«ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» ПА П’ЕСЕ «ГУЛЬЦЫ» МІКАЛАЯ ГОГАЛЯ. ПРЭМ’ЕРА АДБЫЛАСЯ!

На коласаўскай сцэне 28 і 29 кастрычніка з поспехам прайшла прэм’ера спектакля «Вытанчаны падман», сатырычнай гісторыі па п’есе Мікаля Гогаля «Гульцы».
Глядач змог годна ацаніць майстэрства рэжысёра-пастаноўшчыка, аўтара сцэнаграфіі і касцюмаў Андрэя Жыгура, кампазітара Аляксандра Гембіцкага, харэографа Сяргея Талкача і, вядома, акцёраў-коласаўцаў.
Некаторыя гледачы, у тым ліку і журналісты, якія таксама прысутнічалі на прэм’ерных паказах, маглі нават параўнаць розныя склады выканаўцаў. Ёсць прыхільнікі таго, што на адну ролю можа быць прызначаны толькі адзін артыст, бо менавіта праз яго рэжысёр выражае сваю задуму, сваю канцэпцыю спектакля. Але маюцца і апаненты гэтага меркавання: на іх думку цікава ўбачыць розных выканаўцаў, гэта нават пашырае сэнсавае поле спектакля. Такім чынам, 28 і 29 кастрычніка адбыліся два ў нечым непадобныя паказы спектакля «Вытанчаны падман».
Цэнтральную ролю спрактыкаванага шулера Іхарава ў першы дзень выконваў вядучы майстар сцэны Цімур Жусупаў. Вёў ён сваю лінію, як зазвычай, вельмі эмацыйна, бо іграў апантанага жарсцю гульні, засяроджанага на ёй чалавека. Падман па-за картачнай гульнёй ўспрымаецца ім як фатальная жыццёвая памылка, як прыніжэнне яго чалавечага гонару. У другім складзе тую ж ролю іграў больш малады выканаўца Дзмітрый Каваленка. Гэты артыст вядзе дзейнасную лінію больш падрабязна, актыўна трымаючыся сваёй задачы. У нечым яго персанаж нагадвае мастака альбо паэта, існуе ў ім нейкая рамантыка, відаць, што яго жыццё не абмяжоўваецца толькі картамі.
Варта адзначыць маладых артыстаў Антона Бараноўскага і Германа Дымарэцкага ў ролі Аляксандра Міхайлавіча Глова, дакладней, персанажа, які прыдумаў сабе гэтае імя. Антону Бараноўскаму асабліва тонка ўдаецца прадэманстраваць гульню-падман галоўнага героя, бо ён, асабліва ў асноўнай частцы спектакля, цнатлівы і непасрэдны. Тым самым больш кантрасным выглядае яго самавыкрыццё, самараспрананне. Пэўна ж, ён здольны ўвесці ў зман не толькі Іхарава, але і гледача. Па-свойму цікавы і Герман Дымарэцкі. Яму ўдаецца стварыць выразны камічны эфект. У абодвух выпадках трэба адзначыць востры, гратэскавы малюнак ролі.
Традыцыйна годна сыгралі сваю ролю - Міхаіла Аляксандравіча Глова - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў і вядучы майстар сцэны Пятро Ламан.
Трыа прайдзісветаў – Суцяшальны (Яўген Бераснеў, Уладзіслаў Жураўлёў), Швохнеў (Максім Ратомскі, Вадзім Асвяцінскі) і Кругель (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка, Арцём Блахін). Першы з іх – майстар вытанчанага падману, а двое іншых, хутчэй, яго памагатыя. Усе яны добра паказваюць, як хлусня, мана глыбока праніклі ў саму сутнасць натур іх персанажаў.
Цікавы прыклад, як асобныя выканаўцы могуць па-рознаму падаваць адзін і той жа вобраз, прадэманстравалі вядучы майстры сцэны Юрась Цвірка і Генадзь Гайдук. Ім дасталася роля Псоя Стахіча Замухрышкіна. Але калі ў першым выпадку гэта хутчэй вобраз-маска, створаная вельмі віртуозна і бліскуча ўпісаная ў стыль пастаноўкі, то другі выканаўца больш паглыбляецца ў сутнасць вобраза, больш працуе сродкамі псіхалагічнага тэатра.
На добрым выканальніцкім узроўні трымаюцца як дасведчаныя артысты, так і іх калегі, адначасова навучэнцы Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, які ўжо сёння актыўна занятыя ў рэпертуары. Пэўна ж, у гэтым заслуга як рэжысёра-пастаноўшчыка Андрэя Жыгура, так і саміх пачаткоўцаў, апатаных тэатрам. Гэта Максім Ратомскі (Швохнеў), Раман Волат (Аляксей, служка карчмы, у другім складзе гэтую ролю выконвае Міхаіл Асанаў), Ілля Блыкін і Дзмітрый Філімоненкаў (Гаўрушка, служка Іхарава).
Цудоўна дапаўняе партытуру спектакля і жаночы «кардэбалет», які ўвасабляе «карты». У гэтых ролях выступілі Ксенія Камінская, Тамара Краснабаева-Чарняк, Дар’я Французава, Святлана Сухадолава, Вікторыя Шамардзіна і Таццяна Рогат. А на чале іх – «Адэлаіда Іванаўна», ролю якой выконваюць Анжаліка Баркоўская і Ульяна Ацясава. Гэта ўжо цэлы пластычны вобраз. Усе актрысы дадалі ў атмасферу спектакля долю містыкі, фантасмагорыі, якія так уласцівыя гогалеўскай пісьменніцкай манеры.
Наступныя паказы спектакля «Вытанчаны падман»
адбудуцца 6 і 27 лістапада, у 18:00.
Чакаем вас у тэатры!
Юрый Іваноўскі.
Добавить комментарий