ДВА МАСТАКІ. ДВА СПЕКТАКЛІ

04.06.2025
У ліпені, пад час XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа пакажа спектаклі пра мастакоў, непасрэдна звязаных з Віцебскам - «ІЛЛЯ РЭПІН. ЗДРАЎНЁЎСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ» і «ШАГАЛ... ШАГАЛ...».
Паказы драматычнага нарыса «Ілля Рэпін. Здраўнёўскія замалёўкі» адбудуцца
9 ліпеня (21:00),
10 ліпеня (19:00, 21:00),
11 ліпеня (19:00, 21:00)
на тэрыторыі музея-сядзібы І.Я.Рэпіна «Здраўнёва».

У 1892 годзе сусветна вядомы мастак Ілля Рэпін набыў каля Віцебска сядзібу і назваў яе Здраўнёва. Дзвінскія прасторы сталі месцам яго натхнення і адпачынку ад пецярбургскай мітусні. Дзякуючы вялікім творчым намаганням Рэпіна, былая сядзіба Сафіеўка набыла выключны мастацкі выгляд. Ліпавая алея, альтанкі, прыгожая сажалка, горка натуршчыка «Манблан»... Сядзібны дом з зубчастай вежай, пабудаваны па асабістым плане мастака, і зараз здзіўляе многіх чароўнай вытанчанасцю...
Спектакль вяртае гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя. Коласаўцы расказваюць пра Іллю Рэпіна і яго сям’ю, пра яго пастаянны ўнутраны творчы неспакой, пра тое, ці можа мастацтва для геніяльнага мастака быць вышэй за ўсе іншыя жыццёвыя каштоўнасці.
Аўтар п'есы Алесь Замкоўскі. Ідэя спектакля Ніны Обухавай. Пастаноўка, сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Музычнае афармленне Міхаіла Рудака.
У ролі Іллі Рэпіна - Яўген Бераснеў.

Працягласць – 1 гадзіна. Узроставае абмежаванне - 16+.
Музей-сядзіба І.Я.Рэпіна «Здраўнёва» з'яўляецца філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Размешчаны ў 16 кіламетрах ад Віцебска, у раёне пасёлка Руба. Арыенцір для навігатара - вёска Койтава. даехаць можна з дапамогай асабістага транспарту або на маршрутным таксі №22А.
У дні спектакляў тэатрам будзе арганізаваны даезд да музея-сядзібы ў 18:20 і 20:20.
Паказы эцюдаў памяці «Шагал... Шагал...» пройдуць
12 ліпеня (18:00, 21:00),
13 ліпеня (18:00, 21:00),
14 ліпеня (21:00)
на тэрыторыі мемарыяльнага Дома-музея Марка Шагала ў Віцебску.

Гэты спектакль – гімн гораду маладосці Марка Шагала, яго роднаму Віцебску. У 20-ыя гады, калі адбываецца дзеянне спектакля, тут быў цэнтр бурнага палітычнага і культурнага жыцця. Зусім малады мастак, яго маці, бацька, першае захапленне Волечкай, унучкай суседкі Сцяпанаўны; сапраўднае каханне да Бэлы і, нарэшце, цвёрдае рашэнне паехаць вучыцца ў Парыж. «Я бадзяўся па вуліцах, я шукаў, я прасіў: «Божа, ты, схаваны ў аблоках ці за домам краўца, зрабі так, каб раскрылася мая душа, самотная душа хлопчыка-лепетуна, укажы мне, Божа, мой шлях. Я не хачу быць як іншыя, я хачу бачыць новы свет», - казаў Марк Шагал. Пакідаючы свой родны горад, ён не здагадваўся пра сваю будучую парыжскую славу, не думаў, што больш ніколі не пабачыць родных… Яны ажывуць на палотнах мастака, якія ўзніклі з уражанняў віцебскага юнацтва.
Спектакль быў пастаўлены заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталем Баркоўскім паводле п’есы Уладзіміра Драздова «Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі». Сцэнаграфія Уладзіміра Матросава. Касцюмы Святланы Макаранка. Музыка і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Павел Гарбуноў.
Ролю Марка Шагала выконвае Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

Працягласць - 1 гадзіна без антракту. Узроставае абмежаванне - 12+.
Мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску знаходзіцца на вуліцы Пакроўскай, 11.
Квіткі – у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля - з 10.00 да 19.00,
перапынкі на абед - 12.00-12:30, 15.30-16:00.
Каса працуе без выходных.


















Добавить комментарий