ВЯДУЧЫ МАЙСТАР КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ РАІСА ГРЫБОВІЧ АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ
1 студзеня 2021 года юбілей адзначае вядучы майстар Коласаўскай сцэны Раіса Грыбовіч. Рэдкія з імпрэзаў, юбілеяў вядомых у Віцебску дзеячаў культуры і мастацтва абыходзяцца без удзелу гэтай артысткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. Яна заўсёды стварае ўтульную атмасферу сустрэчы, калі часцяком сухія дзяжурныя віншаванні раптам змяняе яе трапны беларускі гумар, сакавітыя народныя жарты, цудоўная матчына песня. Магчыма, вось гэтая папулярнасць і спрыяе таму, што глядач ідзе ў Коласаўскі тэатр адмыслова на спектаклі з удзелам Раісы Грыбовіч.
Пакручасты шлях да акцёрскай прафесіі
Шлях Раісы Грыбовіч да акцёрскай прафесіі быў даволі пакручастым. Творчыя схільнасці назіраліся ў ёй яшчэ з маленства. Нарадзілася яна ў вельмі прыгожых маляўнічых мясцінах на Палессі, у вёсцы Сінін, што на Піншчыне. Хадзіла ў сярэднюю школу ў Мерчыцах, дзе вучылася выдатная беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц, чыё дзяцінства таксама прайшло непадалёку. Можа, гэты факт і паспрыяў таму, што Раіса ў юныя гады таксама пачала складаць вершы, якія нават друкаваліся ў раённай газеце. Але марыла стаць актрысай.
Пасля васьмігодкі яна збіралася паступіць у Горкаўскае тэатральнае вучылішча, але спазнілася з дакументамі. Назад у вёску вяртацца не захацела. І паступіла ў будаўнічае прафтэхвучылішча ў Пінску, пасля – цяжкая праца мулярам на будоўлі. Стрыечная сястра, ацаніўшы яе вакальныя здольнасці, прапанавала запісацца ў народны ансамбль песні і танца «Палескія зоры». З гэтым творчым калектывам Раіса вандравала па ўсёй Беларусі, пабывала ў Польшчы, Германіі. Але мара пра тэатр усё ж не знікла. Кінуўшы Пінск, дзяўчына паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. На абароне дыпломаў прысутнічаў сам Уладзімір Мішчанчук (на той час дырэктар Гродзенскай драмы), які запрасіў яе на работу ў гэты творчы калектыў. А ўсё вырашыў званок колішняга дырэктара Коласаўскага тэатра Геральда Асвяцінскага. Ён шукаў маладую дзяўчыну на ролю Настачкі ў «Несцерцы», яму прапанавалі Святлану Жукоўскую, але выкладчыца Зоя Піткевіч вельмі раіла паглядзець і Раісу. Маўляў, у яе народны каларыт, цудоўны голас, яна добра размаўляе на беларускай мове. Спачатку дырэктар адмаўляўся, а потым даў згоду. Так яны ўдвох прыехалі ў Віцебск і засталіся тут да сённяшняга часу.
Першыя ролі
Пачынала маладая артыстка, як гэта вялося ў тыя часы, з выхаду ў масавых сцэнах, з эпізодаў, калі вельмі пашанцуе, уводаў на цэнтральныя ролі. Першай з такіх была самагоншчыца Давыдзіха ў народнай камедыі «Вясёлы дзянёк» па п’есе В.Пакроўскага. Складанасць працы была ў тым, што роля была ўзроставая, да таго ж ёй трэба было замяніць, а пазней іграць у пары з заслужанай артысткай БССР Валянцінай Петрачковай, сапраўдным майстрам коласаўскай сцэны, работы якой для Раісы былі сапраўдным узорам. І яна ж імкнулася да такой арганічнай прастаты, натуральнасці, жыццёвай пераканальнасці, праўдзівасці пачуццяў.
Пазней гэтыя акцёрскія якасці Раісы Грыбовіч заўважыў і ацаніў рэжысёр Валерый Маслюк і прапанаваў ролю Лаймы ў народнай камедыі-прыпавесці «Клеменс» па п’есе Казіса Саі. Гэта быў таксама вобраз, як кажуць, «з народа», але больш блізкі па ўзросце і таму больш зразумелы актрысе. Яна цягнецца да Скалнаса, галоўнага героя п’есы, якога імкнуцца сасватаць за яе, хоць і разумее, што сілаю не быць мілаю. Колькі такіх драматычных жаночых лёсаў давялося потым стварыць на коласаўскай сцэне!
Вучоба ў Эліны Быстрыцкай
Знакавай падзеяй у сваім жыцці актрыса лічыць паступленне ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве на курс народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай у 1986 годзе. Бо развівалася там як творчая асоба, назапашвала цікавы і карысны досвед, наведвала лепшыя тэатры расійскай сталіцы, бачыла некаторых маладымі артыстамі, а зараз яны ўжо карыфеі. У вучэбных урыўках пашчасціла сыграць такія ролі, пра якія ў тэатры даводзілася толькі марыць, – Нюрку з розаўскай п’есы «У дзень вяселля», Бланш з «Трамвая «Жаданне» Уільямса, каралеву Маргарыту з «Рычарда III» Шэкспіра, Паліну Андрэеўну з «Чайкі» Чэхава. Вельмі хацелася, каб яе славуты педагог змагла ўбачыць і ацаніць вобразы, створаныя ёй на коласаўскай сцэне. На жаль, не атрымалася. Хоць сустрэчы былі і пасля заканчэння вучобы. Напрыклад, у Мінску, пасля спектакля «Гора ад розуму», дзе Эльвіра Аўрамаўна іграла ролю Хлёставай. Ужо будучы сталай актрысай Раіса Сцяпанаўна ўяўляла, як бы ацаніла педагог яе работы, асабліва ў класічным рэпертуары, такія, як Мар’я Антонаўна ў «Рэвізоры» М.Гогаля альбо Шаблова ў «Познім каханні» А.Астроўскага.
Сустрэчы з Барысам Эрыным
У 1991 годзе мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра стаў заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Барыс Эрын, рэжысёр з вялікім вопытам, з магутнай маскоўскай тэатральнай школай. Дастаткова сказаць, што ён вучыўся у такіх карыфеяў, як В.Пашэнная, А.Дзікі і М.Гарчакоў. Нягледзячы на сталы ўзрост, Эрын аказаўся вельмі чуйны і да сучасных павеваў, да эксперыментаў. Праграмным спектаклем, які ён паспеў выпусціць у якасці мастацкага кіраўніка, быў «Рэвізор». Дакладней, ён называўся інакш: «ЧП-1» і «ЧП-2». Раісе Грыбовіч была прапанавана роля Мар’і Антонаўны. Рэжысёр раіў актрысе ісці не ад яе знешняй фактуры, а знайсці нешта супрацьлеглае. «Вы нібыта бутончык», – казаў ён на рэпетыцыі, тым самым падказаўшы «зерне ролі». І яна рухалася быццам на пуантах, нібы балерына.
Жанчыны «з народа»
Найбольш удала атрымліваюцца ў актрысы народныя гераіні. Паколькі дзяцінства актрысы прайшло ў вёсцы, яна часта сустракалася з такімі жанчынамі, магла падгледзець і запомніць іх у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях. Найбольш яскравы прыклад – Мальвіна з «Несцеркі» па п’есе Віталя Вольскага – «візітоўкі» коласаўскага тэатра. Гэтую ролю на той час (у 2006 годзе) мастацкі кіраўнік тэатра Віталь Баркоўскі ёй даручыў, калі займаўся аднаўленнем спектакля. Тады актрыса сама ўжо была маці, мела двух дачок і таму клопат Мальвіны пра шчасце сваёй Настачкі быў ёй добра знаёмы і зразумелы. І таму не хацелася іграць злосную, звадлівую жанчыну: так, яна можа гаркнуць, але ўнутраны голас ёй падказвае, што лепш выдаць дачку за каханага чалавека. Відавочна, што ў гэтай ролі Раіса Грыбовіч мякчэйшая, чым іншыя актрысы, папярэднія выканаўцы (Я.Глебаўская, З.Канапелька, Л.Пісарава, Т.Скварцова), але гэта прынцыпова.
Сярод іншых народных персанажаў у адметным выкананні Раісы Грыбовіч можна назваць Магрэту («І смех, і грэх» У.Галубка, Л.Родзевіча), Маладзіцу («Конскі партрэт» Л.Родзевіча («Жарты»), Таццяну з «Любові па перапісцы» Л.Вашко, Розку з драмы В.Маслюка «Пад сонцам», Іванаўну ў «Адэлаідзе» Ж.Унгарда. І, вядома ж, Куліну з «Залётаў» В.Дуніна-Марцінкевіча.
У адным з артыкулаў вядомы беларускі тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Гаробчанка параўнала яе са славутай купалаўскай актрысай Верай Пола. Вельмі ўжо нагадваў гэты персанаж Агату з «Паўлінкі».
У ролях з класічнага рэпертуару
Асобнае месца ў творчасці актрысы займаюць ролі сусветнага класічнага рэпертуару. У рабоце над імі Раісе Грыбовіч асабліва дапамаглі тыя ўрокі, тая прафесійная падрыхтоўка, якую яна атрымала на курсе Эліны Быстрыцкай, а таксама супольная праца з такімі майстрамі Коласаўскага тэатра, як Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька, Уладзімір Куляшоў, Людміла Пісарава, Мікалай Цішачкін, Баляслаў Сяўко. Пасля Мар’і Антонаўны былі Прастакова ў «Недарасці» Д.Фанвізіна, Проня – «За двума зайцамі» М.Старыцкага, Шаблова ў «Познім каханні» і Глумава ў «Мудрацах» А.Астроўскага, Мярчуткіна ў «Смешных людзях» паводле аднаактовых п’ес А.Чэхава.
Асабліва вылучаецца работа актрысы ў спектаклі «Тайбелэ і яе дэман» І.-Б.Зінгера і І.Фрыдмана. Пры ўсім характарна-камедыйным адлюстраванні асноўнай драматычнай лініі, вобраз Генэндэль, створаны Грыбовіч, скараў здзіўляючай мяккасцю, ледзь прыкрытым адчаем адзіноты.
У вобраз Бернарды з драмы Ф.Г.Лоркі «Дом Бернарды Альбы» актрыса прыўносіла дэманічныя, злавесныя фарбы, што дазволіла некаторым крытыкам назваць яе «Мефістофелем у спадніцы». Грыбовіч у гэтай ролі выдатна спалучала экспрэсіўнасць, драматызм і нават гратэск. Спектакль рыхтавалі маладыя балгарскія рэжысёры Дзімітр Дзімітраў і Ёрдан Славейкаў. Адметнасць была ўжо ў тым, што яны працавалі ўдвох. Гэтая роля была свайго роду выпрабаваннем і фізічных, і псіхічных магчымасцей. Думала, што не адолее, бо зашмат энергіі зла, гвалту ў гэтай п’есе і ролі. І гэта бянтэжыла, баялася, каб сябе не разбурыць знутры. Увогуле ж дастаткова іграла розных нячысцікаў – і Бабу Ягу, і Кікімару, але надзяляла адмоўных персанажаў нейкімі добрымі рысамі, а тут нельга гэта рабіць. І тыя, хто памятаў Грыбовіч у ролях народнага альбо камедыйнага, бытавога плану, убачыў яе ў зусім іншым абліччы. Спярша рэжысёры хацелі зрабіць больш авангардны спектакль. З цягам часу і з кожным новым паказам вобраз крыху мяняўся. І недзе там, дзе актрыса была больш жорсткім суддзёй для свайго вобраза, яна знаходзіла мякчэйшыя рысы для апраўдання сваёй гераіні – там, дзе яна адкрывала ў ёй чалавека і яе страх, які нельга паказаць іншым. Некаторыя добра знаёмыя актрысе гледачы казалі: «Як можна так пераўвасабляцца, гэта ж зусім не ты».
У «Смешных людзях» Раіса Грыбовіч пры ўсёй сваёй акцёрскай неўтаймаванасці і здольнасці да яркай імправізацыі, імкнецца падпарадкаваць сябе дакладнаму рэжысёрскаму заданню, упісаць свой вобраз у агульную партытуру спектакля. Чым больш распаляе сябе бухгалтар Хірын (Я.Бераснеў), тым больш спакойнай і ўпэўненай у сабе здаецца Мярчуткіна. Асабліва пацешнай падаецца сцэна, дзе ў самы пік «бітвы» за выжыванне, яна раскладае на пісьмовым стале бухгалтара імправізаваны абед і смачна хрумсціць агурком. Усе сцэны з яе ўдзелам праходзяць віртуозна.
Яе Глумава з «Мудрацоў» А.Астроўскага не можа пахваліцца шляхетнасцю паходжання, добрай адукацыяй, а таксама хоць якім-небудзь банкаўскім рахункам. Затое яна надзеленая прыроднай кемнасцю і акуратнасцю, працавітасцю і сумленнем, адсутнасцю амбіцый і прагматызмам, бязмернай матчынай любоўю і клапатлівасцю. Выканаўца асучасніла, мадэрнізавала вобраз, дадаўшы да яго некаторыя тыпова мужчынскія якасці, што абумовіла развіццё інтрыгі «Мудрацоў». Раіса Грыбовіч прадставіла грымучую сумесь з мацярынскай любові без межаў, авантурызму, зайздрасці, балбатлівасці і беспрасветнай дурасці.
Казачныя персанажы
Актрыса стварыла цэлую галерэю казачных персанажаў. Асабліва актыўна яна працуе ў гэтым накірунку апошнім часам. Запамінаюцца яе Цырымоніймайстар з «Прыгодаў Чыпаліна» А.Бадуліна, А.Чутко паводле Д.Радары, які з’яўляецца свайго роду рухавіком падзей спектакля, каларытнае, летуценнае Воблачка і сучасная, мадэрновая бабуля Агапа ў «Агнявым львы» А.Кружнова, хцівая і падступная Барабуля ў «Вядзьмарцы і Дыназаўрыку» А.Якімовіча, амаль аперэтачная Жучыха, якая нагадвае адну з сучасных фанатак у «Прыгодах Дзюймовачкі» П.Ісайкіна паводле Х.-К.Андэрсена. У гэтых і іншых дзіцячых спектаклях яна лёгка імправізуе, знаходзіць цікавыя прыстасаванні, актыўна кантактуе з дзіцячай залай, валодае добрай пластыкай і голасам. Усе гэтыя складнікі спрыяюць поспеху ў юнага гледача.
Сучасныя гераіні
Шырыня дыяпазону і разнапланавасць актрысы дазволілі рэжысёрам займаць актрысу ў спектаклях самых розных жанраў. Тут і сацыяльна-псіхалагічныя драмы, і лёгкія камедыі, і прыпавесці. Найбольш яскравым, на думку крытыкаў і гледачоў, стаў вобраз маці Дзімона ў сучаснай драме «Ліфт» па п’есе беларускага драматурга Юліі Чарняўскай. У выкананні Раісы Грыбовіч гэта амаль дакументальна пазначаны, трагікамедыйны, абсалютна жыццёвы жаночы тып. Схільная да моцных напояў, яна і на асабістым жыцці, нягледзячы на сталы ўзрост, зусім не збіраецца ставіць крыж. Менавіта гэтыя абставіны ўзвялі нябачную сцяну паміж маці і Дзімонам. У фінальнай частцы актрыса дасягае амаль трагічнай вышыні, калі яе гераіня знаходзіць у падушцы схаваную сынам нарабаваную валюту. Да яе быццам прыходзіць асэнсаванне ўласнай трагічнай віны – таго, што свайго Дзімона яна, у пагоні за асабістым жаночым шчасцем, канчаткова страціла. На X Маскоўскім міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец» (Масква, Расія, 2013) вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч была адзначана спецыяльным дыпломам «За яскравы вобраз Маці Дзімона ў спектаклі «Ліфт».
Поспех у гледача мелі і яе сцэнічныя вобразы, створаныя ў спектаклях: «Псіхааналітык для псіхааналітыка» Д.Балыка (Рая), «Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» Р.Куні (сястра Фостэр), «Яшчэ раз пра каханне» паводле В.Шукшына (Фёкла Кузоўнікава і маці Сярогі), «Мая жонка – падманшчыца» М.Мэё і М.Энэкена (міс Пэціктан), «Каханне і падаткі» У.Ван Зандта і Дж.Мілмар (Вівіян Трэчмэн).
У адной з апошніх прэм’ер тэатра – спектаклі «Стары-стары сеньёр з вялізнымі крыламі» А.Курэйчыка Раіса Грыбовіч выконвае невялічкую ролю Дачкі. Там і тэксту зусім няма. Але гераіні Р.Грыбовіч, самай нягожай дзяўчыне ў мястэчку, удаецца знайсці паразуменне з галоўным героем Анёлам (Г.Гайдук), выйсці з ім на духоўны, душэўны кантакт. Аўтары спектакля праз гэты вобраз разважаюць аб сапраўднай, унутранай прыгажосці чалавека, да якой кожны з нас, відаць, павінен імкнуцца. Толькі тады мы зможам зразумець анёлаў. Пэўна ж, гэтым вобразам майстар сцэны яшчэ раз давяла і пацвердзіла знакаміты выраз Станіслаўскага, што невялікіх роляў не бывае...
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
віншуе вядучага майстра сцэны, уладальніка звання «Чалавек года Віцебшчыны-2009»
Раісу Сцяпанаўну Грыбовіч
з юбілеем і жадае ёй новых яскравых роляў, глядацкага поспеху,
падтрымкі верных сяброў, цікавых задумаў, якія абавязкова здзейсняцца.
Добавить комментарий