З НАГОДЫ ЮБІЛЕЮ ШЧЫРЫЯ СЛОВЫ ВІНШАВАННЯЎ ПРЫМАЎ РЫГОР ШАЦЬКО

Сёння, 16 красавіка, заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь, вядучаму майстру коласаўскай сцэны Рыгору Іванавічу Шацько споўнілася 60 год. А напярэдадні, у нядзелю, 14 красавіка, на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа адбыўся спектакль «Бальніца на краі свету», прысвечаны юбілею выдатнага артыста, дзе Майстар выйшаў у адной з цэнтральных роляў – Дзеда. Публіка з захапленнем прымала новую работу коласаўцаў, актыўна рэагавала на многія рэплікі артыстаў і камедыйныя сітуацыі.  

Пасля заканчэння спектакля адбылася другая, віншавальная частка вечара, якую вяла загадчык трупы Святлана  Дашкевіч. Яна нагадала пра вялікі творчы шлях, пройдзены Рыгорам Іванавічам ў коласаўскім тэатры.Гледачы на вялікім экране маглі ўбачыць здымкі і ўспомніць самыя яскравыя, этапныя работы артыста: Аляксандра Залатнікова са спектакля «Ах, які пасаж!» паводле рускіх класічных вадэвіляў, Астрава з «Дзядзі Вані» А.Чэхава, Элхонена-Гурмізаха з «Тайбелэ і яе дэмана» І.-Б.Зінгера і І.Фрыдмана, Журдэна са «Здурнелага Журдэна» М.Булгакава,  Камісара са спектакля «Шагал…Шагал…» Уладзіміра Драздова і іншых.

Зала гучнымі апладысментамі вітала самога віноўніка ўрачыстасці. Ну а вядучая прадставіла артыстаў-коласаўцаў, якія некалі ігралі разам з Рыгорам Іванавічам у тых даўнейшых пастаноўках, якія, можна з упэўненасцю сказаць, увайшлі ў залаты фонд гісторыі беларускага тэатра. Сцэнічныя партнёры юбіляра з’явіліся перад ім у тых самых вобразах і з тымі самымі рэплікамі, што і ў былыя гады. Напрыклад, артысткі Алена Шарэпчанка і Наталля Аладка выйшлі ў касцюмах Марыські, каханай Петрука, якога некалі іграў Рыгор Шацько ў смяхотнай штуцы «Залёты». А заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна нагадала Кацечку з вадэвіля «Бяда ад пяшчотнага сэрца» (які ўвайшоў у спектакль «Ах, які пасаж!»), а таксама Баржомі з «Вежы» (дзе Рыгор Іванавіч іграў Андрона Сыцюка). З вялікім валуном выйшаў на сцэну народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, ён жа Ютка Казубоўскі з таго ж самага спектакля, каб ад сябе і ад імя свайго персанажа таксама павіншаваць юбіляра.

Вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч не магла не ўспомніць сваю Генэндл са спектакля «Тайбелэ і яе дэман», ну і вядома ж, не магла абысціся без задушэўнай беларускай песні, якой шчыра вітала свайго колішняга сцэнічнага партнёра.

Са Смаленска да нас завітаў і выйшаў на сцэну з віншаваннямі былы мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі, з якім Рыгор Шацько ў якасці дырэктара разам узрушыў тэатр, зрабіў яго больш цікавым для гледача, наладзіў самыя цікавыя паездкі на лепшыя міжнародныя фестывалі і гастролі.

Юбіляра таксама віншавалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова і Віктар Дашкевіч, вядучыя майстры сцэны Анжаліка Баркоўская, якая выказала шкадаванне, што не пашчасціла (ва ўсякім выпадку пакуль) быць яго сцэнічнай партнёркай, Генадзь Гайдук, Зінаіда Гурбо, іншыя артысты-коласаўцы.

На сцэну выйшаў мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў, які павіншаваў Майстра і ўручыў яму Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

З самымі цёплымі словамі звярнуўся на завяршэнне вечара Рыгор Шацько да публікі і выказаў ёй бязмерную падзяку за павагу  і любоў да Коласаўскага тэатра.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X