12 верасня – АДКРЫЦЦЁ 96-га ТЭАТРАЛЬНАГА СЕЗОНА. НА СЦЭНЕ – «НЕСЦЕРКА»

12 верасня, 18:00, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрывае новы, 96-ы тэатральны сезон. Па даўняй традыцыі – камедыяй «Несцерка» Віталя Вольскага, любімым спектаклем многіх пакаленняў гледачоў.
Прэм’ера адбылася 18 мая 1941 года ў гады эвакуацыі, у расійскім Петразаводску. Паставіў камедыю заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (якую ён атрымаў менавіта за гэты спектакль) Навум Барысавіч Лойтар. З таго часу папулярны сцэнічны твор займае пачэснае месца ў афішы. У 2006 годзе адбылося капітальнае аднаўленне спектакля. Рэжысёрам аднаўлення выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі, мастакамі аднаўлення – Пятро Анашчанка і Ніна Бабровіч. Над музычным афармленнем працаваў Аляксандр Крыштафовіч, харэограф – Мікалай Падаляк. Сёлета спектаклю споўнілася 80 гадоў.
У новым сезоне гледачы пабачаць абноўлены склад выканаўцаў. У ролі Мацея, бацькі Насты, на сцэну ўпершыню выйдзе вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук. Над вобразам шкаляра Самахвальскага зараз працуе малады артыст Аляксандр Казлоў. У вобразе пана Бараноўскага выступіць вядучы майстар сцэны Юрась Цвірка, які раней выконваў ролю Другога шляхцюка. Адпаведна ў гэтага персанажа пераўвасобіцца артыст Уладзіслаў Жураўлёў.
Нагадаем сюжэт вядомай пастаноўкі.
...Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна, прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста Шкаляра. І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана Баранаўскага, перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю, «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.
У ролі Другога Пана на дыспуце на сцэну пасля доўгага перапынку ў гэтым спектаклі выйдзе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько.
У ролі Несцеркі вы зноў убачыце вядучага майстра сцэны Пятра Ламана. Мальвінай будзе вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч, Настай – вядучы майстар сцэны Ульяна Ацясава, Юрасём – вядучы майстар сцэны Арцём Блахін.
Чакаем вас у Коласаўскім тэатры
на спектаклі «Несцерка», прысвечаным адкрыццю 96-га сезона!
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by!


















Добавить комментарий