КАСТРЫЧНІК-2023. АДКРЫЦЦЁ 98-га ТЭАТРАЛЬНАГА СЕЗОНА

 

Жыццёвы каляндар няўмольна гартае старонкі. Гарачую летнюю пару змяняе восеньскае надвор’е. Коласаўскі тэатр заўсёды рады новым сустрэчам са сваімі любімымі гледачамі, вернымі прыхільнікамі сцэнічнага мастацтва. І сёлета мы адкрываем новы, 98-ы, тэатральны сезон менавіта ў кастрычніку.

Новы сезон адкрыецца прэм’ерай! 3 кастрычніка глядач убачыць прэм’еру драмы Аляксея Дударава «ВЫБАР» у пастаноўцы маладога, перспектыўнага віцебскага рэжысёра Канстанціна Ганчарова. Пачатак – у 19:00.

 

На вучэннях вадзіцель танка, радавы Мікалай Шабуня (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі) рэзка збочвае з дарогі, бо нечакана перад машынай невядома адкуль аказваецца хлопчык. Шабуня і яго таварышы – радавы Андрэй Крынкін (Ілля Блыкін / Дзмітрый Філімоненкаў) і сяржант Сямён Дробаў (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў) – ляцяць з абрыву... І гэта толькі пачатак спектакля.

Аляксей Дудараў, разам з ім пастановачная група і артысты спектакля, пачынаюць шукаць, усведамляць сапраўднае «я» герояў. Для гэтага «пракручваюць» стужку часу, вяртаюць іх не толькі ў асабістае мінулае, але і ў жывое жыццё, і ў мінулае нашай краіны. Вяртаюць, каб зразумець, ці быў высакародны ўчынак Шабуні гуманным подзвігам, ці можна параўнаць яго з патрыятычным гераізмам воінаў Вялікай Айчыннай вайны, беларускіх партызан, адказных перад сваімі бацькамі і дзецьмі...

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

4 кастрычнікагастролі добра вядомага віцебскаму гледачу Музычнага тэатра «Петербурская оперетта» (Санкт-Пецярбург, Расія). Госці прадставяць музычную камедыю Барыса Аляксандрава «СВАДЬБА В МАЛІНОВКЕ». Пачатак у 19:00.

 

Пастаноўка даўно з'яўляецца класікай савецкай аперэты, а яе знакамітая экранізацыя – класікай савецкага кіно. Нягледзячы на тое, што дзеянне аперэты адбываецца ў ваенны час, сюжэт яе поўны вясёлых падзей, кур'ёзных сітуацый і аптымізму.

Галоўнае месца ў аперэце адведзена глыбокім пачуццям маладых герояў Ярынкі і Андрэйкі, і ўсе перыпетыі, што адбываюцца з імі, завяршаюцца ўрачыстасцю любасных сэрцаў. Любоў, пранесеная праз час і адлегласці, дарогі і войны, святкуе і карануе гэту выдатную гісторыю вяселлем, вяселлем у Малінаўцы!

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

7 кастрычніка (12:00) юныя гледачы і іх бацькі змогуць убачыць вершаваную казку Таццяны Уфімцавай «КАЗЯВАЧКА».

Сумна сядзець Цвыркунку (Дзмітрый Каваленка) дома і без перапынку вучыцца граць на скрыпачцы, бо на вуліцы весела гуляюць Павучок, Аса ды Матылёк (Уладзіслаў Жураўлёў). Але што рабіць – Маму (Ніна Обухава / Вікторыя Шамардзіна) трэба слухацца. Нечакана ўсё змяняецца, калі праз акно ў пакой залятае Казявачка (Ніна Обухава / Алёна Чыстабаева), за якой гоніцца агідны Жук-Рагач (Вадзім Асвяцінскі). Цвыркунок робіць мужны ўчынак: абараняе новую сяброўку, а потым разам яны ідуць гуляць. Але гэта яшчэ не канец гісторыі… Глядзіце спектакль і даведаецеся, хто такая Казявачка і як пазмагаюцца сябры са злосным, хітрым Жуком. Сябры разам абавязкова перамогуць любое зло – у гэтым няма сумневу!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

7 кастрычніка (18:00) запрашаем паглядзець сатырычную гісторыю «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы».

 

Карцёжнікі Суцяшальны (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў), Швохнеў (Вадзім Асвяцінскі / Максім Ратомскі) і Кругель (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) віртуозна ашукваюць і абкрадаюць заезджага шулера Іхарава (Цімур Жусупаў / Дзмітрый Каваленка). Пры першым знаёмстве яны робяць выгляд, быццам бы не ведаюць пра здольнасці Іхарава, які спрактыкавана валодае картамі і мае крапавую, шулерскую калоду. Ён жа мэтанакіравана сядае гуляць з імі, бо чуткі пра майстэрства і ўменні гэтай кампаніі даўно ходзяць па свеце. Жадаючы пераплюнуць вялікіх знаўцаў сваёй справы, Іхараў сам трапляе ў складаную сітуацыю, у сетку вытанчанага падману.

Узроставае абмежаванне –16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

8 кастрычніка (18:00) – зноў прэм’ерны паказ. Свайго гледача запрашае драма «ВЫБАР» па п’есе Аляксея Дударава.

 

На вучэннях перад вадзіцелем танка, радавым Мікалаем Шабунем (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі) стаў выбар: ехаць наперад ці збочыць з дарогі, калі нечакана перад машынай невядома адкуль з’яўляецца хлопчык. І ён выбірае. І разам з таварышамі – радавым Андрэем Крынкіным (Ілля Блыкін / Дзмітрый Філімоненкаў) і сяржантам Сямёнам Дробавым (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў) – ляціць з абрыву... Гэта гераізм, гуманны ўчынак ці толькі незразумелая недарэчнасць? А можа, лёс так вырашыў? Гэтыя пытанні задаюць сабе героі новага спектакля. І шукаюць адказ разам з гледачамі.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

10 кастрычніка (19:00) запрашаем на драматычную камедыю «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе выдатнага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».

 

Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна). Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

11 кастрычніка (19:00) – зноў прэм’ерны паказ. На вялікай сцэне трагіфарс «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага.

 

Мар’я Маскалёва (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка) імкнецца вырвацца з шэрага жыцця ў правінцыйным гарадку, трапіць у далёкую прывабную сталіцу і адначасова хоча ўладкаваць выгаднае замужжа для сваёй вытанчанай дачкі Зіны (Паліна Крашэўская / Дар’я Французава). Нечакана ў горадзе з'яўляецца багаты і ўплывовы Князь (народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс / Юрась Цвірка). Толькі ж вельмі шаноўнага ўзросту! Акрамя таго, на руку і сэрца Зіны прэтэндуе малады, але зусім не паспяховы Павел Мазглякоў (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі). Маскалёва зробіць усё магчымае, каб выйграць латарэю лёсу і атрымаць шчаслівы квіток у новае жыццё. Але ці атрымаецца?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

13 кастрычніка (19:00) запрашаем на дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе французскага драматурга Рабэра Тама «Восем жанчын».

 

Вось яна, мара кожнага (ну, амаль кожнага) мужчыны: калі вакол восем жанчын, і ўсе цябе любяць. Што можа быць лепей? Пачуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Вядома, у глыбіні душы разумееш, што любоў іх не цалкам бескарыслівая, але ці бывае на свеце абсалютна бескарыслівая любоў?

Жонка (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова), яе сястра (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), цешча (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова), дзве дачкі (Святлана Сухадолава, Алёна Чыстабаева), дзве служанкі (Святлана Жукоўская, Ульяна Ацясава) і родная сястра ахвяры (Вольга Куляшова) – адносіны паміж імі вельмі і вельмі заблытаныя. Зайздрасць, рэўнасць, старыя крыўды – усяго тут намяшана. Але хто ж з гэтых улюбёных жанчын забіў беднага тату? І галоўнае – навошта?..

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

14 кастрычніка (12:00) запрашаем юных гледачоў і іх бацькоў на камерную сцэну паглядзець казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

 

Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў / Максім Ратомскі) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Міхаіл Асанаў / Дзмітрый Філімоненкаў / Юрась Цвірка) і надзвычай чуллівая Козачка (Наталля Аладка / Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку, залежыць ад вас!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

Прэм’ерныя паказы не заканчваюцца! 14 кастрычніка (18:00) – камедыя «ФАНЦІКІ» па п’есе англійскага драматурга Рэя Куні «Смешныя грошы».

 

Сціплы англійскі бухгалтар Генры Перкінс (Яўген Бераснеў / Цімур Жусупаў) памылкова ў свой дзень нараджэння прыносіць дадому чамаданчык з каласальнай сумай грошай. Бедны клерк зусім шалее ад захаплення такім багаццем – і вырашае ўзяць рэванш за шэрае існаванне на адну зарплату, збегчы з жонкай (Ульяна Ацясава / Паліна Крашэўская) на край свету, каб жыць выключна ў сваё задавальненне. Вось толькі калі так было, каб атрымлівалася тое, чаго нам хочацца? Перашкаджаюць сябры (Антон Бараноўскі / Дзмітрый Каваленка, Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), паліцэйскія (Максім Ратомскі / Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін), таксіст (Юрась Цвірка) і нават наёмны забойца. А прага грошай змяняе свядомасць – і героі грэбуюць каханнем, сяброўствам, гонарам і абавязкам. Як жа нованароджанаму багацею і ўсім навокал не аслепнуць ад «ззяння золата» і захаваць хаця б крыху сумлення?!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

15 кастрычніка (18:00) і 17 кастрычніка (19:00) на камернай сцэне адбудзецца прэм’ера жыццёвай меладрамы сучаснага расійскага драматурга Уладзіміра Гуркіна «САНЯ. ВАНЯ, З ІМІ РЫМАС». Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў.

Лёсы трох сясцёр з далёкай уральскай вёскі пераплеценыя паміж сабой. Яны разам працуюць, выхоўваюць дзяцей, жартуюць і спяваюць бяседныя песні... Спадзяюцца, што навала Вялікай Айчыннай вайны не кране іх... Бяда прыходзіць нечакана, калі на Івана, мужа Аляксандры, і на Пятра, мужа Соф’і, піша данос разбэшчаны старшыня калгаса. Папярэджвае пра гэта мясцовы міліцыянер Рымас Паціс. Кармільцам толькі адна дарога – на фронт дабравольцамі, каб там бараніць сваіх каханых і родных.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by: 15 кастрычніка і 17 кастрычніка.

22 кастрычніка (18:00) запрашаем гледачоў на камерную сцэну паглядзець міні-серыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock'n'roll на захадзе сонца».

 

…Яна (Наталля Аладка) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату…

І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

24 кастрычніка (19:00) запрашаем на камерную сцэну паглядзець цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» па п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухі.

 

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу ў метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей ад нулёў, біямасы. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць…

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

25 і 26 кастрычніка на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (Мінск). Госці прывязуць дзве камедыі.

25 кастрычніка (19:00) – сатырычная камедыя Мікалая Матукоўскага «МУДРАМЕР».

 

Вынаходнік-самавучка Мурашка (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, былы коласавец Валянцін Салаўёў) прыдумляе апарат, які вызначае ступень чалавечай мудрасці. У спробах запусціць мудрамер у серыйную вытворчасць вынаходца звяртаецца ў канчатковую інстанцыю – Міністэрства ўзгаднення. З гэтага ўсё і пачынаецца…

Цікава, ці атрымае ён дазвол на вытворчасць? Ці аддзячаць людзі за гэтакі падарунак? Калі жадаеце даведацца праўды, то – калі ласка! – чакаем у Коласаўскім тэатры на гастролях Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Спектакль ідзе на беларускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

26 кастрычніка (19:00) – камедыя «ТЭСТЫ ДЛЯ ДАРОСЛЫХ» па п’есе харвацкага драматурга Міра Гаўрана «Не да смеху».

 

Спектакль прапануе іранічную і адкрытую размову на класічную тэму – як захаваць каханне і павагу ў сям’і.

Падчас спектакля глядач стане саўдзельнікам працэсу першаснай тэрапіі, пройдзе папулярныя псіхалагічныя тэсты і адчуе сябе часткай гэтай парадаксальнай гісторыі.

«Тэсты для дарослых» – тэрыторыя, дзе і акцёры, і гледачы змогуць не баяцца быць сапраўднымі, не заганяць сябе ў рамкі, а ў агульным патоку энергіі пражываць пачуцці, што ўзнікаюць у моманце, тут і зараз.

Калі вы гатовы да нечаканых псіхалагічных адкрыццяў і да размовы з гумарам на сур’ёзную тэму адносін, прыходзьце і праходзьце «Тэсты для дарослых» у выкананні артыстаў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Спектакль ідзе на беларускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

27 кастрычніка (19:00) і 29 кастрычніка (18:00) запрашаем на камерную сцэну на прэмерныя паказы драматычнага нарысу «ІЛЛЯ РЭПІН. ЗДРАЎНЁЎСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ» па п’есе Алеся Замкоўскага.

 

Спектакль вяртае гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя. Коласаўцы расказваюць пра Іллю Рэпіна (Яўген Бераснеў) і яго сям’ю, пра яго пастаянны ўнутраны творчы неспакой, пра тое, ці можа мастацтва для геніяльнага мастака быць вышэй за ўсе іншыя жыццёвыя каштоўнасці.

Узроствае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by: 27 кастрычніка і 29 кастрычніка.

28 кастрычніка (18:00) вас чакае сустрэча з героямі класічнай камедыі сербскага драматурга Браніслава Нушыча «ДОКТАР ФІЛАСОФІІ».

 

Жывата Цвіёвіч (Юрась Цвірка / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў), чалавек хоць і заможны, але ўвогуле па сваіх чалавечых якасцях даволі някепскі. Ён вылузваецца, як умее, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Жывата апантаны ідэяй вывучыць сына Міларада (Дзмітрый Каваленка) на доктара філасофіі і зацвердзіць сябе ў шляхетным грамадстве. Пад імем сына-лайдака пасылае вучыцца за мяжу іншага чалавека, які бліскуча заканчвае ўніверсітэт. Праўда, прыдбаў хлопец не толькі дыплом, але і жонку з дзіцем (Святлана Сухадолава).

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

Закончыць тэатральны кастрычнік трагікамедыя «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» па аднайменнай аповесці Паўла Санаева. Чакаем у вялікай зале 31 кастрычніка (19:00).

 

Спектакль апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці (Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава), якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах www.kvitki.by і 24afisha.by.

Чакаем вас у тэатры ў кастрычніку!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X