ТЭАТРАЛЬНАЯ ЛАБАРАТОРЫЯ НА «СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ Ў ВІЦЕБСКУ»

У другі раз у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе тэатральная лабараторыя. Арганізатары – Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС) сумесна з дырэкцыяй фестывалю і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Лабараторыя адбудзецца на пляцоўках тэатра імя Якуба Коласа з 10 па 17 ліпеня.
Лабараторыя выконвае важную функцыю форума мастацтваў – адукацыйную, асветніцкую. Артысты Коласаўскага тэатра, студэнты Вышэйшай школы сцэнічных мастацтваў (Масква, Расія), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў будуць разбіраць знакамітую трагедыю Уільяма Шэкспіра «Гамлет». Кіраваць творчым працэсам будзе прафесар ГІТІС, кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аляксандравіч Бармак.

Майстар-класы з артыстамі і студэнтамі правядуць старшыя выкладчыкі Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва Ларыса Георгіеўна Кайдалава (сцэнічная мова) і Дзмітрый Аляксандравіч Іваноў (сцэнічны рух).
Па выніках работы лабараторыі 17 ліпеня, а 12-й гадзіне, на камернай сцэне тэатра будзе арганізаваны паказ сцэн з п’есы «Гамлет». Уваход вольны.
Летась такая лабараторыя прайшла ў межах фестывалю ўпершыню і мела пазітыўны водгук у гасцей і ўдзельнікаў. На працягу тыдня на майстар-класах займаліся каля 30 беларускіх і расійскіх студэнтаў тэатральных спецыяльнасцей і маладыя коласаўскія акцёры. Вынікам лабараторыі сталі тэатральныя эцюды па п’есе Антона Чэхава «Тры сястры».


Таксама 17 ліпеня, у 18:00, на вялікай сцэне будзе прадстаўлены спектакль «Клапатун, ці Справа майстра баіцца» – музычны вадэвіль па аднайменнай п’есе Аляксандра Пісарава ў выкананні студэнтаў-артыстаў вучэбнага тэатра Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва.


















Добавить комментарий