«ВОСЬ ТАКОЕ ЖЫЦЦЁ». ТЭАТР З ПОЛЬСКАЙ ПОЗНАНІ ПАКАЖА Ў ВІЦЕБСКУ ПЛАСТЫЧНЫ СПЕКТАКЛЬ

20 сакавіка, а 19-й гадзіне, на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца паказ пластычнага спектакля «Вось такое жыццё» ў пастаноўцы тэатра «Бюро падарожжаў» (Познань, Польшча).
Кожны чалавек мае розны вобраз нашых суседзяў. Уражанні складаюцца з успамінаў, кніг, досведу, прысутнасці. Для польскіх творцаў найважнейшай крыніцай натхнення сталі падарожжы на ўсход, сустрэчы з людзьмі, сяброўства і назіранні. І яны ўпэўніліся: любы, хто быў у Расіі, ведае, што немагчыма застацца абыякавым да яе.
«Імпульсам для стварэння спектакля сталі «Гісторыі Радзімы» Дзмітрыя Глухоўскага і размова з самім пісьменнікам у адным з маскоўскіх рэстаранаў. Яго гісторыі не ўвайшлі ў фінальную версію спектакля, але яго дух суправаджаў нас падчас працы», - распавядае рэжысёр спектакля Павал Шкотак.
Спектакль быў паказаны на многіх тэатральных пляцоўках і займеў разнастайныя водгукі ў прэсе.
«Акторскае існаванне ў спектаклі «Вось такое жыццё» адсылае да мастацтва мімаў. Закрытасць прысутнасці акцёраў прымушае гледачоў адчуваць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі спектакля, а не толькі ў якасці гледача-назіральніка. Тое, што мы ўбачылі на сцэне, нагадвае пра суседзяў, якія назіраюць праз замочную шчыліну» (Świat Kultury Poznań, 2015).
«Вось такое жыццё» прадстаўляе расійскі тэатральны пейзаж з выдатным гукавым суправаджэннем у фонавым рэжыме, які стварае атмасферу і драматургію, што балансуе паміж экстрымам і выразнасцю. Мова тэатра — падвешаная паміж пантамімай і сімвалічным, трохі нерэалістычным дзеяннем — спадабалася больш за ўсё» (Głos Wielkopolski, 2015).
«На сцэне няма грувасткай дэкарацыі. Ёсць пэўны сціплы, але значны рэквізіт. Усё заснавана на вельмі прафесійным і красамоўным выкананні, што адсылае да стылістыкі вельмі рускай «сумнай клаўнады» (Teatralny.pl, 2015).
У спектаклі занятыя артысты тэатра Марта Стшалка, Барташ Бароўскі, Лукаш Кавальскі, Томаш Вжалік.
Чакаем вас на спектаклі польскіх гасцей!
Добавить комментарий