ЗАГАДЧЫК МУЗЫЧНАЙ ЧАСТКІ АЛЯКСАНДР КРЫШТАФОВІЧ АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ! 60 год!
7 ліпеня 2023 года юбілей – 60-годдзе з дня нараджэння – адзначае загадчык музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, кампазітар Аляксандр Маркавіч Крыштафовіч. На яго творчым рахунку арыгінальная музыка і падбор музычнага афармлення больш чым 80 спектакляў. Музыка з’яўляецца адным з найбольш яркіх складнікаў атмасферы спектакля, яна дапамагае рэжысёру рухаць дзеянне, надае пастаноўцы пэўную жанравую адметнасць і акрэсленасць. І ў гэтым вялікая заслуга тэатральнага кампазітара, які адчувае драматургію твора і рэжысёрскую задуму.
Усё пачалося… з вяселля
Захапленне музыкай для маленькага Сашы пачалося з пяці год. Менавіта тады ён у родных Чашніках трапіў на вяселле. І яго ўразіла, як нейкі дзядзька граў на гармоніку. Захацелася навучыцца самому. І навучыўся. Вядома ж, дарослыя дапамаглі. Наступны музычны інструмент, што юнак асвоіў, была труба. Граць на ёй ён вучыўся ў мясцовай музычнай школе. Паралельна пачаў захапляцца спортам, удзельнічаў у многіх лыжных спаборніцтвах. Аднаго разу ўрачы выявілі праблемы з сэрцам. Бацькі думалі, што гэта з-за трубы. І перавялі яго на клас баяна. Пасля заканчэння школы Аляксандр едзе паступаць у Віцебскае музычнае вучылішча.
Лёс, звязаны з тэатрам
У 1984 годзе Аляксандр Крыштафовіч прысутнічаў на сустрэчы з амерыканцамі ў тэатральнай кавярні, выступаў у складзе фолк-поп-рок-групы «Крыніца». На той час яна была дастаткова вядомай, тройчы станавілася лаўрэатам фестывалю польскай песні ў Віцебску. На сустрэчы былі галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Валерый Мазынскі і дырэктар Геральд Асвяцінскі. Валерый Яўгенавіч запрыкмеціў таленавітага юнака (яму вельмі спадабалася беларуская праграма) і запрасіў на гутарку. Прагучала прапанова ўзначаліць аркестр тэатра. Аляксандр на той час быў яшчэ студэнтам і не рызыкнуў пагадзіцца. Але ўсё роўна Мазынскі пазнаёміў яго з артыстамі аркестра. Яны прапанавалі прыйсці на рэпетыцыі і паіграць разам з імі. Юнак валодаў і баянам, і ў той жа час лірай, гармонікам, гітарай, клавішнымі. Дырыжор аркестра Яфім Сандамірскі прапанаваў працаваць музычнай частцы ў якасці музыканта. І Аляксандр Крыштафовіч пачаў іграць на разавых спектаклях. Адначасова працягваў вучобу ў вучылішчы, выкладаў у музычнай школе і іграў у «Крыніцах» беларускія песні – рэкруцкія, вясельныя ў сваёй аранжыроўцы.
У 1986 годзе Аляксандр Крыштафовіч прыйшоў у Коласаўскі тэатр на сталую работу артыстам аркестра. Тады музычнай часткай кіраваў Генадзь Шэмет. У 1991 годзе Аляксандр Крыштафовіч узначаліў музычную частку тэатра.
Неўзабаве аркестр скарацілі, але вясёлыя гісторыі, звязаныя з ім, дагэтуль жывуць. Адна з іх распавёў Аляксандр Маркавіч: «Ідзе спектакль, аркестр грае ў жывую. Адна з артыстак (не буду называць прозвішча) сядзела на авансцэне і мусіла заспяваць сваю партыю. Я папярэдзіў, каб глядзела на маю руку: калі трэба ўступаць – пакажу. Не паглядзела… І не ўступіла. Чую, шэпча: «Саша, пачні спачатку!» А я шапчу ў адказ: «Плач!» І падымаю аркестр на два фортэ! А што рабіць?! Аркестр не будзеш «разварочваць» перад усёй залай. І артыстка плакала. Гэтак выйшлі са становішча».
У якасці кампазітара
Першым спектаклем, для якога Аляксандр Маркавіч стварыў арыгінальную музыку, была «Вераб’іная ноч» паводле пралогу да рамана «Нельга забыць» У.Караткевіча. Гэта была і першая рэжысёрская работа Міхася Краснабаева. Далейшае супрацоўніцтва двух творцаў было актыўным і плённым. І мела паспяховыя вынікі – «Леаніды не вернуцца на Зямлю» па Караткевічу, «Школа блазнаў» па Гельдероду, «Вар’яцкае танга кахання» С.Шэпарда, «Плач, саксафон!» Сідарука, «Стрэл у тумане» па В.Быкаву, і «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, Р.Быкава і многія іншыя спектаклі.
Знакавая частка творчасці юбіляра – пастаноўкі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталя Баркоўскага. Гэта быў сапраўдны ўздым, у далейшым высока ацэнены на розных тэатральных фестывалях. Музыка да спектакля «…Таму што люблю…» А.Паповай узнагароджаная дыпломам «За лепшае музычнае афармленне» на Першым нацыянальным фестывалі ў Бабруйску і тэатральным фестывалі «Надзея-2000» у Гродна. Музыка да спектакляў «Пісьменныя» М.Чокэ і «Тузы» У.Відмера – дыпломамі на фестывалях нямецкамоўнай драматургіі ў Мінску ў 1998 і 2002 гадах, музыка да спектакля «Шагал... Шагал…» – на фестывалі «Усход-Захад» (Англія, 2000).
Прыкметнай старонкай у гісторыі беларускага тэатра сталі пастаноўкі па творах нашых песняроў – «Зямля» паводле творчасці Якуба Коласа і «Сон на кургане» паводле драматычнай паэмы Янкі Купалы. Тут Аляксандру Маркавічу вельмі спатрэбіўся яго досвед па аранжыроўцы беларускіх народных песнь, набыты яшчэ пад час работы ў «Крыніцы».
Сумесна з ансамблем салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам У.Байдава Аляксандр Крыштафовіч зрабіў музычную рэдакцыю спектакля «Несцерка» В.Вольскага, адноўленага ў 2006 годзе без жывога аркестра, што запатрабавала сур'ёзнай карэкціроўкі вакальных нумароў.
Загадчыку музычнай часткі неаднойчы даводзілася і самому ў якасці акцёра і музыканта выходзіць на сцэнічную пляцоўку. У спектаклі Мазынскага – «Плюшавая малпачка ў дзіцячым ложку» выкарыстоўвалася жывое гучанне гітары, кларнета і скрыпкі. Пазней – у пастаноўках Баркоўскага «Шагал… Шагал…» (Зюся, дзядзька Шагала) і «Дадому» (Вулічны музыкант).
Сам Аляксандр Маркавіч любіць розныя накірункі ў музыцы, ад фольку і класікі да поп-року і авангарднай музыкі. Любімыя кампазітары – Філіп Глас, Альфрэд Шнітке, Жан Мішэль Жар...
За выдатныя творчыя заслугі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Аляксандр Крыштафовіч неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблавыканкама, а таксама ганаровай граматай Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў, граматай Міністэрства культуры і Падзякай Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе шаноўнага Аляксандра Маркавіча з юбілеем
і зычыць яму добрага здароўя, толькі светлых дзён,
трываласці, натхнення,
новых цікавых творчых работ на карысць беларускага мастацтва!
Добавить комментарий