтар сімвалістычнай п’есы «Цені», па матывах якой створаны спектакль, вядомы беларускі драматург 1-й паловы XX стагоддзя, адзін са стваральнікаў прафесійнага тэатра на Беларусі. У 1926 годзе ён быў першым загадчыкам літаратурнай часткі БДТ-2 (цяперашняга Коласаўскага тэатра), пазней быў беспадстаўна рэпрэсаваны органамі ГПУ, адбываў пакаранне на Салавецкіх астравах. Загінуў у Вільні ад рук невядомых забойцаў у 1944 годзе. У яго спадчыне каля двух дзясяткаў камедый, вадэвіляў, фарсаў, меладрам. Апрача таго, ён з’яўляецца аўтарам кнігі ўспамінаў «У капцюрох ГПУ».
…Бацька сямейства Сцяпан меў раней надзвычай узвышаныя парыванні і прагу да творчасці, але з часам яны пераўтвараліся ў выключна эгаістычныя памкненні. У юнацтве ён спрычыніўся да заўчаснай гібелі былой каханай, якая нечакана «ўваскрэсла» ў вобразе маладой кватаранткі Матыльды. У яго спапялелай душы, здаецца, адраджаюцца былыя пачуцці. Тая ж дзяўчына запальвае жарсць і ў сэрцы 18-гадовага паэта і летуценніка Міхася, сына Сцяпана і Марыі. Адносіны ўсё больш пераблытваюцца…
Спектакль быў паказаны ў межах Міжнароднага форуму «ТЕАРТ», праграма BELARUS OPEN (Мінск, 2017).
Пастаноўка, музычнае афармленне Ніны ОБУХАВАЙ.
Мастак-пастаноўшчык – Андрэй ЖЫГУР.
Пластыка і харэаграфія – Сяргей ТАЎКАЧ.
У спектаклі занятыя: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Сцяпан), артысты Наталля Аладка (Марыя), Раман Салаўёў (Міхась), Ульяна Ацясава (Матыльда).
Добавить комментарий