ПАЙШЛА З ЖЫЦЦЯ ЗАСЛУЖАНАЯ АРТЫСТКА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ВАЛЯНЦІНА ПЕТРАЧКОВА

У тэатр прыйшла сумная вестка. 20 верасня на 83-м годзе пайшла з жыцця заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Валянціна Цімафееўна Петрачкова.

Яна самааддана працавала ў Коласаўскім тэатры з 1958 года, пасля заканчэння студыі (дзе яе настаўнікамі былі такія выдатныя асобы беларускага мастацтва Навум Лойтар, Цімох Сяргейчык, Аляксандр Скібнеўскі, Фёдар Шмакаў) і па 2014 год. Тут яна стварыла каля 200 сцэнічных вобразаў. Сярод іх такія знакавыя для беларускага сцэнічнага мастацтва ролі, як Еўга Бабук у «Званах Віцебска» Ул.Караткевіча, Пабратынская з «Гісторыі граху» С.Жэромскага, Аднавочка з «Клеменса» К.Саі, Ганна з «Вечара» А.Дударава, Галчыха з «Без віны вінаватых» А.Астроўскага, Куліна з «Залётаў» В.Дуніна-Марцінкевіча, Старая з «Крэслаў» Э.Іянэска, Памэла з п’есы «Дарагая Памэла Кронкі!» Д.Патрыка, Геня Завойнер з «Апошніх сведкаў» С.Алексіевіч, Марыя Хасэфа з «Дома Бернарды Альбы» Ф.Г.Лоркі…

 

Сама Валянціна Цімафееўна неяк прызналася: «Усе мы, акцёры, жадаем працаваць.  У маладосці я брала п’есы, перапісвала ролі. Рэжысёр мне казаў: «Валя, ты ніколі не будзеш гэта іграць, а я вучыла тэкст. Калісьці мне хацелася і лірычную драму сыграць, калісьці  – дэтэктыўчык, шпіёнку страшную, альбо забаўную, «шухарную» ролю. А зараз хочацца сказаць гледачу штосьці вельмі важнае. Па-мойму, маю на гэта права.»

Валянціна Цімафееўна пачынала з легендарным пакаленнем коласаўцаў. Яна вучылася ў іх майстэрству, дакладнасці дэталі, адточанасці пластыкі, узбуйненасці вобраза.

Асаблівую прыхільнасць выклікала яе Еўга – юродзівая. Але актрыса не рабіла акцэнт на яе вар’яцтве, яна – народ, яго праўдзівы голас. Перад раз’юшаным натоўпам, які абараняе сваю веру, з’яўляецца Кунцэвіч, які імкнецца давесці, што ён добры, цярплівы. Еўга-Петрачкова папярэджвае, каб не верылі яму: «Ды вы ўсе тут без галоў, людзі. Ходзяць, рукамі махаюць, а ўсе без галоў! І ты, і ты, і ты!». Лепшым месцам ролі была сцэна Еўгі з Кунцэвічам. Так, яна абвінавачвае яго ў злачынствах, не баючыся, што за гэта ёй пагражае смерць. І ўсё ж у адным толькі звароце да яго – «Іване!» – гучыць столькі чалавечага, столькі болю за арцыбіскупа. Яна верыць, што ў ім прачнецца чалавек, які вернецца да сваёй роднай зямлі.

Псіхалагічная распрацоўка характару, глыбокае пранікненне ў драматургію лёсу гераіні былі прыкметнымі ў творчасці актрысы.Нават самым нязначным рухам яна магла выразна падкрэсліць адметныя рысы персанажа.

Гледачы сярэдняга пакалення яшчэ памятаюць яе бабу Аднавочку з «Клеменса» Казіса Саі. Роля, здаецца, не з галоўных, але з якім мяккім гумарам была зроблена актрысай! Яна, гэтак жа як смаляр Алялюмас, музыка Скалнас – была ўвасабленнем годнасці, маральнай чысціні жыхароў Дзевяцібедаўкі, не ўсіх, а тых адзінак, хто не растварыўся у тупым натоўпе, не дазволіў сабе ператварыцца ў рабскае паслухмянае быдла.

Зусім іншая роля – Галчыха з «Без віны вінаватых» А.Астроўскага. Перажыўшая свой век старая, чый розум блукае недзе ў прастрацыі, бярэ інстынктам выжывання выкінутай на вуліцу дварнягі. Шкада яе і адначасова агідна бачыць гэтыя дрыжачыя рукі, якія хуценька зграбаюць банкноты.

Адна з найбольш значных яе работ – Ганна ў спектаклі «Вечар» па п’есе А.Дударава. Калі параўноўваць яе працу з выкананнем той жа ролі другой актрысай, то варта адзначыць, што Петрачкова моцна драматызавала вобраз, больш падкрэслівала адзіноту, невычэрпны душэўны боль, смутак сваёй гераіні. Яе параўноўвалі з беларускай мадоннай. Дарэчы, калі спектакль на гастролях у Маскве бачыў былы міністр культуры СССР Юрый Дземічаў, то быў настолькі ўражаны ігрой віцебскіх артыстаў, што загадаў  усім прысвоіць ганаровыя званні. Так Валянціна Петрачкова стала заслужанай артысткай Беларусі. Апроч таго, за ролю Ганны ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Валянціна Петрачкова ўдала дакранулася і да класікі «тэатра абсурда» ў пастаноўцы Антона Грышкевіча «Крэслы» паводле Эжэна Іянэска. Вобраз Старой быў запамінальным, бо актрыса, можа, і насуперак аўтару, узбагачала яго сваёй жыццёвай мудрасцю, сваім асабістым смуткам, чалавечнасцю, жаночай цеплынёй. Здольнасць спалучыць драматызм, псіхалагічны аб’ём вобраза з камедыйнымі фарбамі, эксцэнтрыкай выявілася і ў спектаклі «Дарагая Памэла Кронкі!»

Сярод іншых работ, створаных на коласаўскай сцэне, варта адзначыць яе Урбену–свайго роду дух манастыра з «П'емонцкага зверу» А.Курэйчыка, мудрую,а ў нечым жорсткую Маргарэт з «Бацькі» А.Стрындберга, знаходлівую няньку Філіцату («Праўда - добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага), забаўную Арыну Панцялееўну з «Жаніцьбы» М.Гогаля, сагнутую жыццём Марушку («Пад сонцам» В.Маслюка), апантаную сваёй мацярынскай любоўю нямую Мар’ю («Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана).

 

Апошняя па часе яе работа – Марыя Хасэфа з драмы «Дом Бернарды Альбы» Ф.Г.Лоркі. Здавалася, што гераіня Петрачковай толькі прыкідваецца вар’яткай, столькі цвярозага розуму ў яе словах, якія яна смела кідае ў твар Бернардзе. Жыццялюбства і эпатаж Хасэфы – свайго роду пратэст супраць дэспатызму, тыраніі гаспадыні змрочнага дому. Гэтую ж ролю яна выконвала на сваім бенефісе. Як цёпла прымала  кожны яе выхад глядзельная зала, не шкадуючы гарачых воплескаў!

Трэба прыгадаць і тыя ролі, якія актрыса сыграла ў кіно. Гэта Яўхіміха ў «Знаку бяды», Палаг’я Хахлова з «Плача перапёлкі», Настаўніца з «Белых адзенняў», Макар’еўна з серыялу «Будулай, якога не чакаюць», Ганна, бабуля Люды са стужкі «Свяжына з салютам» і іншыя.

   

Яна ўвасабляла мудрасць, дабрыню і адданасць сцэне, была сапраўднай беларускай актрысай, бо змагла сабраць і захаваць ў сабе лепшыя традыцыі Коласаўскага тэатра, якому ніколі не здраджвала. Цяпер яна ўжо сама стала часткай яго выдатнай гісторыі.

Памяць пра Валянціну Цімафееўну Петрачкову назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа глыбока смуткуе
і выказвае шчырыя спачуванні яе родным і блізкім.

Развітанне з Валянцінай Цімафееўнай Петрачковай
адбудзецца 23 верасня ў рытуальнай зале «Тихая обитель»
па адрасе: вуліца П.Броўкі 50/3, з 12:00 да 13:00.
Каля тэатра развітанне адбудзецца прыкладна ў 13:30.

Пахаванне Валянціны Цімафееўны Петрачковай адбудзецца на Радзіме,
у вёсцы Мерзлякова Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X