8 КАСТРЫЧНІКА – АДКРЫЦЦЁ 97-га ТЭАТРАЛЬНАГА СЕЗОНА. ГЛЕДАЧОЎ ЗАПРАШАЕ «НЕСЦЕРКА»!

Пасля летняга адпачынку мы зноў вамі, дарагія гледачы. Хаця спектаклі тэатр пачаў паказваць ужо ў верасні, але афіцыйнае адкрыццё сезону адбудзецца 8 кастрычніка, напярэдадні Дня работнікаў культуры. Па традыцыі мы адкрываем яго любімым спектаклем нашых гледачоў – камедыяй «Несцерка» па аднайменнай п’есе Віталя Вольскага.
...Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста – Шкаляра. І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю, «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.

У свой час праз гэты спектакль прайшлі ўсе артысты Коласаўскага тэатра. У 2021 годзе коласаўскаму «Несцерку» споўнілася 80 год.
Пастаноўка Навума Лойтара. Сцэнаграфія і касцюмы Ліпы Кроля. Музыка Ісака Любана.
Рэжысёр аднаўлення – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Мастак аднаўлення Пятро Анашчанка. Мастакі па касцюмах – Ніна Бабровіч і Пятро Анашчанка. Музычная рэдакцыя Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Мікалай Падаляк.

У спектаклі занятыя: уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан (Несцерка), Раіса Грыбовіч (Мальвіна), Ульяна Ацясава (Наста), Арцём Блахін (Юрась), Яўген Бераснеў (Шкаляр Самахвальскі), уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка (Пан Бараноўскі), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій ЛОЙКА (Першы шляхцюк), Уладзіслаў Жураўлёў (Другі шляхцюк), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Суддзя), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Жонка Суддзі), уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук (Мацей), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Сваха), Міхаіл Асанаў (Гайдук), Герман Дымарэцкі (Гайдук, Слуга пана Бараноўскага), Вадзім Асвяцінскі (Першы Пан, Мядзведзь), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Другі пан), Цімур Жусупаў (Скамарох). У масавых сцэнах занятыя артысты тэатра.
Працягласць спектакля – 3 гадзіны з двума антрактамі. Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.
У новым сезоне нас чакае шэраг прыемных падзей – прэм’еры, фестывалі, гастролі.
28 і 29 кастрычніка запрашаем на прэм’ерныя паказы спектакля «Вытанчаны падман» па вядомай камедыйнай п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы». Жанр вызначаны як сатырычная гісторыя. Над пастаноўкай працуе рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур, ён жа сцэнограф спектакля. Пра гэты спектакль мы яшчэ падрабязней раскажам.
Квіткі на прэм’ерныя паказы - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайце kvitki.by: 28 кастрычніка і 29 кастрычніка.

20 і 22 лістапада мяркуюцца паказы новага спектакля – «Дзеці. Вёрсты» паводле творчасці народнага паэта Беларусі. Аўтар п’есы – Арцём Казюханаў (г.Масква). У аснову твора пакладзены п’еса «На дарозе жыцця» і трылогія «На ростанях». Прэм’ерныя паказы прымеркаваныя да 140-годдзя дня нараджэння народнага паэта і да дня нараджэння Коласаўскага тэатра. Над пастаноўкай працуе рэжысёр Інэс Амамі (г.Масква) і віцебскі сцэнограф Андрэй Жыгур.
Пад Новы год для юных гледачоў мяркуем паказаць прэм’еру спектакля «Дванаццаць месяцаў» паводле вядомай казкі Самуіла Маршака. Рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур.
1 кастрычніка тэатр выязджаў да нашых суседзяў на Міжнародны тэатральны фестываль «Смаленскі каўчэг», дзе паказаў спектакль «Ваўкалак» паводле аднайменнага апавядання з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях». 14 лістапада ў рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску будзе паказаны спектакль Коласаўскага тэатра «Метро» па п’есе Аляксандра Савухі.
21 і 22 кастрычніка мы чакаем у сябе ў гасцях Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы, які пакажа дзве пастаноўкі – камедыю «Паўлінка» і містычную легенду пра каханне «Чорная панна Нясвіжа».
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by:
21 кастрычніка - «Паўлінка», 22 кастрычніка - «Чорная панна Нясвіжа».

12 лістапада на коласаўскай сцэне выступіць хор Валаамскага манастыра з новай праграмай «Вечная любоў».
Квіткі - у касе тэатра і на сайце kvitki.by.

Мяркуем, што ў новым сезоне вас чакае шмат яркіх пастановак, незабыўных сустрэч з нашымі артыстамі.
Чакаем вас у тэатры!


















Добавить комментарий