31 мая – МЮЗІКЛ ПРА КАХАННЕ «ЗВЫЧАЙНЫ ЦУД» У ВЫКАНАННІ ТЭАТРА ГЕНАДЗЯ ГЛАДКОВА

У апошні дзень вясны, 31 мая, на сцэне Коласаўскага тэатра – мюзікл «Звычайны цуд» у выкананні мінскага тэатра Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла».
Мюзікл Генадзя Гладкова і Юлія Кіма адпавядае ўсім патрабаванням жанру. Добрая літаратурная аснова дае магчымасць не толькі для асалоды яркімі акцёрскімі работамі, — успомніце вядомы фільм Марка Захарава, — але і для глыбокага разважання. Пры гэтым усе героі спяваюць, танцуюць, улюбляюцца, сварацца, мірацца, прымушаючы гледачоў плакаць і смяяцца.
Гісторыя кахання Мядзведзя і Прынцэсы не толькі пацвярджае тое, што «дарослыя не павінны ўмешвацца ў любоўныя справы дзяцей». Але і дорыць нам усім надзею. Цуды здараюцца і ў наш час, трэба толькі вельмі ў гэта паверыць.
Вельмі модны цяпер стыль «стымпанк» дае магчымасць разгуляцца фантазіі мастакоў. Спектакль зачароўвае атмасферай не то камп’ютарнай гульні, не то казкі ў стылі «фэнтэзі». Гэта адметны чароўны свет, дзе ўсё круціцца, дыміцца, лётае і рухаецца.
Упершыню мюзікл быў пастаўлены ў 2010 годзе ў Маскве ў Тэатральным цэнтры на Дуброўцы. «Тэрыторыя мюзікла» дадала яго ў свой рэпертуар у 2018 годзе. З той пары тэатр з поспехам паказвае спектакль не толькі на тэатральных пляцоўках Беларусі, але і на сцэнах Расійскага акадэмічнага драматычнага тэатра ім. Волкава (Яраслаўль), Калінінградскага драматычнага тэатра, Рускага драматычнага тэатра (Вільнюс), Даўгаўпілскага музычнага тэатра і іншых тэатраў Літвы, Латвіі і Расіі. У 2018 годзе сцэны са спектакля былі выкананы на міжнародным фестывалі музыкі тэатра і кіно Juras Perle у Юрмале.
Лібрэта Юлія Кіма па аднайменнай п’есе-казцы Яўгена Шварца. Рэжысёр-пастаноўшчык Анастасія Грыненка. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў. Харэаграфія Дзмітрыя Якубовіча.
У галоўных ролях: Дзмітрый Якубовіч, Ксенія Харашкевіч, Аляксандр Осіпец, Эдуард Вайніловіч, Дзіяна Флеер, Арцём Пінчук, Дзяніс Нямцоў, Святлана Маціеўская.
Пачатак спектакля ў 19:00.
Спектакль ідзе на рускай мове. Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі на спектакль «Звычайны цуд» можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
альбо на сайце kvitki.by.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий