НА РАДЗІМЕ ВЯДОМАГА КОЛАСАЎЦА
11 кастрычніка ў Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Тараса Хадкевіча адбыўся вечар-успамін «Чалавек. Асоба. Творца», прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Яўгена Патафеевіча Шыпілы. Сабраліся землякі выдатнага коласаўца, яго аднавяскоўцы, якія асабіста ведалі і добра памятаюць яго, работнікі культуры, старшакласнікі школ Верхнядзвінска.
На вечары прагучалі запісаныя ўспаміны роднай сястры выдатнага сына верхнядзвінскай зямлі Галіны Патафееўны Зінько, яго стрыечнай сястры Ірыны Цітаўны Лунь, а ўжывую выступілі стрыечная пляменніца артыста Вера Яфімаўна Антановіч і яе муж Васіль Сцяпанавіч, яго аднавясковец Аляксандр Іванавіч Мядзюта, культработнік Тамара Фёдараўна Кецкіна. У 60-я гады Тамара Фёдараўна была рэжысёрам агітбрыгады Верхнядзвінскага раённага Дома культуры, у якой актыўна выступаў юнак Яўген Шыпіла. Прысутныя на вечары даведаліся, якім быў будучы знакаміты артыст у дзяцінстве, юнацтве. У гады вайны карнікі фактычна знішчылі вёску Відокі, дзе ён нарадзіўся, і маці разам з дзецьмі давялося хавацца па лясах (маленькага Жэню цудам удалося ўратаваць). Пазней бацька артыста адбудаваў зруйнаваную сялібу. Яўген Патафеевіч ніколі не забываў сваю малую радзіму, аднавяскоўцаў, часцяком прыязджаў сюды са спектаклямі, у якіх браў удзел.
Да ўдзелу ў вечары былі запрошаны і творчыя работнікі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук і літаратурны рэдактар, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі. Усе яны добра ведалі Яўгена Патафеевіча і таму маглі падзяліцца ўражаннямі ад сустрэч, ад супольнай працы з ім.
Юрый Іваноўскі распавёў пра асноўныя этапы творчага шляху Яўгена Шыпілы, прыгадаў яго лепшыя ролі. Расповед суправаджаўся фотаздымкамі і відэзапісамі спектакляў, якія захоўваюцца ў архіве тэатра. Генадзь Гайдук прыгадаў адну з лепшых роляў Шыпілы – вобраз Андрэя Буслая і прачытаў маналог з п’есы Аляксея Дударава «Парог». Таццяна Ліхачова іграла разам з народным артыстам у многіх спектаклях, але найбольш ёй запомнілася супольная праца ў «Дзядзі Вані» і яна прыгадала маналог Соні з гэтай п’есы. Роля Івана Вайніцкага стала апошняй работай Яўгена Шыпілы ў Коласаўскім тэатры...
Вечар прайшоў у вельмі цёплай сяброўскай атмасферы, стварэнню якой спрыялі і беларускія песні ў выкананні хору ветэранаў працы Верхнядзвінскага РДК.
Добавить комментарий