У ВЕРАСНІ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ – ГАСТРОЛІ МАГІЛЁЎСКАГА АБЛАСНОГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА

09.07.2026
25 верасня на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа – гастролі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. Віцебскія гледачы ўбачаць рэтра-камедыю і казку для дзяцей.
Паказ рэтра-камедыі «ВИД НА МОРЕ СО ШКАФА» па п'есе Ганны Слуцкі і Валянціна Горлава «Кахай мяне, як я цябе!» адбудзецца ў 19:00.
Квіткі можна набыць анлайн.

Дзе яшчэ, як не ў тэатры, можна сустрэць пазамінулы Новы год, зразумець, што значыць дараваць сабе, і — хто ведае? — магчыма, наноў палюбіць жыццё…
Гэта гісторыя пра людзей, якія хочуць простага чалавечага шчасця: каб быў дом, а ў ім стол, а на стале абрус – і абавязкова белы. Таму што з ім ужо свята. І каб побач былі любімыя людзі, з якімі цёпла, спакойна і радасна на душы.

Фёдар, які прыняў рашэнне пайсці з жыцця ад няўдалага кахання, перасякаецца з аптэкаркай Ксеніяй, якая не можа знайсці сабе месца на планеце праз створаны ў юнацкасці дрэнны ўчынак. А яшчэ каб засцерагчы ад усяго дрэннага, што ёсць у жыцці, сваю юную дачку. Жыццёвыя акалічнасці складаюцца так, што некалькі дзён гэтыя людзі вымушаны правесці разам. На фоне самага банальнага клопату між імі ўзнікае сімпатыя. Узніклае цяпло ў душы акрыляе – хочацца асаблівых учынкаў, напрыклад, правесці ўлетку сустрэчу пазалеташняга Новага года з Дзедам Марозам і падарункамі. А следам даверлівыя гутаркі пра самае патаемнае. І, здаецца, – вось яно шчасце!

Рэтра-камедыя «Вид на море со шкафа» – сентыментальная гісторыя пра далікатнасць чалавечых лёсаў. Спектакль вытканы з настрояў і персанажаў 70–80-х гадоў, якіх ужо не існуе, вобразаў з савецкіх фільмаў — з эфектам рэтраналёту. У касцюмах – яркі намёк на клаўнаду. Спектакль камедыйны і адначасова крыху сумны. Назіраць за наіўнымі і трохі недарэчнымі героямі, за тым, як яны робяцца роднымі адно аднаму, – неверагоднае задавальненне.

Пастаноўка, сцэнаграфія і музычнае афармленне Міхала Лашыцкага.
У спектаклі занятыя: Мікалай Раманоўскі (Фёдар Шышоў), Галіна Лабанок / Алена Камянкова (Ксенія Строганава), Марыя Касцючэнка / Дар'я Логвін (Воля).
Прэм'ера адбылася 14 мая 2025 года.
Працягласць спектакля – 1 гадзіна 30 хвілін. Узроставае абмежаванне – 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Для дзяцей магілёўцы пакажуць музычную казку «СЧИТАЮ ДО ПЯТИ» Міхала Барценева. Пачатак у 11:00 і 13:00.

У адным цудоўным краі, дзе адвага расце ў добрых справах, жывуць героі, якія павінны прайсці шлях пераадолення страху і адкрыць для сябе чароўную сілу клопату.
«Считаю до пяти» — гэта павучальная казка пра сапраўднае сяброўства і пра тое, як важна ўмець супрацьстаяць страху. Кожны можа стаць моцным і адважным не толькі ў казцы, але і ў жыцці! У чым лёгка і весела здольныя пераканаць героі гэтай займальнай гісторыі…

Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец. Мастак-пастаноўшчык Генадзь Кутовіч. Кампазітар Ігар Бычкоў. Балетмайстар Вікторыя Шатава.
У спектаклі заняты: Вольга Мацюшка / Ілона Ганчарова / Ганна Шмат / Дар'я Логвін (Вавёрачка), Аляксандр Ільінскі / Вадзім Арціменя (Заяц), Алена Камянкова / Вольга Мацюшка / Ілона Ганчарова (Сарока), Уладзіслаў Страхаў / Антон Кукета / Аляксандр Мацюшка (Крот), Данііл Самкнулаў / Аляксей Цыбін / Васіль Галец (Жаба), Аляксандр Зянькоў / Аляксандр Мацюшка / Дзмітрый Дудкевіч (Воўк).
Прэм'ера адбылася 6 ліпеня 2025 года. Працягласць спектакля – 45 хвілін. Узроставае абмежаванне – 0+.
Чакаем віцябчан і гасцей горада
на спектаклях Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра!
Квіткі таксама можна набыць у касе тэатра.
Тэлефон (+375 212) 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля – з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.


















Добавить комментарий