У ВЕРАСНІ – ГАСТРОЛІ УЛАДЗІМІРСКАГА АКАДЭМІЧНАГА АБЛАСНОГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА. УПЕРШЫНЮ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ
Упершыню на коласаўскай сцэне выступіць адзін са старэйшых сцэнічных калектываў Расіі – Уладзімірскі акадэмічны абласны драматычны тэатр. Ён быў заснаваны ў 1848 годзе і такім чынам налічвае больш за 170 год сцэнічнага жыцця. Гастролі Уладзімірскага драмтэатра пройдуць у Віцебску з 20 па 22 верасня.
20 верасня (19:00) гледачы ўбачаць вядомую камедыю класіка расійскай драматургіі Аляксандра Астроўскага «ПРЫБЫТКОВАЕ МЕСЦА».
Квіткі - у касе тэатра імя Якуба Коласа (тэл. 62-63-81)
альбо на сайце kvitki.by.
Сусветна вядомы рэжысёр Дзмітрый Астрахан па-новаму зірнуў на нестарэлыя класічныя тэксты. Спектакль расказвае пра падзенне нораваў, пра тое, як прынцыпы цьмянеюць перад каханнем і галечай, пра тое, што за кожным кутом могуць чакаць ашаламляльныя змены. Аднаму з герояў усё ж пашанцавала. Пашанцавала ў тым, што перад самым падзеннем, перад самай здрадай смому сябе ўмяшаліся акалічнасці і дапамаглі яму. Так можа, гэта значыць, што яшчэ не ўсё страчана? Можа, мы яшчэ ў сілах нешта змяніць?
Спектакль «Прыбытковае месца» – удзельнік Тэатральнага фестываля «Наперад да Астроўскага» (2021, Санкт-Пецярбург, Расія).
Мастак-пастаноўшчык – заслужаны мастак РФ Анатоль Шубін.
У спектаклі заняты: Юрый Круцэнка (Арыстарх Уладзіміравіч Вышнеўскі), Ганна Лузгіна (Ганна Паўлаўна, жонка Вышнеўскага), Аляксандр Аладышаў / Іван Антонаў (Васіль Мікалаевіч Жадаў), народны артыст Расіі, лаўрэат прэміі ўрада Расіі імя Ф.Воўкава Мікалай Гарохаў (Акім Акімавіч Юсаў), Анатоль Шалухін (Анісім Панфілавіч Белагубаў), Алег Касцерын (Антон), народная артыстка РФ Галіна Іванова / Галіна Фатхутдзінава (Фелісата Герасімаўна Кукушкіна), Ірына Жохава / Ганна Зайцава (Юлія), Наталля Дзямідава (Паліна), Маргарыта Бахітава (Сцеша), Багдан Таракоўскі (Мыкін), Віталь Панасенка (Дасужаў), Рыгор Шуянкоў (1-ы службовец), Дзяніс Чысцякоў (2-і службовец), Георгій Дзевяцісільны (Рыгор), Ігар Жмуткоў (Васіль), Андрэй Гурамішвілі (Катрыннік); Міхал Бабаеў, Андрэй Гурамішвілі, Віктар Мотызлеўскі, Віталь Панасенка (Госці).
Узроставае абмежаванне – 14+. Працягласць спектакля – 3 гадзіны 10 хвілін. Спектакль ідзе на рускай мове.
21 верасня (19:00) вас чакае прыемная сустрэча з пастаноўкай яшчэ аднаго класічнага твору – спектакль «ХАЛСТАМЕР» паводле аповесці Льва Талстога.
Квіткі – у касе тэатра імя Якуба Коласа (тэл. 62-63-81)
альбо на сайце kvitki.by.
«Халстамер» ажыве па задуме лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, заслужанага дзеяча мастацтваў РФ, выбітнага харэографа Сяргея Іванавіча Грыцая. Ён прапанаваў сваё бачанне аповесці сусветна вядомага пісьменніка Льва Талстога ў якасці мюзікла.
У Льва Талстога ідэя напісання аповесці «Халстамер» паўстала ў 1856 годзе. Вядомы конназаводчык Стаховіч расказаў яму пра трагічны лёс пярэстага жарабца Халстамера, які адрозніваўся пышнай жвавасцю, магутным і доўгім крокам – «нібы палотны мерае». З-за нестандартнай афарбоўкі малады чыстакроўны конь падпаў пад «выбракоўку», быў спакладаны, бо ўжо не мог лічыцца завадовым. Тады развядзенне скакавых коней лічылася ва ўсім свеце не проста суперпрыбытковым бізнесам, але і сферай бурных, апантаных пакут. І сусветная літаратура нярэдка раскрывала гісторыі аб найпрыгожых, грацыёзных жывёлах як лёсы чалавечыя.
Капрызная фартуна дорыць унікальнаму пярэстаму каню то шчасце трыумфатара, то боль, зневажэнне, забыццё… Талстой скарыстаў узрушальны літаратурны прыём – аповед каня пра ўласнае жыццё ад першай асобы. У 1886 годзе пісьменнік рэалізаваў задуму аповесці, яна карысталася нечуванай папулярнасцю і стала грунтам для яркіх сцэнічных пастановак.
Лібрэта, пастаноўка і харэаграфія – заслужаны дзеяч мастацтваў РФ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ Сяргей Грыцай. Мастак – заслужаны мастак РФ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ Аляксандр Арлоў. Кампазітар – лаўрэат Усерасійскай тэатральнай прэміі «Залатая маска» Ігар Панамарэнка.
У спектаклі занятыя: Аляксандр Аладышаў (Халстамер), Юрый Круценка (Князь Серпухаўскі), Наталля Дзямідава / Валерия Емяльянава (Вязапурыха), Інга Галдзіна (Баба), Дзяніс Чысцякоў (Мілы), Багдан Тартакоўскі (Феафан, фурман), Ганна Кукушкіна / Алена Сярогіна (Мацье), Вячаслаў Ляонцьеў (Сімон), Ігар Клачкоў (Генерал), Яна Іванчук (Каця), Вольга Андрэенка (Ліза), Іван Крушын (Васька), Віталь Панасенка / Іван Антонаў (Стайнік), Алег Касцерын (Конезаводчык), Ганна Лузгіна / Ганна Зайцава (Мары), заслужаны артыст РФ Андрэй Шчарбінін (конюх Сухаў), Міхаіл Бабаеў (конюх Тарас), Антон Суханаў (конюх Прошка), Андрэй Гурамішвілі (Барон), Эміль Філіпаў (Барышнік), Іван Антонаў (Атласны), Маргарыта Бахітава (Глаша), Рыгор Шуянкоў (Вяжэлеў), Георгій Дзевяцісільны (Балетмайстер), Дзяніс Чысцякоў (Дырыжор), Анастасія Сылка (Казачок).
Узроставае абмежаванне – 14+. Спектакль ідзе на рускай мове.
22 верасня (19:00) вы ўбачыце рамантычную камедыю па п’есе сучаснага расійскага драматурга Алены Скараходавай «НОВЫ ГОД FOREVER».
Квіткі - у касе тэатра імя Якуба Коласа (тэл. 62-63-81)
альбо на сайце kvitki.by.
Казка хлусня ды ў ёй намёк... У «казачных намёкаў» Алены Скараходавай – гратэскавая, але на рэдкасць шчырая і невынішчальна гаючая прырода. Пра што б ні былі яе п'есы – пра праблемы забытых расійскіх глухіх закуткоў і трагедыі «апошніх з магікан» – забытых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў краіне, якая афіцыйна высока паважае «тэму ВАВ»; пра нязгоды пакаленняў ці пра нязграбную сустрэчу двух адзіноцтваў – у яе атрымоўваецца знаходзіць тое самае жаданае і ратавальнае святло пад канец тунэля, без якога жыццё чалавечае невыноснае. Усёпераможны гумар, прыродны, ненатужлівы, «інтэлектуальны» – галоўная прыцягальная разыначка яе п'ес.
У камедыі «Новы год forever» – арганічнае і бязлітасна смешнае адлюстраванне нашага сучаснага жыцця афарбавана цалкам трагічнымі фарбамі. Непрызнаны геній Іван настойліва, фанатычна накіраваны на суіцыд... Але дзе там! Яму проста некалі знаходзіцца ў смутку і роспачы. Як ні парадаксальна, але менавіта побытавая бязладзіца, будзённая «цякучка» няўхільна зніжае трагедыйны пафас, залучаючы героя ў масу камічных сітуацый. А там і «хэпі энд» не за гарамі.
Як гаварыў па традыцыі іранічна падаваемы чэхаўскі персанаж – прафесар Серабракоў з драмы «Дзядзька Ваня»: «Трэба, панове, справу рабіць». За справамі, глядзіш, кожная непераадольная праблема, кожны невыносны боль рассмокчацца і «здуецца»?
Будзьце шчаслівыя!
Пастаноўка, сцэнаграфія і музычнае афармленне заслужанага артыста РФ Вадзіма Раманава.
У спектаклі занятыя: Багдан Тартакоўскі (Іван, малодшы навуковы супрацоўнік), Валерыя Емяльянава (Маша, жонка Івана), Маргарыта Бахітава (Фрося, суседка Івана), Юрый Круценка (Кузя, сябар-аднакурснік Івана, алігарх), Анастасія Курганава (Анжаліка, дзяўчына).
Узроставае абмежаванне – 14+. Працягласць спектакля – 2 гадзіны 30 хвілін. Спектакль ідзе на рускай мове.
Сёння ў трупе Уладзімірскага акадэмічнага абласнога драмтэатра 2 народныя артысты, 6 заслужаных артыстаў.
Усе цэхі і службы тэатра ўкамплектаваны высакакласнымі адмыслоўцамі справы, шмат з якіх маюць высокае званне «Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі».
Сярод артыстаў, рэжысёраў, мастакоў тэатра – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, лаўрэат прэміі Урада РФ імя Фёдара Волкава, дыпламанты Усерасійскага конкурсу «Крыштальная ружа Віктара Розава», лаўрэаты абласной Губернатарскай прэміі «Трыумф», абласной прэміі ў вобласці культуры і мастацтва, прэміі імя народнага артыста СССР Е.А.Еўсцігнеева, а таксама лаўрэаты і дыпламанты шмат якіх усерасійскіх і абласных прэмій.
Уладзімірскі акадэмічны драмтэатр стаў уладальнікам трох прызоў фестывалю «Залаты Віцязь» – Залатога, Сярэбранага і Бронзавага віцязяў. Тэатр прадстаўляў Расію ў Парыжы і Вене. На свой тэатральны форум «Фестываль фестываляў» ля «Залатой брамы» тэатр збірае лепшыя пастаноўкі расійскіх і замежных тэатраў. За сваю 173-гадовую гісторыю Уладзімірскі акадэмічны абласны драматычны тэатр дасягнуў высокага творчага ўзроўню, што дазваляе яму паспяхова рэалізоўваць самыя складаныя творчыя ідэі.
Чакаем вас на гастролях Уладзімірскага драмтэатра!


















Добавить комментарий