«ЗВЯРЫНЫЯ АПАВЯДАННІ». ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ З НАГОДЫ БУДУЧАЙ ПРЭМ'ЕРЫ

 

27 мая (19:00) усіх прыхільнікаў Коласаўскага тэатра на камернай сцэне чакае сустрэча з героямі п’есы сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра «Звярыныя апавяданні». Напярэдадні адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў, у якой бралі ўдзел рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Аляксей Шаўлоў і кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, дарэчы, перакладчык п’есы на беларускую мову Алесь Замкоўскі.

Алесь Замкоўскі:
– Пра што твор, у двух словах сказаць немагчыма. Па сутнасці, гэта 11 міні-п’ес, аб’яднаных адной ідэяй. Мяркую, што лепш аб гэтым распавядзе рэжысёр. Думаю, што спектакль набудзе, заваюе гледача, бо ў кожнай з гэтых п’ес ёсць свае кранальныя моманты, якія паказваюць жыццё чалавека. Як казаў рэжысёр, галоўнымі героямі з’яўляюцца жывёлы, якія ўвасабляюць людзей, а тыя, у сваю чаргу, увасабляюць жывёлаў. Вось такі, на першы погляд, парадокс. Але калі мы агледземся вакол сябе, то ўбачым, што кожны з нас  можа быць як каровай, так і арлом, і ільвом, больш высакароднымі істотамі. У спектаклі задзейнічаны толькі пяць артыстаў. Антон Бараноўскі і Герман Дымарэцкі выконваюць ролі дапаможцаў. Акцёры, што цягнуць на сябе сюжэт, распавядаюць і паказваюць усе гісторыі, – Юлія Крашэўская, Арцём Герак і народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Тадэвуш Кокштыс. Ён многа гадоў не выходзіў працаваць на камерную сцэну.

 

– Чым тлумачыцца выбар п’есы і якую ідэю вы закладалі, ці ўзаемазвязаны яны?

Аляксей Шаўлоў:
– Я выбіраю п’есу не з-за ідэі, а з-за таго, што ўнутры мяне штосьці варушыцца пры сутыкненні з ёй, уяўляюцца нейкія цікавыя тэатральныя магчымасці, а ідэя даганяе, узнікае ў выніку хутчэй эмацыянальна-рацыянальнага паглыблення ў матэрыял, спачатку сам-на-сам з сабой, але ў асноўным праз артыстаў, прастору, праз сцэнічныя сродкі, жывыя і складана прагназуемыя працэсы. У выніку злучэння паміж сабой гэтых элементаў ствараецца нейкае ідэйнае поле. Я б скарэктаваў Алеся ў тым плане, што тут мы гаворым пра людзей, якія праз свае жарсці губляюць чалавечае аблічча. Для мяне яшчэ важна, што кожны з эпізодаў дае нейкую цікавую жанравую грань, дае магчымасць зрабіць усе міні-спектаклі ў межах аднаго.

– Ходам работы над спектаклем сустрэліся розныя пакаленні, нават не бацькі і дзеці, а дзяды і ўнукі. Ці не ўзнікаў тут канфлікт?

– З Тадэвушам Антонавічам?

– Так.

– Калі толькі творчы. Але гэта адзін з лепшых, якія могуць быць. Калі мы «змагаемся» не за амбіцыю, першынства, аўтарытэт, а за тэатр . Тадэвуш Антонавіч пры ўсім сваім досведзе, багажы, аўтарытэце, чалавек, які чуе і нясе ў сабе сапраўдную тэатральную этыку, культуру, унутраную дысцыпліну. Для маладых артыстаў, якія працуюць тут, гэта жывая школа.

 

– А што ў прыярытэце, калі вы бачыце ролю адным чынам, а ён па-іншаму?

– Пры любым раскладзе, любым досведзе апошняе слова павінна застацца за рэжысёрам. Інакш адбываецца абслугоўванне паважаных артыстаў, тады гэта бенефіс, а не мастацкае выказванне. І дзякаваць Богу, што Тадэвуш Антонавіч гэта разумее, інакш у нас бы не ўтварыўся творчы кантакт. Мы б развіталіся яшчэ на пачатку.

Алесь Замкоўскі:
– Думаю, што гэты матэрыял вечны, ён можа ставіцца ў любы час, з любых пазіцый.

Аляксей Шаўлоў:
– Гэта бясконцая метафара. Тое, што аўтар прапануе свет жывёлаў, дазваляе напоўніць спектакль розным зместам. Усе гэтыя п’есы могуць рэзаніраваць з тым часам і прасторай, у якой яны рэалізуюцца. У Расіі яны прагучалі б так, у Беларусі па-іншаму.

 

– Ці адрозніваецца погляд Дона Нігра на гэты матэрыял ад вашага погляду?

Аляксей Шаўлоў:
– Напэўна ж ён закладаў нешта сваё. Але ў гэтым і прывабнасць матэрыялу, што мы напаўняем яго сваімі перажываннямі, сваімі біяграфіямі.

Чакаем гледачоў 27 мая (19:00) на спектаклі «Звярыныя апавяданні»!
Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X