22 ВЕРАСНЯ – БЕНЕФІС ГЕНАДЗЯ ГАЙДУКА, УЛАДАЛЬНІКА МЕДАЛЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

 

22 верасня (18:00) на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца бенефіс артыста драмы, вядучага майстра сцэны, уладальніка медаля Францыска Скарыны Генадзя Іосіфавіча Гайдука, прымеркаваны да юбілейнай даты – 65-годдзя з дня нараджэння.

У юбілейны вечар Генадзь Іосіфавіч выйдзе ў ролі Станцыйнага наглядчыка ў спектаклі «Дзеці. Вёрсты» па п’есе Арцёма Казюханава паводле творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Пасля спектакля адбудзецца віншаванне юбіляра.

 

Генадзь Гайдук больш за 40 год служыць у Коласаўскім тэатры, дзе стварыў дзясяткі разнапланавых вобразаў, сярод якіх – Адуванчык з «Радавых» А.Дударава, Мурашка з «Мудрамера» М.Матукоўскага, Хлестакоў з «Рэвізора» М.Гогаля, Марк Шагал і Хаім Суцін са спектакляў «Шагал…Шагал…» і «Мадам Боншанс» У.Драздова, Віктар з «Восеньскай санаты» І.Бергмана, Эрык Ларсен з «Загадкавых варыяцый» Э-Э.Шмітта, Благае з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча, Пата Дулі з «Каралевы прыгажосці з Лінэна» М.МакДонаха, Мацей з «Несцеркі» В.Вольскага і многія іншыя.

 

Спектакль «Дзеці. Вёрсты» быў пастаўлены ў 2022 годзе і прысвячаўся 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты перасякаюцца на дарозе жыцця. У віхуры ўспамінаў яны аб’яднаны адным пытаннем: куды жыць? Памяць адкрывае старонкі мінулага – адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Класічныя героі з трылогіі «На ростанях» і п’есы «На дарозе жыцця» разам з гледачамі ідуць дарогамі свайго жыцця, шукаюць, як у кругазвароце дзён захаваць нешматлікія імгненні шчасця.

Выкарыстоўваючы сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі, сённяшнія творцы тэатра па-аўтарску асэнсавалі спадчыну сусветна вядомага айчыннага пісьменніка. Пастаноўка насычана глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычным настроем, яна яшчэ раз паказвае, што жыццё – гэта моцная сумесь трагічных і камічных эпізодаў.

Шчыра запрашаем на юбілей Генадзя Гайдука!

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
у аператара квіткоў
kvitki.by.

 
 

 

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X