ТАКІЯ РОЗНЫЯ ЎВАСАБЛЕННІ. АКТРЫСА, ВЯДУЧЫ МАЙСТАР КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ, РЭЖЫСЁР НІНА АЛЯКСАНДРАЎНА ОБУХАВА АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ!
У гэта цяжка паверыць, што вось гэтая рухавая, вельмі актыўная, няўрымслівая актрыса з моцнай энергетыкай як Ніна Аляксандраўна Обухава ўжо адзначае паўстагоддзя жыццёвага шляху. А яшчэ за плячыма больш за 25 год служэння Коласаўскаму тэатру. Выдатная актрыса, цікавы рэжысёр…

ДЗЯЦІНСТВА
Калі ж Ніна Обухава зразумела, у якім узросце, што хоча быць актрысай, што тэатр менавіта яе прызванне? Можа, яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі ў дзіцячым садку іграла на ранішніку сцэнку, дзе паказвала, як вяжа яе бабуля? Тая пажылая кабета падарыла Ніне акуляры без шкельцаў, спіцы і клубок. Вось гэта быў яе першы сцэнічны вопыт. Потым пайшлі розныя вулічныя гульні, у якіх малыя падшыванцы парадзіравалі дарослых – бацькоў, настаўнікаў. Ніне гэта страшэнна падабалася. Зразумела, удзельнічала ў розных школьных імпрэзах, дзе ставіла і паказвала сцэнкі, займалася ў розных тэатральных студыях. Яе вабіла, быццам зацягвала сама ігра.
«У дзіцячыя гады, – прызнаецца актрыса, – мяне атачала вельмі агрэсіўнае асяроддзе, і ў мяне ўзніклі комплексы, ад якіх я і па сённяшні дзень поўнасцю не вызвалілася. І ў тэатр я пайшла не з-за паўнаты жыцця, а з-за яе недастатковасці, адсутнасці яркіх уражанняў, нейкіх прагалаў, унутранай дэкампенсацыі».
Тэатр стаў для дзяўчыны свайго роду арт-тэрапіяй. Яркае ўражанне дзяцінства – фільм «Капітан Фракас» з Алегам Меншыкавым у галоўнай ролі. Артысты вандроўнай трупы ў далёкія часы, прыгожыя, узвышаныя пачуцці, рамантыка... Сябе яна ўяўляла Ізабэлай. Тэатральная студыя пры Палацы культуры ААТ «Віцебскдрэў», дзе Ніна займалася, паказвала свой спектакль у Коласаўскім тэатры. Гэта быў свайго роду прагляд з удзелам выкладчыкаў з тэатральна-мастацкага інстытута, яны шукалі будучых студэнтаў. Нікога не адзначылі, толькі яе, праўда… занадта юную для паступлення. «У вас камедыйны дар», – казалі ёй. А яна не зразумела, перапытала: «У мяне камічны дар, я камічная актрыса?» Пасля гэтага паказу ў яе нібы дах знесла. Дзяўчынка не спала, жыла ў нейкай сваёй рэальнасці. Родныя гэта заўважылі і вырашылі дапамагчы. У адной з цётак была прыяцелька, якая сябравала са Святланай Акружной. Звярнуліся да вядомай актрысы, папрасілі паглядзець. І вось Ніна ў гасцях у Святланы Арцёмаўны. Хваляванне перапаўняла яе. Сам вобраз выдатнай актрысы з’яўляўся для яе нечым недасягальным. Чытала нейкія вершы, а больш проста гутарылі. З таго часу Акружная стала для яе першым сапраўдным настаўнікам па жыцці і ў творчасці. З яе ўсё па-сапраўднаму для Ніны і пачалося.
НІЖНІ НОЎГАРАД
Але Ніна Обухава адчувала, што далей трываць не можа. Было моцнае жаданне вырвацца з гэтай прасторы. Знайшла ў бібліятэцы даведнік, адкрыла раздзел «Тэатральныя навучальныя установы». Спынілася на Ніжнім Ноўгарадзе (тады ён яшчэ меў назву Горкі). Туды можна было паступіць пасля базавай школы. Родныя вырашылі: «Хай едзе, абламаецца і прыедзе». Але Ніну прынялі. Яна атрымала самыя высокія балы. Педагогам курса была Рыва Якаўлеўна Левітэ, жонка вядомага акцёра Вацлава Дваржэцкага. Сярод вядомых аднакурснікаў – Марына Салакава, цяпер заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі, служыць ў «Табакерцы», папулярны артыст кіно Сяргей Новікаў, многія працуюць у Ніжагародскім ТЮГу, некаторыя ў Маскве. На жаль, па асабістых прычынах не давялося закончыць тэатральнае вучылішча. Пэўны час вучылася ў Маскве на падрыхтоўчых курсах пры школе-студыі Маскоўскага мастацкага тэатра ў Авангарда Лявонцьева. А ў 1998 годзе Ніна Обухава прыйшла на сталую працу ў Коласаўскі тэатр.
Ну а вучобу яна прадоўжыла завочна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, спачатку на акцёрскім (курс народнай артысткі Беларусі Ліліі Давідовіч), а пазней і на рэжысёрскім аддзяленні ў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Анісенкі.
ПЕРШЫЯ РОЛІ Ў КОЛАСАЎСКІМ
Дэбютавала Ніна Аляксандраўна ў ролях Кітаянкі са спектакля «Дацкая гісторыя» Адольфа Шапіры паводле Х.-К.Андэрсена і Палаг’і з казкі «Кацігарошак» Валерыя Маслюка. Яго актрыса таксама лічыць сваім настаўнікам, хоць разам не так многа давялося працаваць. Ад яго яна, мабыць, упершыню пачула добрую беларускую мову, зразумела, што яе прыгажосць залежыць ад самога чалавека, які гаворыць на ёй. Ніна Обухава іграла сястру Кацігарошка, зачараваную Змееем Гарынычам. Калі малады герой падносіў сон-кветку да яе, чары знікалі. Маслюк на рэпетыцыях пытаў: «Табе калі-небудзь дарылі такую кветку? А я – магу». Вось такія моманты Ніну заўсёды ўражвалі, калі пачынала ўзнікаць трансфармацыя.
Многаму яе навучыў і Юрый Лізянгевіч, рэжысёр-коласавец. Ніна Аляксандраўна сыграла ў двух чэхаўскіх спектаклях, якія ён паставіў: Вару ў «Вішнёвым садзе» і Машу ў «Чайцы». У абедзвюх ролях шукала нейкія балявыя кропкі, што закраналі і яе асабіста. Хацелася знайсці тое, што яе непакоіць, каб гэтыя вобразы і праз яе прайшлі. На жаль, рэжысёр больш акцэнтаваў увагу на цэнтральных персанажах, відаць, яны яго больш цікавілі, таму даводзілася працаваць самастойна. Галоўная рыса Вары – надломленасць псіхікі, закамплексаванасць, няўпэўненасць у сабе. Асабліва ўдалася ёй Маша, гэта адзначалі і крытыкі. Яе гераіня быццам на ўзбочыне жыцця. Яна не патрэбная свайму бацьку, закаханая ў Трэплева, але незаўважная ім. Актрыса паказвала абдзеленасць гераіні, яе выключанасць з поля шчасця, сонца, святла.

АКЦЁР – ГЭТА РЭЖЫСЁР СВАІХ РОЛЯЎ
Ніна Обухава – не тая актрыса, якая паслухмяна паўтарае ўсе рэжысёрскія падказкі і ўказанні. Яна лічыць, што спектакль – справа супольная, і таму акцёр павінен праяўляць ініцыятыву на сцэнічнай пляцоўцы, прапаноўваць нейкія свае варыянты, выстройваць разам з рэжысёрам партытуру сваіх роляў. Асабліва гэта ўвасобілася ў працы з Віталем Баркоўскім, з якім Ніна Аляксандраўна сустрэлася ў трох работах. Гэта былі дзіцячы спектакль «А пры чым тут Кашчэй?» і дзве пастаноўкі для дарослага гледача. У спектаклі «І смех, і слёзы, І Любоў» па п’есе У.Набокава «Падзея» яна сыграла ролю скрыпачкі Нікаладзе. Дарэчы, спатрэбілася музычная школа, якую калісьці скончыла. У спектаклі «Прывітанне, Альберт» стварыла вобраз Элен Дзюкас, сакратаркі Эйнштэйна.

Цікава было пераварочваць ролю, падрабязна і вытанчана над ёй працаваць. Віталь Міхайлавіч ствараў на рэпетыцыях асаблівую атмасферу, пагружаючыся ў якую, нібы ў космас, не хацелася выходзіць.
Таксама цікавай для актрысы была работа з рэжысёрам Антонам Грышкевічам над спектаклем «Любоўны карагод». Спярша разам з іншымі акцёрамі ўдзельнічала ў масоўцы, але гэта ўжо было вялікае шчасце. Рабілі эцюды, ставілі «Танец смерці» на музыку Шнітке, які, праўда, так і не ўвайшоў у спектакль. А пасля быў тэрміновы ўвод на ролю Актрысы. Ён натхніў, усяліў нешта невытлумачальнае, гэта было адчуванне непераадольнага палёту і вялікай любові.
Цікава было працаваць і з Рыдам Таліпавым, які вельмі тонка адчуваў акцёра, яго псіхафізіку, унутраны патэнцыял і да ўсяго яшчэ быў выдатным педагогам. На рэпетыцыі дзіцячага казачнага спектакля (гэта была «Вядзьмарка і Дыназаўрык»), дзе Ніна іграла і працягвае іграць ролю Сняжаны, ён дзівіўся: «Ніна, ты ў казцы так аддаешся! Якая ты малайчына!»

Актрыса сыграла ў двух яго пастаноўках – Наталлю ў «Васе» М.Горкага і Машачку ў «Мудрацах» А.Астроўскага. Гэта былі прыкметныя работы. Ніна Обухава змагла паказаць унутраную крохкасць сваіх гераінь. Наталлю з «Васы» вылучалі не толькі запал да спіртнога, яе заўсёды грызе адзінота, якая ў хвіліны цвярозасці раздзірае ёй душу. Нікога ніколі не кахаючы, яна інтуітыўна прагне гэтага пачуцця, жадае выпрабаваць цяпло чалавечых адносін. Таму не-не – ды і падыдзе да печкі, каб хоць так сагрэць душу. А яе Машачка ў «Мудрацах» атрымалася ў нечым падобнай да Глумава. Замест безаблічнай паслухмянай дурнічкі з мяшчанскімі рысамі мы бачылі даволі разумнае, рухавае дзяўчо, якое прыстасоўваецца да абставін і скарыстоўвае іх дзеля сваёй выгоды.

ЗАЗІРНУЦЬ У СХОВЫ ДУШЫ
Паступова адбываўся творчы рост актрысы. Рэжысёры быццам заўважалі, што Ніна Аляксандраўна можа значна больш, чым ёй прапаноўвалі. Але чамусьці схіляліся да іншых актрыс. Як кажуць, справа густу. Рэжысёр Ігар Баярынцаў прапанаваў ёй ролю Евы ў тонкім, камерным увасабленні «Восеньскай санаты» Інгмара Бергмана. Гэта другі па значнасці вобраз у п’есе. Да Евы, старэйшай дачкі, прыязджае маці – вядомая піяністка Шарлота (Ларыса Антосева). Яны не бачыліся сем гадоў. Да сваёй прыкрасці Шарлота бачыць тут малодшую дачку-інваліда, якую некалі прыстроіла ў клініку для душэўнахворых. Замест захаплення яна чуе ад Евы толькі горкія папрокі, абвінавачванні. Аказваецца, абдзеленая мацярынскай любоўю, яна нічога не забыла з дзіцячых крыўдаў і ўцягвае маці ў паток роспачы і непазбыўнага болю. Ізноў Ніна ішла ад сябе, прыгадваючы свае дзіцячыя гады і сваіх родных людзей, трансфармуючыся ў персанажа, але зазіраючы пры тым і ў сховы сваёй душы.

А потым былі Рэбека з драмы Эвальда Флізара «Леанарда?», Ангустыяс з драмы Ф.-Г.Лоркі «Дом Бернарды Альбы». Ролі, таксама патрабавалі тонкага псіхааналізу. З вялікім задавальненнем актрыса супрацоўнічала з Аляксандрам Марчанкам, маладым балгарскім дуэтам Ёрданам Славейкавым і Дзімітрам Дзімітравым.

Яна ўсё спрабавала сябе рэалізаваць. Перыядычна «ўсплывала» ў асобных ролях, але ў асноўным былі эпізадычныя ролі, альбо «другі склад», уводы, замены. І тут прыйшла думка аб рэжысуры. Спачатку гэты быў школьны тэатр пры сярэдняй школе №30. Дзеці выступілі ў калоніі для непаўналетніх. Выступілі даволі ўдала, і кіраўніцтва выпраўленчай установы прапанавала Ніне ўзяць на сябе тэатр пры калоніі. Гэта была рызыкоўная рэч, але Ніна пагадзілася.
ТЭАТР У КАЛОНІІ
Праект «Тэатр у калоніі» («Тэатр у турме») узнік у Швецыі. Аўтарам яго была Алена Нордштрэм, кіраўніца арганізацыі Nstudio. У Беларусі «Тэатр у калоніі» з’явіўся дзякуючы ініцыятыве дэпутата Нацыянальнага сходу Алены Сафроненка, якая занялася яго прасоўваннем. Першы твор, да якога звярнулася Ніна Обухава, быў «Маленькі прынц» А.дэ Сент-Экзюперы. Спектакль называўся «Вяртанне». Чаму менавіта такі матэрыял? «Гэта мой любімы твор, – казала ў адным з інтэрв’ю Ніна Аляксандраўна, – гэта па-першае. А па-другое, у ім закранаецца тэма павагі да чалавека. Жадаючых іграць у спектаклі было каля паўсотні. У выніку выбралі дзевяць чалавек. Хлопцы чыталі вершы, часта ўласнага сачынення. Я прасіла іх распавесці пра сябе. Мне важна было ведаць, якая ў каго энергетыка». Яна спецыяльна не цікавілася іх мінулым. Старалася не пытаць лішняга. Спектакль «Вяртанне» меў поспех і нават за сценамі калоніі. Ён атрымаў I месца на рэспубліканскім конкурсе ў Мінску. Дарэчы, паказваўся і ў Коласаўскім тэатры. Поспех акрыліў як саміх хлопцаў, так і іх кіраўніцу. Потым былі яшчэ дзве пастаноўкі – «Білоксі блюз» Ніла Саймана і «За неба светлае сваё» па п’есе Аляксея Дударава «Ты помниш, Алёша…»

У 2011 годзе Ніна Обухава прыняла рашэнне пра паступленне ў Беларускую акадэмію мастацтваў на рэжысёрскае аддзяленне. Кіраўніком курса быў Валерый Анісенка.
НА НІВЕ РЭЖЫСУРЫ
Першай самастойнай рэжысёрскай работай на коласаўскай сцэне была казка «Казявачка» па п’есе Таццяны Уфімцавай. Вельмі лёгкі, даволі тэатральны тэкст. Але пры ўсёй лёгкасці там быў закладзены і зусім недзіцячы змест. Бо галоўная гераіня – сірата і пакутуе ад гэтага. Незадоўга да гэтага пайшла з жыцця маці Ніны, і сумны факт, магчыма, таксама паспрыяў выбару п’есы. Казка і па сённяшні дзень ідзе з поспехам як на выязных пляцоўках, так і на камернай сцэне Коласаўскага тэатра. Ужо нават змянілася некалькі складаў выканаўцаў. Ну а дыпломнай работай стаў спектакль «Цень думкі нашай…», пастаўлены па п’есе «Цені» беларускага класіка 1-й паловы XX стагоддзя Францішка Аляхновіча, дарэчы, першага загадчыка літчасткі Коласаўскага тэатра (тады яшчэ БДТ-2).
У прачытанні Ніны Обухавай п’еса Аляхновіча выглядала зусім не меладрамай, а глыбокім метафізічным творам, блізкім да рамантычнай прыпавесці. Прасякнутай роздумам пра духоўную сутнасць чалавека, яго веліч і мізэрнасць, ягоную сувязь з вечнасцю. Рэжысёр убачыла сувязь п’есы з лёсам яе аўтара. Праўда, гэтая повязь у спектаклі прасочвалася пункцірна. Так, у адным з эпізодаў Марыя, жонка Сцяпана, перад сваім самагубствам ператварылася ў маці Аляхновіча, якая ў роспачы звярталася да следчага ДПУ. Гэтая ж тэма была заяўлена і ў фінале, калі лялька ў руках Матыльды трапляла ў клетку, а глядач чуў поўныя роспачы словы самога Аляхновіча, дзе ён быццам прадказваў сваю горкую долю і немагчымасць вяртання на Бацькаўшчыну. Прадвызначанасць лёсу чалавека стала галоўнай у спектаклі. Невыпадкова мастак Андрэй Жыгур канцэптуальна запоўніў сцэнічную прастору лесвіцамі-драбінамі (шлях у вышыню, нашы рамантычныя жаданні, мроі, узнёслыя парыванні) і нацягнутымі рамянямі, якія, быццам ніці лёсу, абмяжоўваюць чалавека, нішчаць яго лепшыя задумы. Спектакль «Цень думкі нашай…» быў паказаны ў Вільнюсе ў Доме нацыянальных згуртаванняў па запрашэнню Таварыства беларускай культуры ў Літве, а таксама прадстаўлены ў праграме «BELARUS OPEN» на VII Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ» у Мінску ў 2017 годзе.

Яшчэ адной рэжысёрскай працай актрысы Ніны Обухавай стала рамантычная камедыя Сяргея Гіргеля па матывах французскай драматургіі «Самая жаданая». Рэжысёр змагла ускладніць лёгкі жанр і перавесці антрэпрызны твор у разрад некамерцыйных спектакляў. Найперш гэтаму паспрыяла добрая, шчырая ігра вядомых акцёраў – народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса і Наталлі Аладкі (сёння ў цэнтральнай ролі выступае сама Ніна Обухава). Спектакль распавядае пра пошукі кахання і што ніякае мастацтва, ніякая творчасць не заменяць душы блізкага табе чалавека.

«Дзядзечкаў сон» паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага быў творчым праектам народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса. Прабіваць яго давялося на працягу васьмі гадоў. Але змянілася кіраўніцтва тэатра, і новае пайшло насустрач вядомаму артысту, уключыўшы «Дзядзечкаў сон» у рэпертуарны план. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам і аўтарам інсцэніроўкі выступіла актрыса, вядучы майстар сцэны коласаўскай трупы Ніна Обухава. Спектакль не паўтарае іншыя інтэрпрэтацыі твора Дастаеўскага, а можа, у нечым сваёй арыгінальнасцю прачытання і падачы матэрыялу і спрачаецца з ранейшымі пастаноўшчыкамі. Гэта значыць, што яго адрознівае моцная рэжысёрская канцэпцыя, якая звязана і з самой праблематыкай твора, і з яго адрасаванасцю, скіраванасцю ў наш дзень. І безумоўна, сучасная мова, сучасная стылістыка выяўленчых сродкаў. Звяртае ўвагу сам прынцып пабудовы інсцэніроўкі. Яе аўтар і рэжысёр спектакля Ніна Обухава адмаўляе лінейную пабудову кампазіцыі, раз-пораз бачыш, як падзеі ці эпізоды з мінулага трапляюць у «сучасныя» сцэны, альбо ідуць следам за імі. Альбо рух дзеяння можа спыняцца і перабівацца маналогам таго ці іншага персанажа. Ніна Обухава ўпэўнена, што немагчыма дасягнуць сапраўднага шчасця, калі першапачаткова ўнутры цябе шчасця не жыве. Пад уплывам знешняга свету чалавек губляе сваю ўнутраную сутнасць, не заўважае, што поспех, багацце, улада, пошук забаў і славы – гэта толькі сон. Замест дабрыні, шчырасці, любові ўсё мацней праяўляюцца гонар, самалюбства, зайздрасць, крывадушнасць, хлусня. І ў гэтым сне, у лабірынце ілюзій блукае сутнасць чалавека, гіне, знікае... Каб захаваць чысціню душы – трэба ўважліва паглядзець углыб сябе, прызнаць недахопы і ў выніку абараніць права быць сабой, вярнуцца да сябе сапраўднага.

У лістападзе 2023 года спектакль «Дзядзечкаў сон» быў паказаны ў Старай Русе на XXVII Міжнародным тэатральным фестывалі Ф.М.Дастаеўскага, меў поспех у гледача і атрымаў добрыя водгукі расійскіх прысутных крытыкаў.
Як у актрысы і рэжысёра ў Ніны Обухавай шмат новых праектаў, новых ідэй. Яна зноў перачытвае Дастаеўскага, марыць пра ўвасабленне драматургіі Шэкспіра, яе цікавіць і вабіць Віктар Пелевін. Многае тут залежыць ад кіраўніцтва тэатра, наколькі яно паверыць новым ідэям і ці дасць ім зялёнае святло.
РОЛІ АПОШНІХ ГАДОЎ
Моцна трымае і не адпускае асноўная прафесія – акцёрская. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Ніна Обухава стварыла шэраг цікавых вобразаў. Сярод іх – Мама і Галіна Сяргееўна з драмы «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П.Санаева, Фока з меладрамы «Матылёк… Матылёк…» А.Нікалаі, Еўдакія з інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава» А.Дударава, Жанчына з «Бальніцы на краі свету» Х.Бойчава, шаптуха Аўдоцця з казкі «Чароўны хлопчык» А.Замкоўскага, Соф’я з меладрамы Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас», Дзёмчыха з ваеннай драмы «Сотнікаў» паводле Васіля Быкава, Актрыса, Другі магільшчык і Смерць з «Гамлета» Уільяма Шэкспіра…

Адной з любімых роляў для самой актрысы з’яўляецца Еўдакія з «Пса Белага вострава». Мабыць, таму што іграе у нечым падобнага на сябе персанажа, нават прафесійна і па-чалавечы, па-жаночы. Актрыса стварыла вобраз вельмі чуйнай, спагадлівай жанчыны, у якой раптам, у фінале, у той водпаведзі, якую яна ўчыняе памрэжу Лілі Канстанцінаўне, нараджаецца нейкая ўнутраная сіла. Жалобная чорная сукенка ў другой дзеі, падобна, самацытата з другога, даўняга спектакля коласаўцаў «Чайка», дзе актрыса іграла Машу. Можа быць, проста супадзенне, а можа, плён сумеснай работы з рэжысёрам над вобразам.

Ніна Обухава можа выйсці на сцэну ў невялічкім эпізоде, але ён запамінаецца нават больш, чым вялікія ролі ў некаторых іншых акцёраў. Бо за гэтым выхадам цягнецца пэўны шлейф, прасочваецца жыццёвы лёс персанажа. Напрыклад, Жанчына з драматычнай камедыі «Бальніца на краі свету». Несупадзенне, кантраст акцёрскага тыпажу і самога персанажа (простай вясковай жанчыны) раптам нараджае вельмі цікавы, можна сказаць, эксцэнтрычны, трагіфарсавы вобраз.

Вельмі тонка і псіхалагічна дакладна перадала Ніна Обухава ўнутраную крохкасць разам з вялікай сілай кахання і паказала, як жорсткія абставіны ламаюць яе Соф’ю з меладрамы Гуркіна. Ужо па сваёй акцёрскай і чалавечай прыродзе, псіхафізіцы актрыса не можа быць штучнай, не можа абазначаць, а толькі грунтоўна існаваць, аддаючы сябе напоўніцу. Такім чынам, можна зазначыць, што выканаўца здолела закласці нават большае, чым напісана драматургам у гэты зусім не меладраматычны, а трагедыйны вобраз.

Духоўную сутнасць сваёй гераіні, якая нават ў памежнай сітуацыі не губляе свайго чалавечага пачатку і знаходзіць сілы, каб пашкадаваць, прытуліць да сябе яўрэйскую дзяўчынку Басю, паказвае актрыса ў «Сотнікаве».

Цікавыя трагікамедыйныя вобразы Актрысы, Другога магільшчыка і Смерці стварыла Ніна Аляксандраўна ў шэкспіраўскім «Гамлеце» – адной з апошніх прэм’ер тэатра. Яны яшчэ раз пацвярджаюць думку пра ўніверсальнасць прыроды гэтай актрысы, пра яе шырокі дыяпазон.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе Ніну Аляксандраўну з юбілеем
і зычыць ёй моцнага здароўя, трываласці духу, аптымізму,
новых яскравых роляў і рэжысёрскіх праектаў!
Бенефіс Ніны Обухавай адбудзецца 28 верасня, 18:00. Артыстка выйдзе да гледачоў у ролі Раксаны ў рамантычнай камедыі «Самая жаданая» па п'есе С.Гіргеля. Яна ж з'яўляецца і рэжысёрам гэтага спектакля.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
У аператараў квіткоў kvitki.by, 24afisha.by, ticketpro.by.



















Добавить комментарий