СЫШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЗАСЛУЖАНЫ ДЗЕЯЧ МАСТАЦТВАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АЛЯКСАНДР АЛЯКСАНДРАВІЧ САЛАЎЁЎ

Беларуская культурная супольнасць смуткуе...
23 мая 2021 года сышоў з жыцця Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, уладальнік ордэна Францыска Скарыны. Зусім крыху заставалася яму да 95-годдзя...
Аляксандр Салаўёў нарадзіўся 13 верасня 1926 года у вёсцы Салані Ленінградскай вобласці Расіі. Яго юнацкія гады былі азмрочаныя Вялікай Айчыннай вайной... У 1943-1944 гады 17-цігадовы Аляксандр прымаў удзел у партызанскім руху, з 1944-га знаходзіўся ў дзейснай арміі і прымаў удзел у баях у Прыбалтыцы і на Карэльскім перашыйку. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені, памятнымі медалямі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайны.
У 1949-м, пасля дэмабілізацыі, Аляксандр Салаўёў з’ехаў да маці ў латвійскі горад Мадона. У 1955-м паступіў у Ленінградскае Вышэйшае мастацка-прафесійнае вучылішча імя В.І.Мухінай на аддзяленне майстроў манументальнага жывапісу. Пасля заканчэння працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў сярэдняй школе ў Мадоне.
У 1959 годзе пераехаў у Беларусь, у 1965-м пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, пачаў працаваць мастаком-пастаноўшчыкам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. З 1977 па 1995 гады займаў пасаду галоўнага мастака тэатра. Ва ўзросце 69 гадоў сышоў на заслужаны адпачынак.
Прыезд Аляксандра Салаўёва ў Віцебск адзначыў з'яўленне пасляваеннага гарадскога авангарда. Як мастак, які вырас на класічнай школе і сусветных узорах рэалізму, ён вывучаў разнастайныя абстрактныя і рэалістычныя сістэмы, стаў злучаць рэалізм з абстрактным мастацтвам.
Падчас працы ў тэатры імя Якуба Коласа Аляксандр Салаўёў стварыў мастацкае афармленне больш за 80 спектакляў, супрацоўнічаў з іншымі тэатрамі Беларусі і за мяжой. У супольнай працы з рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі Аляксандр Салаўёў паставіў у Коласаўскім тэатры многія знакавыя спектаклі. З Валерыем Мазынскім – «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» Ул.Караткевіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Летась у Чулімску» А.Вампілава, «Парог» і «Радавыя» А.Дударава, «Зінуля» А.Гельмана. У 1976 годзе за спектакль «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа пастановачная група была ўзнагароджана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.
Аляксандр Салаўёў афармляў спектаклі Валерыя Маслюка («Брыльянт» Е.Пшэздзецкага, «Клеменс» К.Саі, «Стары дом» А.Казанцава, «Закон вечнасці» Н.Думбадзе, «Жаніцьба» М.Гогаля), Аляксандра Смелякова («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера, «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Аляксандра Дольнікава («Мяшчане» М.Горкага, «Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай), Юрыя Лізянгевіча («Загадка дома Вернье» А.Крысці, Р.Тама), Антона Грышкевіча («Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча). Запамінальнымі для тэатра сталі пастаноўкі са сцэнаграфіяй Аляксандра Салаўёва: «Ветрык, вей!» Я.Райніса (рэжысёр А.Кродарс), «Клоп» паводле У.Маякоўскага (рэжысёр Б.Эрын), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (рэжысёр С.Казіміроўскі).
Сцэнаграфіі Салаўёва былі ўласцівыя абагульненне, сімвалічнасць, пластычнасць кампазіцыі і каларыту, багацце выразных сродкаў. Салаўёў А.А. – мастак-філосаф. Яго тэатральныя працы дазвалялі глыбей раскрыць фабулу пастаноўкі, характар герояў, існасць выяў, падымаючы іх да сімвалічнага гучання. Яны прымушалі гледача думаць, вастрэй і ярчэй успрымаць спектакль.
Творчасць Аляксандра Салаўёва стала неад’емнай часткай культуры Віцебска і ўсёй Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя. Праца ў майстэрні мастака не спынялася да апошніх дзён жыцця. Яшчэ пры жыцці ён быў прызнаны патрыярхам беларускага авангарду.
У 1966 годзе Аляксандр Салаўёў стаў членам Саюза мастакоў СССР, з’яўляўся членам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. У 1968-1969 гады быў старшынёй мастацкага савета Віцебскіх мастацкіх майстэрняў, у 1973-1977 гады – старшынёй кіраўніцтва Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. У 1980-я гады з'яўляўся дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў.
У 1982 годзе Аляксандру Салаўёву прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР». Ён заўсёды быў актыўным удзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў (у Расіі, краінах Прыбалтыкі, Аўстраліі, Германіі, Францыі, Фінляндыі). За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўнёсак у развіццё мастацтва і культуры Беларусі ў 2017 годзе Аляксандр Салаўёў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Многія мастацкія работы Аляксандра Салаўёва захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва: тэатральныя эскізы пастановак у тэхніцы жывапісу, вялікая колькасць графічных і жывапісных работ...
«Мастак не павінен казаць – за яго кажуць яго работы. Галоўная задача мастака – знайсці самога сябе, – быў упэўнены Аляксандр Аляксандравіч. – У мастацтве нельга хлусіць, павінна быць шчырасць, сваё меркаванне. Няхай гэта меркаванне будзе няправільным, але гэта твар, сутнасць мастака».
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа смуткуе з нагоды смерці Аляксандра Аляксандравіча і выказвае глыбокія спачуванні яго родным і блізкім. Вечная памяць!..
Развітанне з Аляксандрам Аляксандравічам Салаўёвым
адбудзецца 25 мая, з 10:00 да 12:00,
на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Пачатак грамадзянскай паніхіды – у 11:00.
Пахаваны Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў будзе на могілках «Мазурына» ў Віцебску.
Добавить комментарий