27 кастрычніка ЗАПРАШАЕМ НА БЕНЕФІС АРТЫСТКІ, ВЯДУЧАГА МАЙСТРА СЦЭНЫ РАІСЫ ГРЫБОВІЧ

25.09.2026
Хто не ведае ў Віцебску Раісу Грыбовіч? Мабыць, цяжка і знайсці такога чалавека.
27 кастрычніка, у 19:00, чакаем гледачоў на бенефісе Раісы Сцяпанаўне, прымеркаваным да яе юбілею. Адбудзецца паказ камедыі «Дамы і гусары» А.Фрэдры і ўрачыстае віншаванне. Вітаць папулярную актрысу будуць яе калегі і сябры.
Квіткі можна набыць анлайн.

Раісу Грыбовіч – не толькі таленавітая актрыса, майстар сцэны, але і вядучая, удзельніца многіх мерапрыемстваў, творчых сустрэч і розных іншых імпрэз. Напрыклад, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і Адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад», розныя народныя гарадскія і абласныя святы. Але найперш яна вядомая як коласаўская актрыса, якая стварыла каля 90 сцэнічных вобразаў. Сярод іх і ярка камедыйныя, як Проня са спектакля «За двума зайцамі» па п’есе М.Старыцкага, Маладзіца з «Жартаў» («Конскі партрэт» Л.Родзевіча), Бабка з «Ветрагонаў» У.Галубка, Глумава з «Мудрацоў» А.Астроўскага, Сястра Фостэр у сапраўдным хіце нашага тэатра «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» Р.Куні, Вівіян Трэчмэн з «Кахання і падаткаў» па п’есе У.В.Зандта і Д.Мілмар, Мярчуткіна са «Смешных людзей» («Юбілей») па А.Чэхаву. І, безумоўна, Мальвіна з «Несцеркі» В.Вольскага. Гэтую ролю актрыса іграе цягам дваццаці гадоў.
Яркая індывідуальнасць Раісы Сцяпанаўны не абмяжоўваецца толькі камедыйным амплуа. Яна па-майстэрску выконвае і драматычныя ролі, што патрабуюць глыбокага ўжывання ў вобраз, падрабязнай, псіхалагічнай распрацоўкі. Сведчаннем гэтаму – Маці Дзімона з «Ліфта» Ю.Чарняўскай (актрыса была адзначана спецыяльным дыпломам на X Маскоўскім міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянский венец»), Бернарда з драмы Ф.Г.Лоркі «Дом Бернарды Альбы». Безумоўным поспехам Раісы Грыбовіч стала роля Кабеты ў спектаклі «Дзеці. Вёрсты» паводле творчасці Якуба Коласа, за якую актрыса ўзнагароджаная Дыплом за лепшую жаночую ролю на Міжнародным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила» у расійскім Навашахцінску.

У камедыі «Дамы і гусары» Раіса Грыбовіч іграе ролю пані Аргановы. Гэта яна, самая старэйшая з сёстраў Маёра, надумала ажаніць яго са сваёй дачкой, гэта значыць, з яго пляменніцай. Ходам дзеі сёстры сустракаюць сапраўдны супраціў з боку гусараў, звыклых з будзённым, а іншым разам і рамантычным, ваенным жыццём.
Шаноўныя гледачы – прыхільнікі творчасці Раісы Грыбовіч!
Прыходзьце 27 кастрычніка (19:00) на камедыю «Дамы і гусары»
і атрымлівайце шмат станоўчых эмоцый!
Квіткі таксама можна набыць у касе тэатра.
Рэжым работы касы:
панядзелак-нядзеля – з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.

















Добавить комментарий