21 ЛІСТАПАДА, У ДЗЕНЬ ЗАСНАВАННЯ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА, - ПРЭМ'ЕРА СПЕКТАКЛЯ «АПОШНІЯ»

21 лістапада для ўсіх, хто прысвяціў сваё прафесійнае і творчае жыццё Коласаўскаму тэатру, а таксама для ўсіх яго прыхільнікаў – асаблівы дзень. Бо менавіта 91 год таму спектаклем «У мінулы час» па п’есе Іллі Бэна распачалася наша славутая гісторыя.
35 выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве стварылі творчае ядро будучага калектыву, які напачатку называўся БДТ-2 (Беларускі дзяржаўны тэатр другі). Нашу гісторыю стваралі сапраўдныя карыфеі беларускага сцэнічнага мастацтва – Аляксандр Ільінскі і Цімох Сяргейчык, Павел Малчанаў і Канстанцін Саннікаў, Мікалай Звездачотаў і Анатоль Шэлег, Іосіф Матусевіч і Анатоль Трус, Алена Радзялоўская і Яніна Глебаўская,Фёдар Шмакаў і Зінаіда Канапелька... Сваю адметную старонку ў яе пазней упісалі Уладзімір Куляшоў і Галіна Маркіна, Георгій Дубаў і Яўген Шыпіла, Леанід Трушко і Мікалай Цішачкін, Генадзь Шкуратаў і Людміла Пісарава. Сёння традыцыі, закладзеныя іх выдатнымі папярэднікамі развіваюць і працягваюць як артысты старэйшага пакалення, так і таленавітая, вельмі перспектыўная моладзь.
Мы з гонарам носім пачэснае званне «Нацыянальны», якое прысуджана лепшым творчым тэатральным калектывам рэспублікі, і пацвярджаем яго яскравымі, таленавітымі пастаноўкамі, перамогамі на прэстыжных міжнародных фестывалях.
Хочацца пажадаць нам усім новых здабыткаў на ніве беларускай сцэнічнага мастацтва, поспехаў і прызнання ў гледача, творчай нястомнасці і натхнення!
Віват, тэатр! Віват, коласаўцы!
Коласаўскі тэатр адзначае дзень свайго заснавання прэм’ерай спектакля «Апошнія» - сямейнай драмай па п’есе Максіма Горкага. Рэжысёр-пастаноўшчык - мастацкіі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў. Мастак-пастаноўшчык - Святлана Макаранка.
Прыходзьце ў тэатр і далучайцеся да нашага святкавання!
Добавить комментарий