БУІНСКІ ДРАМТЭАТР З ТАТАРСТАНА НА ГАСТРОЛЯХ У ВІЦЕБСКУ. НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ - «КАПІТАНСКАЯ ДАЧКА»
26.02.2026
8 красавіка на вялікай сцэне тэатра імя Якуба Коласа - гастролі Буінскага дзяржаўнага драматычнага тэатра (Буінск, Рэспубліка Татарстан). Госці пакажуць спектакль «КАПИТАНСКАЯ ДОЧКА» паводле класічнай аповесці Аляксандра Пушкіна. Жанр пастаноўкі - запіскі афіцэра пра каханне, вернасць і гонар. Пачатак у 19:00.
Квіткі можна набыць анлайн.

Гэта трагічная гісторыя кахання юных Пятра Грынёва і Машы Міронавай, якія апынуліся ў эпіцэнтры нястрымнай стыхіі мецяжу Пугачова. Гісторыя пра гонар, адвагу, абавязак і каханне.
Спадчыннік правінцыйнага багатага дваранскага роду Пётр Грынёў накіраваны на вайсковую службу ў Белагорскую крэпасць, дзе ў яго нараджаецца каханне да дачкі каменданта Машы Міронавай. Але ў дзяўчыны ёсць кавалер Аляксей Швабрын. Ускладняецца сітуацыя тым, што разгараецца паўстанне Пугачова. І тут і выяўляюцца праўдзівыя пачуцці і чалавечы характар.

Рэжысёр пра спектакль: «У спектаклі ўсе героі і падзеі разглядаюцца пастфактум, погляд гледача і саміх герояў падзелены часам, ужо ёсць тая прастора, у якой нараджаецца пераасэнсаванне ўласных эмоцый і ўчынкаў. Праўда і хлусня, здрада і вернасць – ці магчыма захаваць сваю чалавечую годнасць, калі вакол гарыць свет? Сюжэт будуецца на некалькіх галоўных нітках, адна з якіх — лёс бунтара Ямяльяна Пугачова. І, вядома, гэтая гісторыя пра каханне маладога афіцэра Пятра Грынёва і юнай Міронавай Машы. Пятруша Грынёў пройдзе на вашых вачах абрад ініцыяцыі – вайна, каханне, здрада, смерць, турма, – каб са спешчанага хлопчыка ператварыцца ў мужчыну і на ўласным прыкладзе давесці: каханне, вернасць і гонар – тры слупы чалавечай душы».
Гэты спектакль — адмысловая ода маральнаму абавязку і гонару, шляхетнасці, вернасці і ўсёпераможнаму каханню.

Аўтар інсцэніроўкі С.Шувалаў. Пастаноўка Мікалая Ялесіна (Расія). Мастак-пастаноўшчык Ала Сарокіна (Беларусь). Харэограф Вольга Казарэз, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, лаўрэат прэміі Урада Расіі (Расія). Мастак па святле Дзмітрый Солапаў (Расія).
У спектаклі занятыя: Цімур Шыгапаў (Пётр Грынёў), Руфіна Хаматдзінава (Маша Міронава), Раміль Шайхутдзінаў (Ямяльян Пугачоў), Ільфір Султанаў, заслужаны артыст Рэспублікі Татарстан (капітан Міронаў), Айгуль Сагеева (Васіліса Ягораўна), Рынат Акбераў (Савеліч), Ірэк Гайнетдзінаў (Аляксей Швабрын), Гульназ Гатаўліна, заслужаная артыстка Рэспублікі Татарстан (Маці), Булат Гараяў (Бацька, Максімыч, Генерал на допыце, Хлапуша, Фурман), Вільнур Шайхутдзінаў (Зурын, Генерал, Гаспадар двара), Гульзада Садрыева, заслужаная артыстка Рэспублікі Татарстан (Васпані), Рыма Хамідуліна, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Татарстан (Акуліна Памфілаўна), Каміла Файзуліна (Палашка), у масавых сцэнах заняты Наіля Імангулава і Зіля Маўлютава.
Працягласць - 1 гадзіна 30 хвілін. Узроставае абмежаванне - 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі можна набыць у касе тэатра.
Тэлефон (+375 212) 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля - з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед - 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.



















Добавить комментарий