УЛАДЗІМІР ГАНЧАРОЎ СЛУЖЫЎ СВАЙМУ ТЭАТРУ І СВАЙМУ НАРОДУ

 

Уладзіміра Ганчарова ведалі і шчыра шанавалі вельмі многія. І не толькі тыя, хто меў і мае непасрэднае дачыненне да беларускага тэатральнага мастацтва і беларускай журналістыкі, якім ён прысвяціў свае прыродныя творчыя здольнасці, якія амаль пароўну падзялілі ўсю яго працоўную дзейнасць і ў якіх ён назаўсёды пакінуў свой адметны след.

 

Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч Ганчароў 2 лютага 1938 года на Полаччыне. Захапленне літаратурай прывяло яго пасля школы-сямігодкі ў тамтэйшае педвучылішча (зараз Полацкі каледж УА «ВДУ імя П.М.Машэрава»). Потым – на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна, які скончыў у 1961 годзе, адтуль – у рэдакцыю абласной газеты «Віцебскі рабочы». Працаваў тут літсупрацоўнікам, уласным карэспандэнтам, адказным сакратаром. І пра што б ён ні пісаў, за якую б тэму ні браўся, яго матэрыялы вызначаліся выдатнай беларускай мовай, глыбінёй, публіцыстычнасцю, нестандартным поглядам на падзеі жыцця і праблемы чалавечых узаемаадносін.

Больш за 19 год – з 1968-га па 1984-ы і з 1993-га па 1996-ы – Уладзімір Пятровіч быў загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага дзяржаўнага (цяпер Нацыянальнага) акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Ён пераклаў на родную мову звыш 30 п’ес розных драматургаў, быў аўтарам інсцэніровак «Снежныя зімы» І.Шамякіна, «Закон вечнасці» Н.Думбадзе, «Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» Якуба Коласа, якія з поспехам ішлі на коласаўскай сцэне.

Успамінамі пра Уладзіміра Пятровіча падзяліліся напярэдадні яго юбілею асістэнт рэжысёра Коласаўскага тэатра Святлана Дашкевіч, вядучыя майстры сцэны – народныя артысты Беларусі Святлана Акружная і Тадэвуш Кокштыс, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, артыст, уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан.

«Я працую ў тэатры… Ганчаровым»

Успамінае Святлана Дашкевіч, асістэнт рэжысёра, працяглы час працавала загадчыкам літаратурнай часткі Коласаўскага тэатра.

«Ганчароў ужо быў у тэатры, калі я працавала ў грымёрным цэху. Натуральна, ён бачыў, што я не зусім на сваім месцы. Гэта першае. Па-другое, яму даводзілася распачынаць тэатральныя ўрокі на вялікай сцэне. А Уладзімір Пятровіч быў чалавек непублічны і таму яго гэтыя абавязкі вельмі напружвалі. Ён пагаварыў з Геральдам Асвяцінскім, на той час дырэктарам тэатра і прапанаваў увесці ў штат адзінку асістэнта рэжысёра, які будзе прыглядацца да работы загадчыка літчасткі і ў той жа час займацца тэатральнымі ўрокамі, універсітэтам тэатральнага мастацтва. Гэта быў 1980 год, калі я ўпершыню выйшла на сцэну, каб пачаць спектакль «Прахадны бал». Ён быў пастаўлены Георгіем Савельевічам Дубавым. І там утварылася вельмі цікавая акцёрская суполка: сам Дубаў, Зінаіда Канапелька, Мікалай Цішачкін, маладыя яшчэ Вячаслаў Грушоў, Святлана Акружная. Мне было вельмі прыемна прадстаўляць гэтых акцёраў гледачу. І Уладзімір Пятровіч мне сказаў: «Вось табе і трэба ў гэтым кірунку працаваць». Я прыйшла ў літаратурную частку і пачала там наводзіць парадак. Гэта быў наш агульны кабінет. І я стала сноўдаць па сталах і лішняе прыбіраць. І аднойчы Ганчароў зрабіў мне такую лёгкую заўвагу. Пакінуў запіску, дзе намаляваў кукіш і прыпісаў: «Гэты кукіш таму, хто лезе сюды без дазволу». І я зразумела, што пачала занадта актыўна асвойваць тэрыторыю. Ён мне даваў чытаць драматычныя творы з тым, каб высветліць маю думку наконт гэтых п’ес, а разам з тым праверыць мой літаратурны густ. А потым я ўзяла на сябе вельмі адказную работу, каб не перашкаджаць яму ні ў чым. Трэба было скласці рэпертуар тэатра, пачынаючы ад 1976 года. Да гэтага яго склаў Уладзімір Няфёд у кнізе «Беларускі тэатр імя Якуба Коласа», і трэба было зрабіць працяг з указаннем прозвішчаў рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў усіх спектакляў. І мне было вельмі прыемна, што я раблю такую важную для літаратурнай часткі работу.

Трэба зазаначыць, што працаваць з ім разам было няпроста. Бо, па яго ж уласнаму выказаванню, ён працаваў у тэатры не столькі загадчыкам літчасткі, колькі Ганчаровым. Таму што да яго пастаянна заходзілі розныя знакамітыя артысты нашага тэатра. Напрыклад, заходзіў народны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Трус. Ганчароў любіў з ім гуляць у шахматы. І я старалася тады не заходзіць у літчастку. Бо гэта была не проста гульня, яны разважалі пра жыццё, пра тое, што дзеецца ў тэатры. Уладзімір Аляксеевіч Куляшоў таксама часта да яго заходзіў».

Разам з Валерыем Маслюком

«Вельмі пасябраваў Ганчароў з Валерыем Маслюком, які прыйшоў у наш тэатр у 1980 годзе з дыпломным спектаклем «Драўляны кароль» па п’есе В.Зіміна, якую Уладзімір Пятровіч перакладаў на беларускую мову. Потым Ганчароў прапанаваў яму п’есу польскага драматурга Ежы Пшэздзецкага «Брыльянт». Валерый Маслюк зрабіў вельмі цікавы спектакль на камернай сцэне па гэтым творы. Ён стаў выступаць перад паказамі. І мне было вельмі прыемна, што той работай, якую раней выконвала толькі я, пачаў займацца і малады рэжысёр. Яму нават штосьці прыплочвалі з таварыства «Веды». Уладзіміру Пятровічу хацелася яго чымсьці падтрымаць, заахвоціць».

Хацеў займацца творчай працай

Так мы з ім разам і працавалі. Да яго цяжка было падступіцца, Ганчароў быў даволі закрыты, нешматслоўны.Мне вельмі хацелася ведаць, як ён у гэтым калектыве прыжыўся. Але так, на жаль, і не даведалася. Нешматслоўны, сціплы і разам з тым вельмі абаяльны чалавек. І нават калі сышоў з тэатра, то вельмі сумаваў па ім. Гэта здарылася ў 1984 годзе. Мы якраз збіраліся на гастролі ў Маскву. І трэба было падрыхтаваць шмат друкаванай прадукцыі: афішы, анатацыі, праграмкі. А ў мяне якраз нарадзілася малодшая дачка. І раптам мне тэлефануе Асвяцінскі: «Уладзімір Пятровіч напісаў заяву аб звальненні». І просіць мяне зрабіць гэтую працу. І тут да мяне ў госці прыходзяць Ганчароў разам з Куляшовым. Уладзімір Пятровіч мне тады кажа: «Я б табе не раіў выходзіць на працу. Асвяцінскі, канешне, чалавек добры, але не падумаў аб тым, каб мяне папрасіць выканаць гэтую работу, а не жанчыну, у якой толькі нарадзілася дзіця. І калі ты гэта зробіш, то будзеш заўсёды ў яго на пабягушках». І ён падзяліўся сакрэтамі свайго складанага жыцця ў літаратурнай частцы. Уладзімір Пятровіч хацеў больш займацца творчай работай.Ён ёю і займаўся: пісаў інсцэніроўкі паэм «Сымон-музыка», «На дарозе жыцця». Гэта была тая работа, якую ён любіў. Але яго пачалі загрувашчваць іншымі абавязкамі. Мабыць, таму ён і сышоў. Яму надакучылі ўсе гэтыя падсобныя работы. Ганчароў жа ўвогуле быў газетчык.І менавіта з журналістыкі прыйшоў у тэатр. Таму ў газету ён і вярнуўся. І калі прыйшоў ў 1993 годзе Маслюк у якасці дырэктара і мастацкага кіраўніка, Ганчароў быў зноў запрошаны ў тэатр.

«Я яму не патрэбен»

Ён мне сказаў так: «Я ў тэатр вярнуўся не за тым, каб папрацаваць, а каб паназіраць, што ж атрымаецца ў Маслюка з яго новым прыходам». Ганчарова зрабілі новым загадчыкам літчасткі, мяне – інфармацыйнай часткі. І ён сказаў так: «Я буду займацца тым, што застанецца ў гісторыі». І гэта была газета «Раёк». Ганчароў быў рэдактарам, стаў апрацоўваць усе матэрыялы. Гэта была яго прапанова, яго вынаходніцтва. Але яго хапіла ненадоўга. Бо ён пабачыў, што гэтыя газеты мёртвым грузам ляжаць у тэатры. А яму хацелася, каб яе чытаў глядач, каб яна неяк распаўсюджвалася. Ганчароў хадзіў у друкарню, сам займаўся яе вёрсткай. Ён убачыў, які прыйшоў Маслюк і сказаў: «Я яму непатрэбен».

Апошнія дні

Памятаю яго апошнія дні. Перад самым адкрыццём сезону ў 1996 годзе Маслюк ставіў гогалеўскую «Жаніцьбу». Уладзімір Пятровіч тады ляжаў у бальніцы. Тут нейкая містыка. У яго ўжо была траўма нагі, зробленая колам ад аўтамабіля. Гэта было даўно, у маладосці.У машыне адарвалася кола і трапіла яму ў нагу. І гэтая нага пачала балець ужо на апошніх гадах жыцця. Ён ляжаў у 2-й гарадской бальніцы, і я яго наведвала. Мы гулялі па бальнічным дворыку, і ён мне прызнаўся: «Ты ведаеш, я дарэмна вярнуўся ў тэатр. У мяне няма ніякага настрою працаваць тут. Маслюк ужо зусім не той, якім быў у 1980-м годзе». Так мы развіталіся. Потым у суботу Уладзімір Пятровіч мне патэлефанаваў: «Я ведаю, што ў вас здача «Дзядзі Вані», але я не хачу ісці ў тэатр». Потым пачаўся рабочы тыдзень. Ён ішоў на працу, і вось гэтая машына без вадзіцеля з’ехала на тратуар. Побач ішлі нейкія дзяўчаты, яны пачулі гук і крычалі яму, каб той сышоў у бок, але Уладзімір Пятровіч чамусьці не пачуў. І так ён загінуў па дарозе ў тэатр. Ганчароў быў чалавек вельмі патрэбны ў тэатры перш за ўсё сваёй асобай, сваёй інтэлігентнасцю, памяркоўнасцю.

Чужое гора як сваё

Святлана Акружная, народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне».

«Уладзімір Ганчароў быў разумны, адукаваны, інтэлігентны чалавек з адменным мастацкім густам. Ён быў добрым псіхолагам, разумеў і адчуваў людзей, гэтак жа, як і яго сябар Уладзімір Куляшоў. Не любіў розныя сваркі, інтрыгі. І калі тэатр быў раздзелены на дзве паловы, стараўся не займаць нічый бок, не ўмешвацца ў гэтую закулісную барацьбу. Я знаходзіла падтрымку ў гэтага чалавека заўсёды. І калі не мела роляў, збіралася некалькі разоў сысці з тэатра, ён мне казаў: «У цябе дзіця расце, ёсць для каго жыць». Ён часта прыходзіў да мяне на дзень нараджэння з нейкім цікавым падарункам, знаёміў мне з вядомымі крытыкамі, драматургамі. Калі на гастролях у Мінску мяне кінулі ў аркестравую яму, Валодзя неаднойчы прыходзіў у бальніцу наведваць мяне, каб падтрымаць мой дух. І потым, калі ранілі ў войску майго сына, ён успрымаў маё гора як сваё.

Ганчароў не любіў выстаўляць пачуцці напаказ, усе свае перажыванні хаваў унутры. У апошні перыяд свайго жыцця ён перажываў дэпрэсію. Ніяк не мог змірыцца з тым, што адбывалася на той час у тэатры. Магчыма, гэта і прывяло яго да пагібелі».

Ён заўсёды трапляў у цэль

Успамінае Таццяна Ліхачова, вядучы майстар сцэны, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь.

«Уладзімір Ганчароў быў вельмі тэатральны, вельмі прафесійны чалавек, які хварэў на тэатр, сачыў за рэпертуарам, абмяркоўваў яго з галоўным рэжысёрам, шмат прапаноўваў і ў рабоце з Мазынскім, і з Маслюком. Асабліва з апошнім моцна пасябраваў, яны разумелі адзін аднаго, як настаўнік і вучань. Ён добра ведаў многіх акцёраў, падказваў рэжысёру нават і ў выбары выканаўцаў на тыя ці іншыя ролі. І калі да яго думкі прыслухоўваліся, ён заўсёды трапляў у цэль. Часта даваў акцёрам заўвагі па правільным маўленнні.Для гэтага іх запрашаў да сябе ў кабінет. Вельмі часта дапамагаў і мне».

Сонечны, шчыры, інтэлігентны

Успамінае Пятро Ламан, вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны.

«Калі я прыйшоў працаваць у тэатр у 1971 годзе, Ганчароў тут ужо працаваў. Гэта быў сонечны, шчыры і інтэлігентны чалавек. Да яго думкі часта прыслухоўваліся. Было відаць, што ён гаворыць па сутнасці, каб нечым дапамагчы. Быў ён чалавекам сціплым, але яго розум прасвечваў. Калі ў тэатры ставіўся «Сымон-музыка», ён быў адным з аўтараў інсцэніроўкі (разам з Валерыем Мазынскім). І гэтая пастаноўка была падзеяй. Пасля паказу спектакля ў Мінску на абмеркаванні крытыкі казалі, што «Сымон-музыка» дацягвае да ўзроўню «Кургана» Янкі Купалы. Гэта значыць, дзякуючы намаганням аўтараў інсцэніроўкі паэма пазбаўлялася ад некаторага бытавізму. Пры напісанні інсцэніроўкі гэта ўлічвалася. Кантактаваў у тэатры ён з многімі людзьмі, а сябраваў найбольш з Анатолем Шэлегам і Уладзімірам Куляшовым – народнымі артыстамі Беларусі».

Свет тэатра быў для яго прыцягальны

Успамінае Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

«Чэсна кажучы, я не дужа памятаю тых людзей, якія працавалі ў літчастцы да Ганчарова. Неяк яны існавалі асобна ад мяне. Мабыць, у іх не было такой прыцягальнасці асобы, якая была ў ім. І я не помню другой такой асобы, настолькі зацікаўленай акцёрскім лёсам, як Валодзя Ганчароў. Вельмі цёплы ў чалавечых, творчых зносінах, добры дарадца. Заўсёды хацеў і імкнуўся дапамагчы акцёру пад час работы над роллю. Заходзіў я да яго пры любой нагодзе, бо Валодзя быў чалавек адкрыты. Гэта былі амаль сяброўскія сустрэчы. Званю яму па ўнутранаму тэлефону: «Валодзя, ты ў сябе?».– «Так. Калі па справе, то заходзь. А каб пагутарыць пра свет Божы, даруй, я вельмі заняты». А яшчэ ён раіў маладым артыстам: «Сачыце за тым, што гаворыць і робіць Кокштыс». Мы былі цікавыя адзін аднаму, можа, таму, што аднаго пакалення. Мы былі дзеці таго часу, той сістэмы, якая нас выхоўвала. Як нам тады казалі? «Вы ідэалагічныя памочнікі партыі». Але мы былі яшчэ і беларусы. І вось гэта нас аб’ядноўвала. А яшчэ – мастацтва, служэнне сваім людзям, свайму народу. Чаму Ганчароў прыйшоў у тэатр? Дакладна не ведаю, але мне здаецца, што гэты свет быў для яго вельмі прыцягальным, цёплым, ён хацеў яго адкрываць для сябе».

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X