ПРАЎДЗІВАСЦЬ ПАЧУЦЦЯЎ РАІСЫ ГРЫБОВІЧ

01.01.2026

У 1982 годзе ў коласаўскай трупе з'явіліся дзве маладыя перспектыўныя актрысы – Рая Грыбовіч ды Света Жукоўская. Абедзве прыехалі з Гродна, дзе навучаліся і на той час ужо закончылі культурна-асветнае вучылішча. Тады тэатр шукаў актрысу на ролю Настачкі ў «Несцерцы». Выкладчыца Гродзенскага культасветвучылішча, добрая знаёмая дырэктара Коласаўскага тэатра Геральда Асвяцінскага, параіла яму Свету Жукоўскую. Паколькі дзяўчаты былі не разлі вада, то ўгаварыла паглядзець і Раісу. А раптампадыдзе як перспектыўная народная гераіня. У складзе камісіі, што праглядала дзяўчат, былі знакамітыя артысты-коласаўцы Людміла Пісарава, Яўген Шыпіла і іншыя. Раіса чытала ўрывак з рамана Івана Мележа «Людзі на балоце». Артысты былі ўражаны, бо якраз нядаўна здымаліся ў кінастужцы Віктара Турава па тым жа знакамітым творы.

Пачынала маладая артыстка, як гэта вялося ў тыя часы, з выхаду ў масавых сцэнах, з эпізодаў, калі вельмі пашанцуе, уводаў на цэнтральныя ролі. Першай з такіх была самагоншчыца Давыдзіха ў народнай камедыі «Вясёлы дзянёк» па п’есе В.Пакроўскага. Складанасць працы была ў тым, што роля была ўзроставая, да таго ж ёй трэба было замяніць, а пазней іграць у пары з заслужанай артысткай БССР Валянцінай Петрачковай, сапраўдным майстрам коласаўскай сцэны, работы якой для Раісы былі сапраўдным узорам. І яна ж імкнулася да такой арганічнай прастаты, натуральнасці, жыццёвай пераканальнасці, праўдзівасці пачуццяў.

Пазней гэтыя акцёрскія якасці Раісы Грыбовіч заўважыў і ацаніў рэжысёр Валерый Маслюк і прапанаваў ролю Лаймы ў народнай камедыі-прыпавесці «Клеменс» па п’есе Казіса Саі. Гэта быў таксама вобраз, як кажуць, «з народа», але больш блізкі па ўзросце і таму больш зразумелы актрысе. Яна цягнецца да Скалнаса, галоўнага героя п’есы, якога імкнуцца сасватаць за яе, хоць і разумее, што сілаю не быць мілаю. Колькі такіх драматычных жаночых лёсаў давялося потым стварыць на коласаўскай сцэне!

Знакавай падзеяй у сваім жыцці актрыса лічыць паступленне ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве на курс народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай у 1986 годзе. Бо развівалася там як творчая асоба, назапашвала цікавы і карысны досвед, наведвала лепшыя тэатры расійскай сталіцы, бачыла некаторых маладымі артыстамі, а зараз яны ўжо карыфеі. У вучэбных урыўках пашчасціла сыграць такія ролі, пра якія ў тэатры даводзілася толькі марыць, – Нюрку з розаўскай п’есы «У дзень вяселля», Бланш з «Трамвая «Жаданне» Уільямса, каралеву Маргарыту з «Рычарда III» Шэкспіра, Паліну Андрэеўну з «Чайкі» Чэхава. Вельмі хацелася, каб яе славуты педагог змагла ўбачыць і ацаніць вобразы, створаныя ёй на коласаўскай сцэне. На жаль, не атрымалася.

У 1991 годзе мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Барыс Эрын, рэжысёр з вялікім вопытам, з магутнай маскоўскай тэатральнай школай. Праграмным спектаклем, які ён паспеў выпусціць у якасці мастацкага кіраўніка, быў «Рэвізор». Дакладней, ён называўся інакш: «ЧП-1» і «ЧП-2». Раісе Грыбовіч была прапанавана роля Мар’і Антонаўны. Рэжысёр раіў актрысе ісці не ад яе знешняй фактуры, а знайсці нешта супрацьлеглае. «Вы нібыта бутончык», – казаў ён на рэпетыцыі, тым самым падказаўшы «зерне ролі». І яна рухалася быццам на пуантах, нібы балерына.

  

Найбольш удала атрымліваюцца ў актрысы народныя гераіні. Паколькі дзяцінства актрысы прайшло ў палескай вёсцы Сінін, што на Піншчыне, яна часта сустракалася з такімі жанчынамі, магла падгледзець і запомніць іх у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях. Найбольш яскравы прыклад – Мальвіна з «Несцеркі» па п’есе Віталя Вольскага – «візітоўкі» Коласаўскага тэатра. Гэтую ролю на той час (у 2006 годзе) мастацкі кіраўнік тэатра Віталь Баркоўскі ёй даручыў, калі займаўся аднаўленнем спектакля. Відавочна, што ў гэтым вобразе Раіса Грыбовіч мякчэйшая, чым іншыя актрысы, папярэднія выканаўцы (Я.Глебаўская, З.Канапелька, Л.Пісарава, Т.Скварцова), але гэта прынцыпова.

  

Сярод іншых народных персанажаў у адметным выкананні Раісы Грыбовіч можна назваць Магрэту («І смех, і грэх» У.Галубка, Л.Родзевіча), Маладзіцу («Конскі партрэт» Л.Родзевіча («Жарты»), Таццяну з «Любові па перапісцы» Л.Вашко, Розку з драмы В.Маслюка «Пад сонцам», Іванаўну ў «Адэлаідзе» Ж.Унгарда. І, вядома ж, Куліну з «Залётаў» В.Дуніна-Марцінкевіча.

  

  

  

  

У адным з артыкулаў вядомы беларускі тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Гаробчанка параўнала яе са славутай купалаўскай актрысай Верай Пола. Вельмі ўжо нагадваў гэты персанаж Агату з «Паўлінкі».

Асобнае месца ў творчасці актрысы займаюць ролі сусветнага класічнага рэпертуару. У рабоце над імі Раісе Грыбовіч асабліва дапамаглі тыя ўрокі, тая прафесійная падрыхтоўка, якую яна атрымала на курсе Эліны Быстрыцкай, а таксама супольная праца з такімі майстрамі Коласаўскага тэатра, як Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька, Уладзімір Куляшоў, Людміла Пісарава, Мікалай Цішачкін, Баляслаў Сяўко. Пасля Мар’і Антонаўны былі Прастакова ў «Недарасці» Д.Фанвізіна, Проня – «За двума зайцамі» М.Старыцкага, Шаблова ў «Познім каханні» і Глумава ў «Мудрацах» А.Астроўскага, Мярчуткіна ў «Смешных людзях» паводле аднаактовых п’ес А.Чэхава, Арганова ў «Дамах і гусарах» А.Фрэдры, Беліна ў «Нібыта хворым» Ж.-Б.Мальера.

  

  

Асабліва вылучаецца работа актрысы ў спектаклі «Тайбелэ і яе дэман» І.-Б.Зінгера і І.Фрыдмана. Пры ўсім характарна-камедыйным адлюстраванні асноўнай драматычнай лініі, вобраз Генэндэль, створаны Грыбовіч, скараў здзіўляючай мяккасцю, ледзь прыкрытым адчаем адзіноты.

У вобраз Бернарды з драмы Ф.Г.Лоркі «Дом Бернарды Альбы» актрыса прыўносіла дэманічныя, злавесныя фарбы, выдатна спалучала экспрэсіўнасць, драматызм і нават гратэск. Спектакль рыхтавалі маладыя балгарскія рэжысёры Дзімітр Дзімітраў і Ёрдан Славейкаў. Гэтая роля была свайго роду выпрабаваннем і фізічных, і псіхічных магчымасцей. Думала, што не адолее, бо зашмат энергіі зла, гвалту ў гэтай п’есе і ролі. І гэта бянтэжыла, баялася, каб сябе не разбурыць знутры. Увогуле ж дастаткова іграла розных нячысцікаў – і Бабу Ягу, і Кікімару, але надзяляла адмоўных персанажаў нейкімі добрымі рысамі, а тут нельга гэта рабіць. І тыя, хто памятаў Грыбовіч у ролях народнага альбо камедыйнага, бытавога плану, убачыў яе ў зусім іншым абліччы.

  

У «Смешных людзях» Раіса Грыбовіч пры ўсёй сваёй акцёрскай неўтаймаванасці і здольнасці да яркай імправізацыі, імкнецца падпарадкаваць сябе дакладнаму рэжысёрскаму заданню, упісаць свой вобраз у агульную партытуру спектакля. Чым больш распаляе сябе бухгалтар Хірын (Я.Бераснеў), тым больш спакойнай і ўпэўненай у сабе здаецца Мярчуткіна. Асабліва пацешнай падаецца сцэна, дзе ў самы пік «бітвы» за выжыванне, яна раскладае на пісьмовым стале бухгалтара імправізаваны абед і смачна хрумсціць агурком. Усе сцэны з яе ўдзелам праходзяць віртуозна.

  

Яе Глумава з «Мудрацоў» А.Астроўскага не можа пахваліцца шляхетнасцю паходжання, добрай адукацыяй, а таксама хоць якім-небудзь банкаўскім рахункам. Затое яна надзеленая прыроднай кемнасцю і акуратнасцю, працавітасцю і сумленнем, адсутнасцю амбіцый і прагматызмам, бязмернай матчынай любоўю і клапатлівасцю. Выканаўца асучасніла, мадэрнізавала вобраз, дадаўшы да яго некаторыя тыпова мужчынскія якасці, што абумовіла развіццё інтрыгі «Мудрацоў». Раіса Грыбовіч прадставіла грымучую сумесь з мацярынскай любові без межаў, авантурызму, зайздрасці, балбатлівасці і беспрасветнай дурасці.

  

У камедыі Аляксандра Фрэдры «Дамы і гусары» Раіса Грыбовіч іграе ролю пані Аргановы. Гэта яна самая, старэйшая з сёстраў Маёра, надумала ажаніць яго са сваёй дачкой, гэта значыць, з яго пляменніцай. Ходам дзеі сёстры сустракаюць сапраўдны супраціў з боку гусараў, звыклых з будзённым, а іншым разам  і рамантычным ваенным жыццём.

  

У другім спектаклі – камедыі масак Жана-Батыста Мальера «Нібыта хворы» актрыса іграе Беліну, жонку галоўнага героя Аргана. Хочацца адзначыць лёгкасць ігры выканаўцы. Яна карыстаецца прыёмамі буфанады і гратэску і нагадвае больш аперэтачны персанаж – яе хлуслівасць адразу відаць на паверхні. У Раісы Грыбовіч больш відавочная маска, і яна захоўвае фарсавую аснову вобраза.

  

Шырыня дыяпазону і разнапланавасць актрысы дазволілі рэжысёрам займаць актрысу ў спектаклях самых розных жанраў. Тут і сацыяльна-псіхалагічныя драмы, і лёгкія камедыі, і прыпавесці. Найбольш яскравым, на думку крытыкаў і гледачоў, стаў вобраз маці Дзімона ў сучаснай драме «Ліфт» па п’есе беларускага драматурга Юліі Чарняўскай. У выкананні Раісы Грыбовіч гэта амаль дакументальна пазначаны, трагікамедыйны, абсалютна жыццёвы жаночы тып. На X Маскоўскім міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец» (Масква, Расія, 2013) вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч была адзначана спецыяльным дыпломам «За яскравы вобраз Маці Дзімона ў спектаклі «Ліфт».

  

Поспех у гледача мелі і яе сцэнічныя вобразы, створаныя ў спектаклях: «Псіхааналітык для псіхааналітыка» Д.Балыка (Рая), «Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» Р.Куні (сястра Фостэр), «Яшчэ раз пра каханне» паводле В.Шукшына (Фёкла Кузоўнікава і маці Сярогі), «Мая жонка – падманшчыца» М.Мэё і М.Энэкена (міс Пэціктан), «Каханне і падаткі» У.Ван Зандта і Д.Мілмар (Вівіян Трэчмэн).

  

  

У спектаклі «Стары-стары сеньёр з вялізнымі крыламі» паводле Г.-Г.Маркеса Раіса Грыбовіч выконвала невялічкую ролю Дачкі. Там і тэксту зусім няма. Але гераіні Р.Грыбовіч, самай нягожай дзяўчыне ў мястэчку, удаецца знайсці паразуменне з галоўным героем Анёлам (Г.Гайдук), выйсці з ім на духоўны, душэўны кантакт. Аўтары спектакля праз гэты вобраз разважаюць аб сапраўднай, унутранай прыгажосці чалавека, да якой кожны з нас, відаць, павінен імкнуцца. Толькі тады мы зможам зразумець анёлаў. Пэўна ж, гэтым вобразам майстар сцэны яшчэ раз давяла і пацвердзіла знакаміты выраз Станіслаўскага, што невялікіх роляў не бывае.

  

У спектаклі «Дзеці. Вёрсты» (п’еса Арцёма Казюханава паводле творчасці Якуба Коласа) ў ролі Кабеты мы пабачылі актрысу Раісу Грыбовіч. Яе вобраз больш бытавы, прыземлены, жыццёва пазнавальны ў адрозненне ад іншай выканаўцы гэтай ролі. Гэта простая вясковая жанчына, якая зазнала шмат гора, прайшла праз мноства выпрабаванняў, якія ў нечым загартавалі яе характар. Актрыса імкнецца не паўтарыць другую выканаўцу, яна больш стрыманая ў праяўленні сваіх пачуццяў, эмоцый, робіць акцэнт на  моцным валявым характары Кабеты, які, магчыма, і стаў прычынай непаразумення і канфліктаў з сынам. Выканаўца быццам паступова падрыхтоўвае сваю гераіню да таго эмацыйнага выбуху, той вялікай душэўнай драмы, вялікага мацярынскага гора, якое спатыкае Кабету пад час  сустрэчы з сынам, які насамрэч ад яе адмовіўся, назваў жабрачкай, шпурнуўшы ёй у твар некалькі манетаў.  Быццам свет у яе вачах перакуліўся, згубіўся нейкі ўнутраны стрыжань, сэнс жыцця. Але пасля жадання скончыць сваё жыццё самагубствам узнікае надзея знайсці згубленую дачку. Пачынаецца новая дарога, дакладней, яе пошук.

У 2025 годзе спектакль «Дзеці. Вёрсты» быў паказаны ў расійскім горадзе Навашахцінску на IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, что движет солнце и светила» і ўзнагароджаны дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый», а выканаўца ролі Кабеты Раіса Грыбовіч атрымала дыплом імя народнага артыста СССР М.І.Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Разам з выканаўцам ролі Станцыйнага наглядчыка Генадзем Гайдуком была таксама адзначана спецыяльным дыпломам журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру».

  

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе Раісу Сцяпанаўну з юбілеем
і зычыць ёй моцнага здароўя, далейшага творчага росквіту,
яшчэ многа яскравых роляў, аптымізму і надзеі!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X