ПЕРШАЯ ПРЭМ'ЕРА ЮБІЛЕЙНАГА, СОТАГА СЕЗОНА – ТЭАТРАЛЬНАЯ БУФАНАДА «ВЯСЕЛЛЕ-БУФ»

23.06.2025
Першай прэм’ерай юбілейнага, 100-га сезона ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа стане тэатральная буфанада «ВЯСЕЛЛЕ-БУФ» па п’есе сусветнага вядомага драматурга Бертольта Брэхта «Мяшчанскае вяселле». Запрашаем гледачоў у вялікую залу 27 верасня, у 18:00.
Вядомы беларускі рэжысёр і мастак Міхаіл Лашыцкі вызначыў жанр п’есы як буфанада, бо ягонаму спектаклю будуць характэрныя камедыйнасць, камічнасць і гратэск, у пастаноўцы ён выкарыстоўвае прыёмы пародыі і кірмашовага тэатра, а персанажы выглядаюць экспрэсіўна-карыкатурнымі.
Дзеянне адной з першых п’ес Брэхта адбываецца ў невялікай кватэры, дзе паспешлівае вяселле з’яўляецца своеасаблівым рытуалам ветлівасці і гасціннасці. Героі імкнуцца паказаць сябе лепшымі, чым ёсць насамрэч, а жаніх і нявеста ладзяць свята не для сябе, а для гасцей. З кожнай хвілінай прыстойныя паводзіны гаспадароў і гасцей ператвараюцца ў непрыстойныя, ветлівасць – у пагарду, а каханне і сямейныя каштоўнасці – у пакутніцтва. І ўсё гэта ў іранічна-сатырычным ракурсе.
Кажуць, нельга папракаць чалавека за жаданне наладзіць свой быт, стварыць утульнасць дамашняга асяродка. Але калі на гэтым засяроджана ўсё жыццё, калі няма ніводнай ідэі, апрача стварэння маленькага мяшчанскага свету, тады адбываецца ўнутраны крах чалавека.
«У мяшчанстве столькі інэртнасці, столькі антыжыццёвага, што яно само сябе знішчае, – адзначае Міхаіл Лашыцкі. – І ў фінале спектакля з прыпудранасці, з прыгладжанасці вылезуць смешныя, іранічныя пачвары, якія разбураць усё навокал».
Бертольт Брэхт – славуты нямецкі паэт, празаік, драматург, тэатральны рэжысёр, рэфарматар тэатра, тэарэтык мастацтва, заснавальнік тэатра «Берлінер ансамбль». Аўтар тэорыі эпічнай драмы. Самыя вядомыя п’есы – «Мяшчанскае вяселле», «Трохграшовая опера», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Жыццё Галілея», «Добры чалавек з Сезуана», «Каўказскі мелавы круг». П’есу «Мяшчанскае вяселле» Брэхт напісаў у 21 год пад моцным уражаннем ад Першай сусветнай вайны, яна стала своеасаблівай сатырай на росту культу мяшчанства.
У Коласаўскім тэатры ў 1976 годзе пастаўлена п’еса «Матухна Кураж і яе дзеці» Рэжысёр – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Сямён Казіміроўскі, мастак – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Аляксандр Салаўёў, у цэнтральнай ролі – народная артыстка БССР Галіна Маркіна. Спектакль стаў значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі.
Сёлета разам з рэжысёрам спектакль «Вяселле-буф» ствараюць Міхаіл Рудак (музычнае афармленне) і Ульяна Ацясава (харэаграфія). Пераклад п’есы «Мяшчанскае вяселле» на беларускую мову ажыццявіў Алесь Замкоўскі.
У спектаклі занятыя: Аляксей Анісеня і Міхаіл Асанаў (Жаніх), Ульяна Ацясава і Святлана Сухадолава (Нявеста), уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка (Бацька нявесты), Валянціна Багданава і Святлана Жукоўская (Маці жаніха), Раіса Грыбовіч і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Сяброўка нявесты), уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Муж сяброўкі нявесты), Антон Бараноўскі і Яўген Бераснеў (Сябар жаніха), Аксана Сурвіла і Алёна Чыстабаева (Сястра нявесты), Аляксандр Пачкаеў, Дзмітрый Філімоненкаў і Мікалай Чарных (Малады чалавек), Раман Волат (Музыка).
Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль на беларускай мове.
Квіткі – у касе тэатра. Тэлефон (+375 212) 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля – з 10:00 да 19:00,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.


















Добавить комментарий