ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ НАПЯРЭДАДНІ АДКРЫЦЦЯ 100-га ТЭАТРАЛЬНАГА СЕЗОНА

17.09.2025
21 верасня 2025 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрывае 100-ы юбілейны сезон. Якімі цікавымі падзеямі ён будзе адзначаны, гаварылі на прэс-канферэнцыі, што адбылася 16 верасня ў тэатры.
У прэс-канферэнцыі прымалі ўдзел дырэктар тэатра Юлія Харкевіч, мастацкі кіраўнік Канстанцін Ганчароў, вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Пятро Ламан, вядучы рэдактар Алесь Замкоўскі, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Вяселле-буф», галоўны мастак Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Міхаіл Лашыцкі.

ЗАПРАШАЕМ НА ПРЭМ’ЕРЫ!
Першае пытанне журналістаў датычылася бліжэйшых прэм’ер. Гэта спектаклі «Вяселле-буф» па п’есе Бертольта Брэхта «Мяшчанскае вяселле», «Тытанавая ведзьма» Улады Альхоўскай, «Засмучаная радня» паводле п’есы Браніслава Нушыча і «Чараўнік Ізумруднага горада» паводле казачнай аповесці Л.Ф.Баума «Дзівосны чараўнік з краіны Оз».
Міхаіл Лашыцкі распавёў пра сваю пастаноўку «Вяселле-буф», прэм’ера якой адбудзецца ўжо 27 верасня. Гэта не зусім звычайная для коласаўцаў работа, бо тым выкарыстаны прыёмы тэатральнай клаўнады, буфанады, крыху нямецкага дэль артэ.
Канстанцін Ганчароў распавёў пра пастаноўку да навагодніх свят Ульянай Ацясавай казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», якая звяртаецца не да вядомай адаптацыі Аляксандра Волкава, а да амерыканскага арыгіналу Лаймэна Фрэнка Баума. Там будзе актыўна выкарыстана пластыка.
Увогуле выкарыстанне незвычайных прыёмаў характэрна для многіх пастановак пачатку сезону. Спектакль «Тытанавая ведзьма», над якой працуюць Юрый Іваноўскі і Канстанцін Ганчароў, будзе ўяўляць сабой сінтэз самых розных жанраў – псіхалагічнай драмы, камедыі і трылера. Аўтар п’есы Улада Альхоўская сёлета адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Драматургія». Спектакль распавядае пра гісторыю помсты, якая знішчае ўсё лепшае ў чалавеку. Прэм’ера мяркуецца ў лістападзе на камернай сцэне тэатра.
Пра спектакль «Засмучаная радня» паводле п’есы Браніслава Нушыча распавёў яе перакладчык на беларускую мову Пятро Ламан. Гісторыя, што дзеецца ў гэтым творы, даволі тыповая, невыпадкова ў самой п’есе сказана, што яна адбываецца ўсюды і заўсёды. Памірае багаты чалавек, і яго спадчыну мяркуюць атрымаць яго шматлікія сваякі, многія з якіх «дзясятая вада на кісялю». Над пастаноўкай будзе працаваць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Чэпелеў. Прэм’ера адбудзецца ў снежні.
СЕЗОН АДКРЫВАЕЦЦА «НЕСЦЕРКАМ»
Мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў адзначыў, што «Несцерка» – гэта пазнавальны брэнд. Цяжка знайсці віцябчаніна, які б не чуў пра гэтую пастаноўку ці не бачыў яе.

Пятро Ламан, сённяшні выканаўца галоўнай ролі, падрабязна расказаў пра гісторыю пастаноўкі і пра тое, як ён сам, пачынаючы з масоўкі, выконваў ролі Юрася, Мацея і аднойчы нават сыграў Шкаляра. Ролю Несцеркі ён атрымаў у 2006 годзе, калі Віталь Баркоўскі, колішні мастацкі кіраўнік, рабіў капітальнае аднаўленне спектакля. Пастаўлены Навумам Лойтарам у 1941 годзе, ён закранае глыбінныя пласты жыцця беларусаў, таму жыве і будзе жыць на сцэне доўгія гады.
ДОБРАЕ ПАПАЎНЕННЕ ТРУПЫ
Ішла размова і пра маладых артыстаў, якія ў гэтым годзе папоўнілі трупу Коласаўскага тэатра. Гэта выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Кірыл Гільгенберг, выпускнікі і навучэнцы Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Мікалай Чарных, Аляксандр Пачкаеў, Вераніка Траяноўская, Надзея Радзімава, Аліна Астрашаб. З Беларускага тэатра «Лялька» ў Коласаўскі перайшоў Даніла Катовіч, з Палескага драматычнага тэатра, які месціцца ў Пінску, Крысціна Ульяненка.
Некаторыя з гэтых таленавітых артыстаў стварылі цікавыя драматычныя вобразы ў мінулых сезонах, некаторыя ў першыню выйдуць на коласаўскую сцэну ў легендарным спектаклі «Несцерка».
ЮБІЛЕІ
Былі зададзены пытанні пра юбілеі артыстаў тэатра – цяперашніх і мінулых. У 2026 годзе будуць іх адзначаць вядучыя майстры сцэны Раіса Грыбовіч, Валянціна Багданава і Вольга Куляшова. Будуць выбраны спектаклі, у якіх гэтыя актрысы выконваюць цэнтральныя ролі, пасля якіх адбудуцца віншаванні. Што да выбітных асоб тэатра, якія пайшлі з жыцця, то мяркуецца ў наступным годзе правесці вечар іх памяці.
ГАСТРОЛІ
Дырэктар Юлія Харкевіч расказала пра бліжэйшыя гастролі, якія пройдуць у нашым тэатры, а таксама з якімі адправяцца коласаўцы ў іншыя гарады. Увосень у Віцебску адбудуцца выступленні Новага драматычнага тэатра з Мінска, Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Вахтангава з Уладзікаўказа і Бранскага абласнога драматычнага тэатра імя А.К.Талстога (Расійская Федэрацыя).
Коласаўцы на пачатку кастрычніка адправяцца ва Уладзікаўказ. У лістападзе адбудуцца яшчэ адны абменныя гастролі: на гэты раз з Архангельскім абласным драматычным тэатрам. У тым жа месяцы чакаецца прыезд у Віцебску Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Тэатра-студыі кінаакцёра з Мінска.


















Добавить комментарий