ЯКУБ КОЛАС і КОЛАСАЎЦЫ

3 лістапада 2022 года ўся культурная грамадскасць Беларусі, усе аматары роднага слова адзначаюць 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, выдатнага грамадскага дзеяча, акадэміка Акадэміі навук БССР, заслужанага дзеяча навукі БССР Якуба Коласа. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр, які з 1944 года носіць імя народнага песняра, робіць свой унёсак у святкаванне гэтай даты. Рыхтуецца спектакль «Дзеці. Вёрсты» паводле драматычнай паэмы «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях». Прэм’ера адбудзецца 20 лістапада (18:00) і 22 лістапада (19:00). Аўтар п’есы Арцём Казюханаў. Рэжысёр-пастаноўшчык Інэс Амамі. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Кампазітар – лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Салдацікаў. Харэограф Сяргей Талкач. Пераклад на беларускую мову Пятра Ламана. Квіткі - на сайте kvitki.by.
Але гэта адбудзецца пазней. А пакуль мы нагадаем пра ранейшыя звароты Коласаўскага тэатра да творчасці і асобы народнага песняра. Усяго іх было восем.
ПЕРШЫ ЗВАРОТ – «ВАЙНА ВАЙНЕ»
Першы варыянт у Якуба Коласа называўся «Вайна да пераможнага канца» (1927). Другі – «Вайна вайне» (1936) Пра п'есу прасіў Якуба Коласа яшчэ рэжысёр М.Міцкевіч (на той час мастацкі кіраўнік тэатра), першы варыянт «Вайна да пераможнага канца» быў пададзены ў тэатр у 1931 годзе і складаўся з пяці актаў. Потым пачалася праца з тэатрам. У канчатковым выніку засталося чатыры акты і з'явілася новая назва – «Вайна вайне».
У аснове твора, па заўвагах Якуба Коласа, было ператварэнне імперыялістычнай у грамадзянскую вайну. Рэжысёр спектакля Віктар Дарвішаў шчыра пісаў пасля прэм'еры: «Якуб Колас гады чатыры таму назад напісаў шэраг знакавых і насычаных сцэн, аб’ёмам на цэлую п’есу. Алі ні ён, ні нашы тэатры не браліся за рэалізацыю гэтага твора на сцэне. Якуб Колас па сваёй сціпласці вялікага таленту сапраўднага мастака не падштурхоўваў сам свайго твора на сцэну, а кіраўнікі нашых тэатраў чамусьці не зацікавіліся ў гэтых першапачатковых сцэнах зернямі здаровага рэалістычнага вялікага твора, якія аўтарам маглі быць завостраны сцэнічна і ўкамплектаваны ў дзейсную п’есу». Пазней ў газеце «Віцебскі пралетарый» ён дадаў наступнае: «Поспех спектакля растлумачваецца перадусім якасцямі п'есы, яе жывымі рэалістычнымі вобразамі – не вымучанымі і прыдуманымі, а шчырымі і простымі. Мяне як рэжысёра адразу пачала грэць і прыцягваць выразнасць і строгая прастата твора Якуба Коласа».
У спектаклі скарыстаны кінематаграфічны прыём: панарама, першы, другі, трэці планы, дэталь, і толькі потым – персанажы і дзеянне. «...Глухая беларуская вёска. Убогія сялянскія двары з напаўразваленымі хатамі. Бруд, галеча. Раптам цішыню вясковай вуліцы парушаюць трывожныя гукі званоў. Збягаюцца ўстрывожаныя сяляне. Земскі начальнік Будан-Рыльскі напышліва і важна зачытвае «Найвысокі наказ пра мабілізацыю». За ім «у імя бога, цара і Бацькаўшчыны» заклікае на воінскія подзвігі. «Будзьце ж цвёрдыя, спадзявайцеся на міласць божую...» – гугнявіць ён сіпатым голасам. Побач крычыць спраўнік. Вышуквае падазроных і бунтаўшчыкоў ураднік Шышла. Натоўп віруе, кінуўшыся на зямлю і распластаўшы худыя рукі, галосіць шматдзетная маці. Заглушаючы стогі і слёзы, раздаваліся вяселыя, зухаватыя гукі гармоніка. Сяляне, што ішлі на фронт, песняй і танцамі хацелі схаваць сваё гара, у гарэлцы патапіць крыўду і боль....». Рэалістычна сыграная сцэна задавала драматычнае гучанне наступнаму дзеянню і вызначала яго ўспрыманне гледачамі.
Агульны настрой ствараўся сцэнаграфічнай выявай і масоўкай. Жывое жыццё ўзнікала дзякуючы эпізодам прыватных лёсаў. З аднолькавай сілай гучалі ў спектаклі героіка і лірызм коласаўскай п’есы. Добра данёс тэатр і багацце мовы, перасыпанай жартамі і прымаўкамі, прасякнутай тонкай народнай іроніяй. У пастаноўцы ўдзельнічаў моцны акцёрскі ансамбль: Ц.Сяргейчык (дзед Мікіта), Л.Мазалеўская (Караліна), А.Ільінскі (бядняк Дзям’ян), П.Малчанаў (ураднік Шышла), П.Іваноў (Патап Думака), Т.Бандарчык (бабка Насця) і іншыя.
М.Звездачотаву важна было паказаць, як яго герой сельскі настаўнік Алесь прыходзіў да бальшавікоў. Алесь быў стрыманым, нетаропкім, удумлівым. Лірычныя рысы, якімі М.Звездачотаў надзяліў яго, зрабілі яго прывабным і паўнакроўным.
Для М.Бялінскай роля Марыны з’явілася першай значнай работай, якая з найбольшай паўнатой выявіла яе творчую своеасаблівасць і магчымасці лірыка-драматычнай гераіні. У яе выканані гэта была маладая беларуская жанчына, з пачуццём уласнай годнасці, строгая і патрабавальная.
Многімі характэрнымі рысамі беларускага народа надзяліў Ц.Сяргейчык вобраз дзеда Мікіты, які нагадваў яму роднага дзеда.
А.Ільінскі выяўляў багатую сутнасць простага чалавека, паказваў рост яго класавай самасвядомасці. Стыхійны пратэст вясковага батрака Дзямені ў працэсе суровай барацьбы пераходзіў у свядомае разуменне падзей. Востры розум, дасціпны гумар выдзялялі Дзяменю сярод аднавяскоўцаў.
У працы над роляй Шышлы П.Малчанаў выкарыстаў багатыя сатырычныя фарбы. Ён стварыў вобраз тыпізаваны і канкрэтны. У Шышле ўвасоблены рысы прыслужніка царызму.
Спектакль быў густа населенымі, у ім было занята 50 выканаўцаў, што дазваляе казаць пра яго аркестравы пачатак. Рэжысёр арыентаваў акцёраў на стварэнне сацыяльных тыпаў. Твор даваў адчуванне арыгінальнасці і свежасці, аптымізму. Каларытны, масавы, ён валодаў унутраным дынамізмам і хуткасцю дзеяння. У спектаклі не было сюжэтнага цэнтра, адной лініі падзей. І каханне, і іншыя пачуцці персанажаў дадзены толькі намёкамі. Галоўная канцэпцыя – народ і вайна.
Віцебскае радыё транслявала рэпетыцыю спектакля 11 студзеня 1937 года. Пачаліся разнастайныя дыспуты, абмеркаванні пастаноўкі. Тэатр апынуўся ў цэнтры ўвагі ў горадзе і вобласці.
Пасля прэм’еры народны паэт усхвалявана адзначыў: «Я ніколі не адчуваў такога творчага ўздыму, перачытваючы свае творы, як зараз, калі адзін з іх убачыў і пачуў са сцэны».
У далейшым актыўныя стасункі тэатра з песняром перапыніліся. Ён спасылаўся на сваю занятасць і пісаў пра тое, што не лічыць сябе драматургам: «Я больш паэт і празаік».
У ЦЭНТРЫ – ДЗЕД ТАЛАШ
Другі раз тэатр звярнуўся да творчасці Якуба Коласа напрыканцы таго ж 1937 года. У лістападзе адбылася прэм'ера спектакля «У пушчах Палесся» па матывах аповесці «Дрыгва» Рэжысёр В.Дарвішаў. Мастак А.Басулаеў. Кампазітар М.Красеў. Спектакль быў прысвечаны 20-годдзю Кастрычніка і натуральна працягваў тэму народа, так удала адлюстраваную ў папярэднім спектаклі па п’есе Якуба Коласа. П’еса «У пушчах Палесся» апавядае аб прыходзе на беларускае Палессе польскіх акупантаў, пра сацыяльныя супярэчнасці, што ўзнікаюць у сувязі з гэтым у вёсцы, пра сумесную барацьбу партызан і Чырвонай Арміі супраць белапалякаў. Сюжэтнай асновай п’есы з’яўляецца гісторыя дзеда Талаша, які стаў партызанам, стварыў атрад і вёў актыўную барацьбу з ворагам. П’еса вызначаецца народнай мудрасцю, жывымі, яркімі вобразамі персанажаў, каларытнай мовай.
Сваім галоўным заданнем рэжысёр лічыў новае асэнсаванне вобразу народа-барацьбіта. У дадзенай пастаноўцы ёсць цэнтральны персанаж і вылучана лінія яго эвалюцыі. Дзед Талаш у выкананні Аляксандра Ільінскага стаў пераканаўчым довадам складанага ўмення акцёра спалучаць у стварэнні характару камедыйныя і глыбока драматычныя рысы. Па дакладнай заўвазе тэатразнаўцы У.Няфёда, персанаж з'яўляецца асноўнай фігурай дзеяння не толькі таму, што да яго сходзяцца ўсе сюжэтныя фрагменты, «але і таму, што А.Ільінскі стварыў такі вобраз, які не пакідаў абыякавым нікога, хто яго бачыў. У гэтай ролі ўпершыню так ярка і поўна выявілася ўменне акцёра раскрываць народныя характары. Талаш Ільінскага – камлюкаваты, нетаропкі селянін, слоў на вецер ён не кідае, гаворыць абдумана. Да добрых людзей ставіцца шчыра. Але калі адчуе нядобрае – тады не чакай дабра і ад яго: тут вось Талаш дасць волю свайму тэмпераменту. Якуб Колас быў глыбока задаволены ігрой Ільінскага».
Акцёры ў гэтым спектаклі стварылі галерэю цікавых вобразаў. Просты і жыццярадасны вобраз вясёлага партызана Дарвідошкі увасобіў П.Малчанаў. Скарыстаўшы невялікі тэкст ролі, акцёр іграў беларускага парабка, які вырас у партызанскім атрадзе ў чалавека, што разумее мэты і задачы змагання народа. Каларытны, запамінальны вобраз сельскага злачынца – правакатара Мільгуна стварыў акцёр Ц.Сяргейчык. Ён раскрыў характар гэтага здрадніка, без гратэску і шаржа, у строгім рэалістычным плане. Мужны вобраз сябра Талаша Марціна Рыля стварыў артыст С.Скальскі.
Панарамныя дэкарацыі паказвалі магутныя карціны прыроды, асабліва гэта датычылася выявы самой пушчы. Амаль усе асноўныя эпізоды п'есы разгортваліся на фоне палескага краявіду, які вельмі ўдала стварыў скупымі сродкамі мастак. «Магутныя стагадовыя дубы, стройныя хвоі палескіх лясоў падкрэслілі героіку людзей, якія ваявалі ў гэтых лясах за шчасце народа», – пісалася ў рэцэнзіі на спектакль.
Пасля дыспутаў пра папярэднюю пастаноўку «Вайна вайне» тэатр пайшоў іншым шляхам, сталі практыкаваць папярэднія грамадскія чыткі: калектыў паказваў фрагменты, акцёры казалі пра свае ролі, а потым абмяркоўвалі іх з гледачамі. Гэта – адмысловы канцэрт-абмеркаванне, што пад канец 1990-х гадоў стаў у беларускім тэатры звацца «сцэнічнымі чытаннямі». Цяпер рэжысёр В.Дарвішаў, улічваючы пафас абмеркаванняў, быў змушаны ўвесці вобразы бальшавікоў-падпольшчыкаў, каб абавязкова выявілася роля партыі ў вызваленчым змаганні беларускага сялянства. Але гэта аказалася, натуральна, найболей бляклым месцам у вобразнай сістэме спектакля. Нездарма потым казалі, што некаторыя вобразы вельмі штучныя і зусім няўдалыя.
«НАВАЛЬНІЦА БУДЗЕ»
Драма ў 3-х дзеях з пралогам і эпілогам атрымала на Коласаўскай сцэне назву «Навальніца будзе». Аўтар – вядомы беларускі паэт Алесь Звонак – напісаў яе па матывах рамана Якуба Коласа «На ростанях». Прэм’ера адбылася ў снежні 1958 года. Увасобіў спектакль на той час галоўны рэжысёр Юрый Шчарбакоў. Мастак Яўген Нікалаеў. Кампазітар Леанід Маркевіч.
Ва ўспамінах пра спектакль і ў рэцэнзіях асабліва дэталёва апісваецца Пралог. Менавіта тут быў зададзены тон усёй пастаноўкі, што адкрывае новую эстэтыку тэатра, якая сімвалізавала адыход ад бытавізму і ўжо сцвярджала падкрэсленую тэатральнасць і ўмоўнасць пастановачнага прыёму. Так, велізарны, ва ўсю ар’ерсцэну маляўнічы заднік з велізарнымі выявамі сялян з косамі, віламі, дубцамі, што нібы насоўваюцца на глядзельную залу, узаемадзейнічаў з рэальнымі сялянамі на планшэце сцэны. «Людзі пададзены ў руху, у паходзе. А на сцэне – такі ж людскі натоўп, ён зліваецца з паказаным на пано. Уся яго маса ў адзіным парыве імкнецца наперад. Хтосьці з сялян гучна, заклікальна чытае верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Народ становіцца жывой ілюстрацыяй гімна паэта. Гучыць хор. Цяпер уся маса ўпэўнена і грозна заяўляе пра сябе. У небе ўспыхвае водбліск маланкі. Не інакш як хутка будзе навальніца».
Захоўваючы галоўную сюжэтную лінію асноўнага персанажа, пастаноўшчыкі, як мы бачым з апісання Пралога, выводзяць спектакль на больш высокі ўзровень сэнсавага абагульнення. Пралог як эпіграф задае спосаб разумення твора і наладжвае на патэтычную эмацыйную хвалю.
Калі ў коласаўскай трылогіі падзеі пераасэнсоўваюцца Лабановічам, даюцца праз прызму яго ўнутранага свету, то ў шчарбакоўскай пастаноўцы Лабановіч (заслужаны артыст БССР М.Федароўскі) аказваецца персанажам функцынальным, бо галоўны сэнс спектакля сканцэнтраваны ў народнай масе, у тым самым натоўпе сялян, які заяўлены ў Пралогу. Яе рух і разрастанне яе патэнцыялу робіцца асноўнай лініяй сцэнічнага твора. Калі ў Якуба Коласа найболей моцным выразным літаратурным сродкам уяўляюцца ўнутраныя маналогі Лабановіча, то ў тэатры на тры акты зрабіць іх моцным сродкам немагчыма. Сапраўды, акцёр М.Федароўскі рабіўся вядучым, уступаў у спецыфічны дыялог з гледачом і распавядаў ад аўтара пра падзеі. І мы зараз жа будзем назіраць ілюстрацыю яго аповеда. Калі б не Пралог, так бы і адбывалася. Бо асноўным спосабам перадачы сюжэтнай лініі з'яўляецца кліпавая структура з найбольш важных сюжэтных фрагментаў, сшытых апавядальнікам.
Важнае месца ў спектаклі займаў вобраз маладога селяніна Аксёна Каля. Акцёр Ф.Шмакаў увасабляў у ім вялікую затоеную сілу, якая чакае свайго хуткага выйсця. Непісьменны, але разумны і кемлівы, Аксён Каль інтуітыўна цягнецца да ведаў. Дружба Лабановіча з Аксёнам узаемна ўзбагачае кожнага з іх.
Сапраўды народныя, маляўнічыя вобразы сялян насялялі спектакль. Сярод іх дзед Піліп (Ц.Сяргейчык), бабка Мар’я (А.Лагоўская), Акуля (З.Канапелька), Ёсіп (І.Матусевіч), Аўдоля (М.Маркоўская).
Сярод адмоўных персанажаў найбольш выразным быў Дзяк у выкананні Аляксандра Ільінскага. Цынік і п’яніца, аматар пашпіёніць за настаўнікамі і данесці на іх начальству, ён, між іншым, не мог нават як мае быць растлумачыць школьнікам элементарную біблейскую легенду пра стварэнне сусвету, пра выгнанне Адама і Евы з раю, чым і выклікаў у дзяцей здзеклівы смех.
Спектакль стаў першай спробай Коласаўскага тэатра прабіцца ў сцэнічнае метафарычнае мысленне, усвядоміць магчымасці яркай сцэнічнай формы і сілу тэатральнага абагульнення.
ДВА «СЫМОНЫ» НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ
Першы зварот да паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» адбыўся ў 1976 годзе. 21 лістапада тэатр прымеркаваў прэм’еру да свайго 50-годдзя і паказаў яе напрыканцы ўрачыстага вечара. Спектакль вылучаўся вобразна-паэтычнай метафарычнасцю, узнёсласцю, распрацаванымі пластычнымі сцэнамі, выразнай музычнай партытурай Сяргея Картэса, пераканаўчымі акцёрскімі работамі Сяргея Шульгі (пазней роля Сымона пяройдзе да Міхася Краснабаева), Яўгена Шыпілы (дзед Курыла), Тадэвуша Кокштыса (Жабрак), Таццяны Мархель (Маці), Таццяны Ліхачовай (Ганна). Пастаноўка Валерыя Мазынскага, рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля, была адзначаная прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.
З самага пачатку мастак А.Салаўёў уводзіў гледача ў рамантычны свет коласаўскай паэзіі. Сцэнічную прастору замыкаў жывапісны заднік. На ім зіхацяць, пераліваюцца розныя колеры, ствараючы размытыя фантастычныя малюнкі, якія асацыююцца з таямнічым гушчаром лесу, з дзівосным квітнеючым лугам, з ярка ззяючай вясёлкай. У цэнтры – сонечны дыск, які то мігціць радасна і святочна, то агортваецца чорнымі фарбамі, то патанае ў трывожнай крывавай чырвані.
Спектакль пачынаўся алегорыяй. На сцэне пагорак, які прытуліўся недзе паміж вёскамі. На ім велічна, нерухома стаіць жанчына. З-за вяршыні пагорка павольна крочаць два сейбіты, раскідваючы на полі зерне. Сялянка ўзнімае кола – сімвал чалавечага лёсу. Схаміянуўшыся ад цяжару непасільнай ношы, яна пачынае натужна, голасна спяваць. Вакол яе завіхаюцца павітухі. Узняўшы ўгору палатняныя ручнікі, яны засланяюць жанчыну. Гучыць беларуская народная песня «Жніво».
У багатым на алегорыі, сцэнічныя метафары спектаклі апавядалася пра лёс таленавітага хлопчыка-музыкі Сымона, пра пакутлівыя пошукі ім свайго месца ў жыцці. Але ён успрымаецца не як канкрэтны чалавек, а як абагульнены вобраз народнага мастака. Сымон жыве ў зачараваным свеце музыкі, якая гучыць для яго ў шапаценні кветак і траў, у крыках пералётных птушак. Талент юнака патрабуе выйсця ў неўсвядомленым імкненні да свабоды. Але пакуль што свабода ўяўляецца яму нечым вельмі абстрактным. Людзі не разумеюць яго, нават бацькі лічаць яго дзіўнаватым. І хлопчык замыкаецца ў адзіноце, раскрываючы душу толькі перад дзедам Курылам. Стары пастух у выкананні Яўгена Шыпілы – увасабленне розуму і мудрасці беларускага народа. Нават мова яго, напеўная, меладычная, гучыць як вершаванае апавяданне казачніка. Духоўная блізкасць Сымона са старым пастухом – гэта сувязь мастака з народнымі каранямі, народнай глебай.
Антыпод дзеда Курылы ў спектаклі – Жабрак (Т.Кокштыс). Акцёр стварыў вельмі яскравы характар. Яго Жабрак – натура артыстычная, таленавітая, але разбэшчаная і сапсаваная. Блазан і скамарох, герой Кокштыса размяняў свой талент на дробязі, стаў прыстасаванцам. Разумеючы, якую карысць можна атрымаць ад хлопчыка-музыкі, Жабрак пачынае марыць пра тое, як яны заваююць цэлы свет. Апантаны ідэямі ўзбагачэння, ён хапае скрыпку і ўскідвае смычок. Але скрыпка маўчыць.
Фінальная сцэна. Павольна крочыць Сымон. Побач з ім маўкліва ідуць людзі. Пад іх нагамі квітнее зямля. Сцэну залівае празрыста-блакітнае святло. Сымон ускідвае скрыпку. А людзі ідуць і ідуць у спакойным маўчанні.
Найбольш умоўна-абагульненую трактоўку набыла Ганна. У выкананні Т.Ліхачовай гэта сімвал любві і прыгажосці. Яна нейкая незямная, ірэальная. Невыпадкова на працягу ўсёй дзеі Ганна паўстае перад Сымонам як мара аб шчасці. Цяжка вызначыць, існуе яна ў сапраўднасці ці толькі ва ўяўленні хлопца.
В.Мазынскі стварыў маштабнае палатно, дзе не было бытавой канкрэтызацыі, дзе амаль усе вобразы ўзняты да сімвалаў.
Другі раз да паэмы звярнуўся Міхась Краснабаеў праз 42 гады пасля прэм’еры першай пастаноўкі. Подступам да новай работы можна лічыць літаратурна-музычную кампазіцыю «Ад казак вечароў, ад песень дудароў…», пастаўленую Краснабаевым яшчэ ў 2012 г. на камернай сцэне і прысвечаную 130-годдзю Якуба Коласа.
Міхася Краснабаева асабліва натхніла і з’явілася штуршком да нараджэння задумы новага «Сымона-музыкі» першая рэдакцыя паэмы, створаная Якубам Коласам у 1918 годзе. Адгэтуль спектакль набыў не толькі моцны філасофскі змест, але і трагічную афарбоўку, асабліва ёй уласцівую ў параўнанні з больш познімі варыянтамі паэмы. Рэжысёр адчуў перазоў пачатку XX стагоддзя з нашым прагматычным часам. Здаецца, рэжысёра хвалюе не толькі лёс мастака, які змагаецца за сваё права быць вольным і незалежным там, дзе правяць баль грошы і ўлада, але і будучае беларусаў як нацыі. Адсюль праз увесь спектакль праходзіць трагічны вобраз Ганны (артысткі А.Рэўчанка-Лук’янава, П.Крашэўская), не толькі як каханай Сымона, але і як знявечанай, здратаванай Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, духоўных каранёў, нацыянальнай самасвядомасці.
На пачатку дзеі сучасная моладзь, якая выраклася сваёй мовы, сваіх каранёў, віхляецца ў нейкіх шалёных танцавальных рухах. І раптам на экране з’яўляюцца аўтографы рукапісу паэмы, жывыя коласаўскія радкі. І тыя ж радкі, але занатаваныя на аркушах паперы, ужо ляцяць аднекуль зверху, запаўняючы ўсю сцэну. Адбываецца нейкае містычнае пераўтварэнне, пэўны цуд, калі Стары (народны артыст Беларусі Т.Кокштыс) выхоплівае з натоўпу постаць маладога сучаснага юнака (Д.Каваленка) і дае яму чытаць коласавы вершы. Яго апранаюць у беларускі строй, і ён ператвараецца, прынамсі, прымярае на сябе вобраз Сымона-музыкі, які атрымаў ад Бога асаблівы талент і надзвычайнае разуменне свету. Стары быццам вядзе хлопца па дарозе жыцця, дае моцы ў выпрабаваннях лёсу, далучае яго да сапраўднай духоўнасці. У той жа час і іншых маладых людзей апранаюць у беларускія строі, і яны таксама праходзяць праз усю паэму, будзь то сцэны ў вёсцы, або ў карчме, альбо ў палацы.
«НА ДАРОЗЕ ЖЫЦЦЯ». ТОЛЬКІ ЭСКІЗНЫЯ НАКІДЫ
У сезоне 1982-1983 гадоў на сцэне Коласаўскага тэатра быў паказаны спектакль «На дарозе жыцця» як драматычная паэма, якая мела яшчэ адзін падзагаловак «Два колы». Аўтарамі інсцэніроўкі былі У.Ганчароў і В.Мазынскі. Рэжысёр В.Мазынскі. Сцэнаграфія А.Салаўёва. Музыка С.Картэса. Харэаграфія М.Красоўскага. Першае кола складалася з твораў Якуба Коласа і фрагментаў паэмы «Новая зямля». Другое кола – фрагменты з «Сымона-музыкі» з акцэнтам на лёсе Ганны. Спектакль быў паказаны на юбілейным вечары і ўяўляў сабою драматычны абразок – структуру з вершаў Якуба Коласа і фрагментаў з дзвюх яго паэм.
Вобраз Пясняра ў Коласаўскім тэатры паўстаў менавіта ў гэтай пастаноўцы. Спектакль-кампазіцыя пачыналася песняй, потым з'яўлялася маці-Беларусь. Алегарычныя персанажы – старыя, дзеці, бяздомныя Падарожныя (менавіта з твора Якуба Коласа «На дарозе жыцця») – сталі сцэнічным адлюстраваннем філасофскіх роздумаў паэта пра жыццё, пра быццё само па сабе. «Нібыта само жыццё прыйшло на сцэнічную пляцоўку, жыццё горкае і цяжкае. «Любоў да людзей, да зямлі, да матухны-Беларусі, – тэма непадуладная часу і вечна патрэбная ў духоўным станаўленні чалавека», – пісаў крытык А.Сабалеўскі. Праўда, лёс у сцэнічнага твора аказаўся нядоўгім. Нягледзячы на сцэнічную паэтычнасць «Сымона-музыкі» і, здавалася б, узніклую ў гледача звычку ўспрымаць дзеянне, якое выбудавана не па законах бытаво-псіхалагічнага тэатра, дадзеная кампазіцыя не была прынята з ранейшай прыяззю.
«ЗЯМЛЯ» ВІТАЛЯ БАРКОЎСКАГА –
ГЛЫБОКАЕ СПАСЦІЖЭННЕ «КОСМАСУ» ЯКУБА КОЛАСА
Спектакль «Зямля» (сны памяці паводле творчасці Якуба Коласа) – свайго роду эстэтычны, рэжысёрскі маніфест, узор, прыклад спавядальнай, аўтарскай рэжысуры Віталя Баркоўскага. Чалавек у часе і прасторы – так можна было б вызначыць сюжэтна-тэматычны пласт гэтай пастаноўкі. У дадзеным выпадку мы маем справу не з традыцыйнай інсцэніроўкай паводле паэмы «Новая зямля» (а такія мы ведаем у сучасным беларускім тэатры) і не з біяграфічным творам, які распавядае аб драматычным лёсе народнага паэта.
У цэнтры гэтай пастаноўкі менавіта Песняр. Ён з’яўляўся ў трох іпастасях – Пясняр 1-ы, чалавек сталага веку, ён знешне нагадвае Якуба Коласа ў пажылым узросце – Р.Шацько, пясняр 2-гі – юнак – артыст А.Качан і пясняр 3-ці –хлопчык – Г.Цвяткоў. Мы бачылі шматслойны філасофскі, метафізічны твор, што распавядае пра розныя перыяды чалавечага жыцця – дзяцінства, юнацтва, старасць. Герой спектакля быццам аналізуе, разважае, спрабуе ацаніць пройдзены шлях, зрабіць пэўныя высновы напрыканцы свайго зямнога існавання. «Я пражыў не сваё жыццё», – гэтыя словы Якуба Коласа, што прачытаў аўтар пастаноўкі ў адным з дзённікаў Песняра, сталі для яго адпраўной кропкай для стварэння спектакля.
«Зямля» ў спектаклі – гэта шматслойная метафара, нават сімвал, які ўвасабляе тую мяжу, якая звязвае дзве прасторы – існасць і небыццё, адкуль герой чуе галасы сваіх нябачных продкаў, якія клічуць да сябе. Артысты, што былі занятыя ў масавых сцэнах (у спектаклі была задзейнічана насамрэч уся коласаўская трупа) увасаблялі і просты сялянскі люд – тое асяроддзе, з якога выйшаў сам Колас, і цэлы род, які генетычна звязаны з сучасным чалавекам праз многія і многія стагоддзі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх народных абрадах і рытуалах – Гуканне вясны, Вялікдзень, Купалле… Планшэт сцэны пазначаны як пустое поле, якое «прарастае» людзьмі, робіцца прасторай сэнсаў быцця нацыі і яе Песняра. Генеалагічнае дрэва нацыі – адзіная дэкарацыйная дэталь, якую дазваляюць сабе мастак В.Матросаў і рэжысёр В.Баркоўскі на адкрытай сцэне: вертыкальна апускаюцца ствалы з-пад каласнікоў, і маса стварае гэта самае дрэва, спрабуючы праз яго пазнаць сябе.
Спектакль «Зямля» выбудаваны як струмень свядомасці сялянскага роду. Пясняр (Рыгор Шацько) пачынае спектакль. Яго герой ідзе насустрач сабе самому, у пошуках сэнсу сябе самога, у пошуках сэнсу пражытага, ідзе на споведзь і нясе сваю душу як агонь. У сюжэтным плане (хоць сюжэт у чыстым выглядзе ў спектаклі адсутнічае, структура яго іншая) аўтар п’есы і рэжысёр у адной асобе выкарыстоўвае той факт, што пад час зняволення Якуба Коласа ў турме за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў, яго збіраліся забіць крымінальнікі. Гэта дае падставу аўтарам спектакля ўвесці вобразы Дзеда-Пахана (Ф.Шмакаў), Дарадцы (В.Дашкевіч) і Памагатых (Ю.Цвірка і Г.Лойка). Пахан у камеры і злачынец абарочваецца настаўнікам і абаронцам героя, які адкрывае ступень таленту Пясняра і выводзіць яго на новы ўзровень усведамлення свету. У момант, калі сукамернікі рыхтуюць забойства героя, Дзед засланяе яго, замяняе яго сабой.
Асабліва эмацыйна ўражваў фінал спектакля Баркоўскага. Да Песняра набліжаюцца цені людзей, адусюль гучаць галасы, якія ці то прамаўляюць, ці то папракаюць, ці то вінавацяць: «Ты мяне не чуеш…Чаму ты мяне не чуеш». Сярод іх Маці, Бабуля Песняра, яго родныя і блізкія, аднавяскоўцы – Беларусы. І гучыць голас старой жанчыны, якая спявае беларускую песню (аўтэнтычны запіс). І ў гэты час у Нямой (народная артыстка Беларусі С.Акружная) раптам нараджаюцца словы: «Ма-ма…ма-ма…» І гучаць поўныя смутку словы Песняра:
«I бацьку скора сын забудзе
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе.
I такая
Ўсiм бедным доля выпадае:
Прайсцi свой круг, прамарнавацца
I невядомымi астацца».
Спектакль «Зямля» – гэта адна з мастацкіх вяршынь не толькі ў творчасці самога рэжысёра В.Баркоўскага, але і наогул Коласаўскага тэатра ў цэлым.
Акрамя спектакляў коласаўцы неаднойчы здымаліся і ў кіна- тэлестужках па творах народнага песняра. У 1982 годзе ў відэафільме «Новая зямля» (рэжысёр В.Траццякоў) ролю Антося выконваў народны артыст Беларусі Я.Шыпіла, а ролю Ганны – народная артыстка Беларусі Т.Мархель. А ў тэлефільме «Малады дубок» (1980) па ранніх апавяданнях Якуба Коласа (рэжысёр У.Колас) здымаліся заслужаныя артысты БССР Б.Сяўко і В.Петрачкова. У 2011 годзе рэжысёр С.Шульга (той самы, што іграў Сымона ў першай пастаноўцы коласаўцаў) зняў 4-серыйны тэлесерыял «Талаш» па аповесці «Дрыгва». У адной з роляў (пана Хлапніцкага) выступіў народны артыст Беларусі Т.Кокштыс. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Г.Лойка сыграў самога Песняра ў фільме «Купала» (2020).
Коласаўцы шчыльна супрацоўнічаюць з Дома-музеем Якуба Коласа і заўсёды шчыра выступаюць у пакоях, дзе жыў і ствараў вялікі беларускі Творца.
Юрый Іваноўскі.
Добавить комментарий