27 САКАВІКА – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ТЭАТРА

Мастацтва вечнае! Асабліва гэта датычыцца служак муз Мельпамены і Таліі, якія сваёй акцёрскай ігрой прыводзілі гледачоў у захапленне яшчэ з часоў антычнасці. Эсхіл, Сафокл і Еўрыпід, Ібсен і Брэхт, Грыбаедаў і Чэхаў, Дунін-Марцінкевіч і Янка Купала – выдатныя сусветныя драматургі, якія зачароўвалі сваімі вытанчанымі сюжэтамі.
Тэатр існаваў ва ўсе часы і ва ўсіх кутках зямлі, але толькі ў 1961 годзе было абвешчана міжнароднае свята, што аб’яднала дзеячаў сцэны ўсяго зямнога шара. Для Беларусі гэты дзень мае асаблівае значэнне, бо наша тэатральная школа вядомая і прызнаная ва ўсім свеце, а спектаклі нашых сцэнічных калектываў збіраюць аншлагі далёка за межамі краіны. Сярод іншых пачэснае месца займае і коласаўскі тэатр, які, нагадаем, меў поспех у Англіі і Шатландыі, Францыі і Італіі, Германіі і Злучаных Штатах Амерыкі, Польшчы і Турцыі. Сёлетняе свята для нас асаблівае, бо неўзабаве мы адзначым наш юбілей – 90-годдзе з дня заснавання. 21 лістапада 1926 года спектаклем «У мінулы час» па п’есе І.Бэна ў Віцебску адкрыўся БДТ-2 (Беларускі дзяржаўны тэатр другі) – будучы Коласаўскі…
Мы віншуем усіх рэжысёраў, акцёраў, усіх іншых шматлікіх адмыслоўцаў, што звязалі сваё жыццё са сцэнай – мастакоў, касцюмераў, асвятляльнікаў, грымёраў, рэквізітараў…І, вядома ж, гледачоў. Бо без вас, самых шчырых прыхільнікаў тэатра, нашых самых верных і адданых сяброў наша свята было б немагчымае. Жадаем усім дзеячам сцэны новых творчых перамог, а гледачам толькі прыемных уражанняў, сапраўдных узрушэнняў ад сустрэч з цудоўным мастацтвам!
Добавить комментарий