21 лістапада – ДЗЕНЬ, КАЛІ НАРАДЗІЎСЯ КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР. НАМ – 99 год!

18.11.2025
21 лістапада адзначаем дзень нараджэння Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Нам споўніцца 99 год! І ў сваё свята запрашаем гледачоў, аматараў нашай творчасці 21 лістапада, а 19-й гадзіне, на камедыю «Несцерка» па п'есе Віталя Вольскага.
21 лістапада 1926 года ў Віцебску надарылася вялікая падзея – урачыстае адкрыццё Другога беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-2). Першы на той час ужо працаваў у Мінску.
Да вялікай падзеі ў горадзе рыхтаваліся доўга і сур’ёзна. Быў зроблены капітальны рамонт закуліснай часткі Віцебскага губернскага паказальнага тэатра на Смаленскай плошчы, дзе і павінен быў пачаць работу БДТ-2. На той час у абласным цэнтры існавалі два стацыянарныя прафесійныя тэатры, не лічачы шматлікіх студый, аматарскіх калектываў. Але яны працавалі на рускай мове. Гараджан вельмі цікавіла, што сабой будзе ўяўляць новы творчы калектыў – нацыянальны тэатр. Больш за паўгода да адкрыцця, пачынаючы з сакавіка, абласная газета «Заря Запада» асвятляла падрыхтоўку да будучай падзеі. Гараджанам стала вядома, што ядро будучага тэатра павінны скласці выпускнікі Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, якая мела статус вышэйшай навучальнай установы. Сярод іх былі ў будучым вядомыя артысты – Аляксандр Ільінскі, Павел Малчанаў, Цімох Сяргейчык, Стэфанія Станюта, Алена Радзялоўская. Яніна Глебаўская і многія іншыя. Газетныя старонкі распавядалі і пра рэпертуар тэатра.
І вось 21 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё тэатра. На ім прысутнічалі Янка Купала, усеагульна вядомы народны паэт Беларусі, акадэмік Мікалай Шчакаціхін, дырэктар БДТ-1 (будучага Купалаўскага тэатра), драматург Язэп Дыла, кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра Міхаіл Рафальскі, латышскі паэт Яніс Райніс... У вечар адкрыцця быў паказаны спектакль «У мінулы час» па п’есе беларускага драматурга Іллі Бэна.
Наперадзе тэатр чакала багатая гісторыя. Тэатр неаднойчы мяняў будынкі, пакуль у 1963 годзе не пераехаў туды, дзе працуе зараз, па вуліцы Замкавай.
Мяняліся і назвы. Спачатку – БДТ-2. У 1944 годзе, пасля прысваення імя народнага пісьменніка, стаў называцца Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа. У 1976-м тэатр узнагароджаны ордэнам Чырвонага Працоўнага Сцяга, у 1977-м атрымаў званне «акадэмічны». З 2001 года яму прысвоены статус нацыянальнага. Цяпер ганарова называецца «Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа».
Дарэчы, нам рукой падаць да 100-гадовага юбілею, які будзе святкавацца ў наступным годзе.
У дзень нараджэння свайго тэатра коласаўцы выйдуць на сцэну ў легендарным спектаклі «Несцерка», які знаходзіцца ў рэпертуары з 18 мая 1941 года. Камедыю паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Навум Лойтар. Сцэнаграфію і касцюмы прыдумаў вядомы беларускі мастак Ліпа Кроль. Музыку стварыў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ісак Любан. У 2006 годзе адбылося капітальнае ўзнаўленне спектакля. Над ім працавалі рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі, мастак Пятро Анашчанка. Мастакі па касцюмах адноўленага спектакля Пятро Анашчанка і Ніна Бабровіч. Музычная рэдакцыя Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Мікалай Падаляк.
На працягу вялікага сцэнічнага жыцця гэтай пастаноўкі змяніўся не адзін склад выканаўцаў. На сёння цэнтральныя ролі выконваюць наступныя артысты. У ролі Несцеркі – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Пятро Ламан. У ролі Мальвіны – Раіса Грыбовіч. Шкаляра Самахвальскага выканае Яўген Бераснеў, уладальнік прыза БСТД «Крыштальная зорка». Пан Бараноўскі – Юрась Цвірка, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Маладую пару закаханых выканаюць Ульяна Ацясава (Наста) і Антон Бараноўскі (Юрась). У ролі Суддзі – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, у ролі шляхцюкоў – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка і артыст Аляксей Анісеня. У вобразе Мацея, бацькі Насты, выйдзе Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны.
Далучайцеся да святкавання!
І набывайце квіткі ў касе тэатра!
Рэжым работы касы:
панядзелак-нядзеля – з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.
Даведкі па тэлефоне ў Віцебску (+375 212) 62-63-81.


















Добавить комментарий