У ДЗЕНЬ ЗАСНАВАННЯ ТЭАТРА – ЗНАКАМІТАЯ КАМЕДЫЯ СТАНОВІШЧАЎ СТОГАДОВАЙ ВЫТРЫМКІ
21 лістапада адбудзецца прэм’ера спектакля «Мая жонка – падманшчыца», і прысвечана яна будзе дню заснавання Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Для прэм'еры тэатр выбраў літаратурны матэрыял моцнай вытрымкі. Камедыі Маргарэт Мэё (1882-1951) «Baby Mine» («Дзетка мая») больш за сто гадоў. Сама Мэё – гэта легенда. У амерыканскім сцэнічным мастацтве яна пераспрабавала ролі актрысы, драматурга, рэжысёра і прадзюсара. Абжывала Брадвей, і вядомая тым, што сыграла галоўную ролю ў самым першым фільме Голдвін Компані. Яе самая папулярная п'еса «Baby Mine» вытрымала 247 паказаў у першай пастаноўцы – вялікі вынік для таго часу – і з той пары трыумфальна ідзе па свеце. Вось і зараз на сцэнах розных тэатраў, і драматычных, і музычных, ідуць, без перабольшання, дзесяткі спектакляў па гэтай камедыі.
Для Еўропы амерыканскую камедыю адаптаваў французскі драматург Морыс Энэкен (1863-1926). Ягоны бацька Альфрэд Энэкен – адзін з заснавальнікаў вадэвільнага жанру ў Францыі. Морыс рана пачаў пісаць для тэатра, дапамагаючы тату. За 45 гадоў ён стварыў каля сотні п'ес, галоўным чынам камедый, напісаных самастойна ці ў сааўтарстве.
Камедыя «Мая жонка – падманшчыца» распавядае гісторыю, якая можа адбыцца ў кожнай сям’і. Варта зманіць толькі раз, як нявінная хлусня здольная зацягнуць і вас, і вашых родных у неверагодны колазварот падзей, хітрасплеценых паміж сабой, з якіх складана знайсці годнае выйсце. Не хадзіце ў рэстаран з чужой жонкай, інакш паўстануць праблемы. Яны і паўсталі ў сям'і Уільяма і Кэці. Але ёсць і больш глыбокая прычына сварак – у Кэці і Уільяма няма дзяцей. Пасля чарговай хлусні жонкі і вялікага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай…
Вядома, авантурная камедыя становішчаў скончыцца хэпі-эндам. А перад гэтым героі вымушаны не адзін раз сур’ёзна панервавацца, разблытаць сетку падманаў, смела прайсці праз недарэчныя абставіны. І ў рэшце рэшт зразумець, што гарманічныя сямейныя адносіны будуюцца не толькі на моцным каханні, але і на даверы.
Пераклад, пастаноўка і музычнае афармленне Міхася Краснабаева. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка.
У спектаклі заняты артысты: Цімур Жусупаў (Уільям Гарысан), Вікторыя Шамардзіна (Кэці Гарысан), Арцём Блахін (Джымі Скот), Святлана Сухадолава (Мэджы Скот), Раіса Грыбовіч / Вольга Куляшова (міс Пэціктан), Яўген Бераснеў / Юрась Цвірка (Генры), Вадзім Асвяцінскі / Герман Дымарэцкі (Палісмэн), Тамара Краснабаева-Чарняк (Мод), Анжаліка Баркоўская (Зоэ).
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі на прэм’еру спектакля «Мая жонка – падманшчыца»
можна набыць у касе тэатра (62-63-81)
або на сайце kvitki.by.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий