СА СЛОВАМІ ЎДЗЯЧНАСЦІ ДА СВЯТЛАНЫ ДАШКЕВІЧ

18 кастрычніка ў Коласаўскім тэатры адзначыла юбілей сапраўдны чалавек тэатра, асістэнт рэжысёра Святлана Дашкевіч.
Святлана Мікалаеўна аддана служыць тэатральнаму мастацтву ўсё сваё жыццё. Яе вялікі ўклад у развіццё тэатра імя Якуба Коласа на сучасным этапе, у атрыманне ім высокага статусу «нацыянальны», у стварэнне і захаванне конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр».
У дзень юбілею родныя, сябры, коласаўцы сабраліся, каб выказаць шчырыя словы Святлане Мікалаеўне. Ад імя тэатра выступілі дырэктар Юлія Харкевіч, рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур, народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова, вядучы рэдактар Алесь Замкоўскі.

У гонар Святланы Мікалаеўны выканалі творчыя нумары артысты Святлана Жукоўская, Арцём Блахін, Святлана Сухадолава, «хор тэатра» на чале з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Галінай Букацінай і вядучым майстрам сцэны Наталляй Аладкай. Ад імя абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Святлану Дашкевіч віншавалі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і вядучы майстар сцэны Валянціна Багданава.

Канешне, далучыліся да віншаванняў прадстаўнікі Беларускага тэатра «Лялька», якія традыцыйна вытанчана па-мастацку выказаліся пра Святлану Дашкевіч. З прыемнымі зычаннямі выступіў дырэктар тэатра Аляксандр Грыгор’еў.

Па відэасувязі імянінніцу віншавалі заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерый Анісенка, дачка Ганна. А дачка Вікторыя падарыла маці самвыдатаўскую кнігу пра яе прафесійны шлях.

Напрыканцы Святлана Дашкевіч падзякавала ўсім і ў сваёй прамове пажадала ў першую чаргу прадстаўнікам маладога пакалення коласаўцаў аддана служыць тэатральнаму мастацтву.


















Добавить комментарий