У ЧЭРВЕНІ – ПРЫЕМНЫЯ СЮРПРЫЗЫ АД КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА

 

Хутка наступіць доўгачаканае лета. А разам з ім – больш спрыяльнае надвор’е, сонечныя дні. Спадзяёмся, што вы знойдзеце час, каб наведаць наш тэатр. Мы падрыхтавалі для вас шмат прыемных сюрпрызаў. Гэта і прэм’ерныя спектаклі, і сустрэчы з вядомымі артыстамі.

1 чэрвеня (19:00) запрашаем на вялікую сцэну на прэм’ерны паказ трагіфарса «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» паводле вядомай аповесці класіка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.

 

Па недарэчнай выпадковасці ў правінцыйны Мардасаў заязджае састарэлы багаты Князь (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і аказваецца ў цэнтры ўвагі жаночага грамадства маленькага мястэчка. Яго адразу ж заваблівае ў свой дом першая дама Мардасава – Марыя Аляксандраўна Маскалёва (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка), кабета неўтаймоўнай энергіі і вытанчанага розуму, гэтакі «Напалеон у спадніцы»! Ёй прыходзіць геніяльная ідэя: выдаць за старога сваю дачку Зіну (Тамара Краснабаева-Чарняк / Паліна Крашэўская / Дар’я Французава), у якую быў закаханы Павел Аляксандравіч  Мазглякоў (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі). Але дзе там…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

6 чэрвеня (19:00) на вялікай сцэне – дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе Рабэра Тама «Восем жанчын».

 

Вось яна, мара кожнага (ну, амаль кожнага) мужчыны: калі вакол восем жанчын, і ўсе цябе любяць. Што можа быць лепей? Пачуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Вядома, у глыбіні душы разумееш, што любоў іх не цалкам бескарыслівая, але ці бывае на свеце абсалютна бескарыслівая любоў?

Жонка (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова), яе сястра (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), цешча ((заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова), дзве дачкі (Святлана Сухадолава, Алёна Чыстабаева), дзве служанкі (Святлана Жукоўская, Ульяна Ацясава) і родная сястра ахвяры (Вольга Куляшова) – адносіны паміж імі вельмі і вельмі заблытаныя. Зайздрасць, рэўнасць, старыя крыўды – усяго тут намяшана. Але хто ж з гэтых улюбёных жанчын забіў беднага тату? І галоўнае – навошта?..

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by і 24afisha.by.

13 і 14 чэрвеня (19:00) запрашаем на прэм’еру камедыі «ФАНЦІКІ» па п’есе «Смешныя грошы» вядомага англійскага драматурга Рэя Куні.

Сціплы англійскі бухгалтар Генры Перкінс (Яўген Бераснеў / Цімур Жусупаў) памылкова ў свой дзень нараджэння прыносіць дадому чамаданчык з каласальнай сумай грошай. Семсот трыццаць пяць тысяч фунтаў стэрлінгаў! Бедны клерк зусім шалее ад захаплення такім багаццем – і вырашае ўзяць рэванш за шэрае існаванне на адну зарплату, збегчы з жонкай (Ульяна Ацясава / Паліна Крашэўская) на край свету, каб жыць выключна ў сваё задавальненне. Вось толькі калі так было, каб атрымлівалася тое, чаго нам хочацца? Перашкаджаюць сябры, паліцэйскія, таксіст і нават наёмны забойца. А прага грошай змяняе свядомасць – і героі грэбуюць каханнем, сяброўствам, гонарам і абавязкам. Як жа нованароджанаму багацею і ўсім навокал не аслепнуць ад «ззяння золата» і захаваць хаця б крыху сумлення?!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах:
- kvitki.by (13 чэрвеня, 14 чэрвеня)
- 24afisha.by.

15 чэрвеня (19:00) запрашаем на камерную сцэну паглядзець трагікамедыю «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН» па п’есе счаснага амерыканскага драматурга Дональда Лі Коўбэрна.

 

Гэтыя двое – мужчына і жанчына. Гэтыя двое – самотныя людзі. Яны  ўжо шмат у чым расчараваліся. Але...Не зважаючы ні на што – Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) і Марцін Уэлер (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан) любяць жыццё і вераць у лепшае.Яны – сапраўдныя гульцы.І яны ... хочуць выйграваць. Выйграваць, нават калі перамога – ужо немагчымая. Пра прагу жыцця і няспраўджаныя мары, пра далёкае мінулае і прывідную будучыню, пра надзею і каханне, праз смех і слязы распавядае гэты спектакль.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

20 і 21 чэрвеня (19:00) на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі артыстаў тэатра і кіно з Расіі. Яны пакажуць камедыю «КЛАРА, ГРОШЫ І ЛЮБОЎ» па п’есе Жана Даніэля.

Муж Клары (Ігар Пісьменны) апантаны ідэяй выйграць мільён і марнуе ўсе грошы на латарэйныя білеты. Праз гэта нервовая Клара (Руслана Дароніна) ўвесь час ладзіць яму скандалы. Нечакана на парозе дома з'яўляецца палюбоўнік Клары (Ілля Аляксееў), які па іроніі лёсу з’яўляецца сябрам мужа. Любоўны трохкутнік зацягвае ў вір дзіўных падзей. У каго ж з герояў атрымаецца выйсці пераможцам з няпростых сітуацый, з латарэі лёсу?

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах:
- kvitki.by (20 чэрвеня, 21 чэрвеня)
- 24afisha.by

24 чэрвеня (12:00) запрашаем юных гледачоў разам з іх бацькамі на камерную сцэну  паглядзець казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

 

Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня, Уладзіслаў Жураўлёў, Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў, Уладзіслаў Жураўлёў) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова, Таццяна Рогат, Вікторыя Шамардзіна)  заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Герман Дымарэцкі, Юрась Цвірка)  і надзвычай чуллівая Козачка (Наталля Аладка, Валянціна Багданава, Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку залежыць ад вас!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by

25 чэрвеня (18:00) запрашаем на музычна-паэтычны вечар «КАК Я ЛЮБЛЮ ГЛУБИНУ ТВОИХ ЛАСКОВЫХ ГЛАЗ…», які адбудзецца на камернай сцэне.

Гэта не проста музычна-паэтычны вечар, а цэлая паэма пра каханне – у песнях, вершах і лістах. Вядомыя песні 40-50-х артысты і гледачы спяваюць разам – «Тёмная ночь», «Давай закурим», «Где же вы теперь, друзья-однополчане?», «Журавли», «Синий платочек»… І не раз абціраюць слёзы, перахоплівае дыханне, голас… Ад болю, які пакінула вайна ў сэрцах многіх. Ад радасці за тое, што ўсёпераможнае Каханне – вечнае.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

28 чэрвеня (19:00) на вялікай сцэне адбудзецца камедыя «МАЯ ЖОНКА – ПАДМАНШЧЫЦА» па п’есе Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена.

 

Уільям Гарысан (Цімур Жусупаў) – добры, надзейны муж, які марыць займець дзіця. І самы вялікі ягоны недахоп – нястрымнае пачуццё рэўнасці. Ягоная жонка Кэці (Вікторыя Шамардзіна) думае толькі пра забавы і бесклапотнае жыццё і аднойчы ўтойвае ад мужа, што снедала ў рэстаране з сябрам сям’і Джымі Скотам (Арцём Блахін). Уільям мог бы не заўважыць такую дробязь, але ж Кэці хлусіць яму пастаянна. Пасля чарговага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай Мэджы Скот (Святлана Сухадолава).

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

29 чэрвеня (19:00) запрашаем на вялікую сцэну паглядзець трагікамедыю «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева.

 

Спектакль апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці (Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава), якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

Чакаем вас у тэатры!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X