27 і 28 красавіка - ЗАКЛЮЧНЫ ЭТАП ГАРАДСКОГА КОНКУРСУ «СЦЭНІЧНЫЯ ЧЫТАННІ «ШКОЛЬНЫ ТЭАТР-29»

24.04.2026
27 і 28 красавіка на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца заключны этап гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр». У 29-ы раз юныя віцебскія артысты-аматары і іх кіраўнікі пакажуць на прафесійнай сцэне лепшыя спектаклі. Сёлета конкурс прысвечаны 100-годдзю заснавання Коласаўскага тэатра.
27 красавіка, пачынаючы з 10:00, журы будзе праглядаць пастаноўкі, якія прайшлі раённыя адборачныя туры. Сёлета адабраныя 8 спектакляў: «Кветка для анёла» І.Сідарука (СШ №8 імя А.М.Іспянкова), «Таямніца старой ратушы» С.Кавалёва (узорны тэатральны калектыў «Тэст» СШ №4), «Кветкі з карцін маіх» па п’есе У.Драздова «Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі» (узорная тэатральная студыя «Дарослыя дзеці» гімназіі №8), «Заблытаныя сцежкі» па п’есе В.Ткачова «Страказа і Мурашык, або Заблытаныя сцежкі» (тэатральны калектыў «ТэГі» гімназіі №7 імя П.Я.Кандраценкі), «Люстэрка душы» - аўтарскі спектакль В.Саўчанка (СШ №17 імя І.Р.Бумагіна), «Memento mori» паводле аднайменнага апавядання Я.Брыля (СШ №42 імя Д.Ф.Райцава), «Брык і Шуся шукаюць лета» Т.Сівец (узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), «Шагал» па п’есе У.Драздова «Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі» (гімназія №2).
Усе спектаклі будуць паказаны на беларускай мове па творах беларускіх аўтараў.
28 красавіка ў 15:30 навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў пакажуць спектакль «Алеся» паводле аднайменнай аповесці А.Купрына. Рэжысёр Кацярына Кацар-Трахіменка. У 16:30 адбудзецца ўрачыстае закрыццё конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-29», падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўзнагарод.
Традыцыйна тэатральны конкурс багаты на ўзнагароды, акрамя прызавых месцаў, сярод школьных тэатращ будуць размеркаваныя дыпломы за лепшыя мужчынская і жаночую ролю, мужчынскую і жаночую ролю другога плана, дэбюты і яскравае выкананне роляў, за лепшую рэжысёрскую работу, работу мастака-пастаноўшчыка і музычнае афармленне, за лепшыя спектаклі для юнацтва, на грамадзянска-патрыятычную тэматыку і дыплом глядацкіх сімпатый.
Паколькі конкурс прысвечаны 100-годдзю заснавання Коласаўскага тэатра, то будзе вызначаны лепшы спектакль па творы беларускага аўтара з рэпертуару тэатра імя Якуба Коласа.
Ацэньваць спектаклі будзе высокае журы: Канстанцін Ганчароў, мастацкі кіраўнік тэатра імя Якуба Коласа, старшыня журы, рэжысёр конкурсу; Вячаслаў Грушоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь; Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня Віцебскай абласной пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў; Юрый Іваноўскі, літаратурны рэдактар тэатра, тэатразнаўца, сакратар журы і куратар конкурсу; Ілля Блыкін, артыст драмы тэатра; Ала Плюскевіч, метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі; Аляксандр Казлоў, выкладчык дзяржаўнага Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў.
Мастак конкурсу - Святлана Макаранка, галоўны мастак тэатра імя Якуба Коласа. Вядучы - Аляксандр Замкоўскі, вядучы рэдактар тэатра імя Якуба Коласа.
Уваход вольны.
Чакаем усіх аматараў тэатральнага мастацтва!



















Добавить комментарий