НАВУКОВА-ПРАКТЫЧНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ: І ТРАДЫЦЫЯ, І ЭКСПЕРЫМЕНТ

18 лістапада 2016 года ў тэатральнай гасцёўні тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца Навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент». Ідэя правядзення канферэнцыі належыць Коласаўскаму тэатру, яна распачне шэраг падзей, прымеркаваных непасрэдна да 90-годззя. Ініцыятыву падтрымалі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, абласны краязнаўчы музей і Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Апошні раз даследчыкі тэатра збіраліся ў Віцебску аж 20 год таму, абмяркоўвалі тады праблемы акцёрскага мастацтва Беларусі.
На сёння адгукнуліся і даслалі свае даклады і выступленні вядомыя тэарэтыкі і практыкі з Мінска і Віцебска. Сярод іх – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалай Пінігін, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Вераніка Ярмалінская, дацэнты кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдаты мастацтвазнаўства Наталля Валанцэвіч і Ксенія Дубоўская, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Галак, доктар мастацтвазнаўства, прафесар ВДУ імя П.М.Машэрава Таццяна Катовіч і многія іншыя.
Тэматыка выступленняў вельмі шырокая і разнастайная: ад даследавання вытокаў тэатра ў Віцебску да праблем сучаснага сцэнічнага мастацтва на Беларусі і яго разнастайных форм (праектны, сацыяльны, пластычны тэатр). Шэраг цікавых паведамленняў прысвечана майстрам коласаўскай сцэны – артыстам, рэжысёрам, мастакам. Па матэрыялах канферэнцыі плануецца выданне зборніка.
З праграмай канферэнцыі можна пазнаёміцца тут.
Пачатак канферэнцыі – а 10-й гадзіне.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Уваход свабодны.
Добавить комментарий