СЫШОЎ З ЖЫЦЦЯ ДРАМАТУРГ АЛЯКСЕЙ ДУДАРАЎ

 

Прыйшла сумная вестка. Раптоўна на 73-м годзе жыцця сышоў у іншы свет выдатны беларускі драматург Аляксей Ануфрыевіч Дудараў – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Ленінскага камсамола, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго вельмі многае яднала з Віцебшчынай і Коласаўскім тэатрам.

 

Аляксей Дудараў нарадзіўся 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы Кляны, што на Дубровеншчыне. У будучым многія яго землякі, аднавяскоўцы былі прататыпамі многіх апавяданняў з першага празаічнага зборніка «Святая птушка», кінасцэнарыяў «Кола», «Дэбют», «Суседзі» і знакамітых «Белых росаў», «Восеньскія сны», п’ес «Парог», «Вечар».

Аляксей Ануфрыевіч атрымаў акцёрскую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Вучыўся разам з будучымі коласаўцамі – заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Таццянай Ліхачовай і Генадзем Шкуратавым, акцёрамі Юрыем Куліком, Таццянай Ненарокамавай, Ларысай Антосевай, рэжысёрам Ігарам Баярынцавым. Адным з дыпломных спектакляў быў пастаўлены па яго першай п’есе «Пасля…» (пазнейшая назва «Выбар»). Яшчэ да паступлення ў інстытут будучы драматург спрабаваў патрапіць у трупу Коласаўскага тэатра, але не быў прыняты.

Акцёрская біяграфія у Аляксея Ануфрыевіча была нядоўгай, бо яго захапіла больш літаратурная творчасць. З 1976 па 1983 гады ён працаваў акцёрам і загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, пазней у аб’яднанні «Тэлефільм», у 1991-2002 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 гады працаваў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра беларускай арміі. Займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю – з 1992 года да канца жыцця ўзначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Сярод вялікай драматургічнай спадчыны асобна можна вылучыць п’есы пра Вялікую Айчынную вайну – «Апошні ўзлёт», «Радавыя», «Ты помніш, Алёша…», «Не пакідай мяне…», на гістарычную тэматыку – «Чорная панна Нясвіжа», «Чарадзейка», «Палачанка», «Песня пра зубра» паводле аднайменнай паэмы Міколы Гусоўскага, «Князь Вітаўт» («Купала»), «Ядвіга», «Крыж», на сучасную маральна-этычную праблематыку – «Парог», «Вечар», «І быў дзень…», «Люці», «Кім», «Млын» і іншыя.

Большая частка найбольш значных драматычных твораў Аляксея Дударава была ўвасоблена на коласаўскай сцэне. Першы зварот адбыўся ў 1982 годзе, калі Валерый Мазынскі паставіў яго драму «ПАРОГ». Закрануўшы тэму п’янства, алкагалізму, аўтар пайшоў далей, паспрабаваў паказаць духоўны, маральны крызіс грамадства і асобы ў часы застою. Стваральнікамі спектакля быў праўдзіва паказаны цяжкі шлях душэўнага ачышчэння, уваскрэсення чалавека, які дайшоў ужо да апошняй мяжы.

 

Галоўная роля Андрэя Буслая стала адной з лепшых у творчых біяграфіях народных артыстаў Беларусі Яўгена Шыпілы і Леаніда Трушко. Усімі крытыкамі адзначалася як мастацкае дасягненне выкананне заслужанай артысткай БССР Людмілай Пісаравай ролі Маці. Актрыса знайшла трапныя рысы, каб перадаць прыкметы сапраўднага народнага характару. Маштабным атрымаўся і вобраз Бацькі ў выкананні народнага артыста БССР Анатоля Шэлега. Чалавечую драму, шчырасць і глыбіню перажыванняў раскрылі Галіна Каралькова (была жонка Буслая) і Віктар Дашкевіч (Мікола). Сатырычна завостраны атрымаўся вобраз Шаргаёва ў выкананні народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса. Увогуле спектакль, напоўнены сапраўдным драматызмам, хваляваў, наводзіў гледача на роздум. Вельмі важна, што В.Мазынскі, знайшоўшы цікавую тэатральную форму (мастак Аляксандр Салаўёў, музыка Уладзіміра Іванова), асноўную ўвагу скіраваў на акцёрах, дапамог ім раскрыць сцэнічныя характары.

Яшчэ больш гэтыя станоўчыя якасці работы рэжысёра з акцёрамі выявіліся ў спектаклі «ВЕЧАР», дзе Дудараў раскрыў тэму бесперспектыўных вёсак. Але як заўсёды, праблема вырашалася праз жывыя чалавечыя характары.

 

Уражваў мудрасцю, унутраным спакоем Мульцік-Фядос (народны артыст Беларусі Яўген Шыпіла). Добры, справядлівы, ён, здаецца, не адчуваў цяжару пражытых гадоў. Нават калі ён размаўляў з Ганнай альбо Гастрытам-Цімохам, яго рукі прывычна рабілі што-небудзь. Побач з памяркоўным, разважлівым Мульцікам Гастрыт (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс) выглядаў узбуджаным, імпульсіўным, быццам за знешняй узрушанасцю і рухавасцю чалавек хавае моцны душэўны разлад. Гастрыт часта выклікаў смех у гледача і адначасова быў варты жалю. Сцэнічны характар набываў рысы трагікамічнага. Моцнае ўражанне пакідаў і вобраз Ганны, створаны заслужанай артысткай БССР Валянцінай Петрачковай і Таццянай Мархель (пазней народнай артысткай Беларусі). Сцэнічны характар кранаў душэўнай шчодрасцю, жыццялюбствам, народным аптымізмам. Спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР (1986), а народны артыст Тадэвуш Кокштыс на Міжнародным тэатральным фестывалі «Прыбалтыйская вясна» атрымаў дыплом за лепшае выкананне мужчынскай ролі.

Значнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі стала і пастаноўка Валерыем Мазынскім п’есы «РАДАВЫЯ» (1985). Спектакль быў прымеркаваны да 40-годдя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

Рэжысёр прачытаў п’есу Дударава як псіхалагічную драму: на ўзбраенне быў узяты прынцып драматурга – праз псіхалогію людзей прыйсці да «псіхалогіі» падзей. Такі падыход дазволіў тэатру найбольш дакладна выявіць цану і сутнасць Перамогі. Спектакль вызначалі вонкавая прастата і строгасць. Моцныя, яскравыя хатактары стварылі ў спектаклі народны артыст Беларусі Леанід Трушко (Дзерваед), заслужаны артыст Генадзь Шкуратаў (Дугін), народны артыст Тадэвуш Кокштыс (Салянік), народная артыстка Галіна Маркіна (Жанчына з канцлагера), маладыя на той час Галіна Букаціна (Лідка) і Генадзь Гайдук (Адуванчык).

Плённым быў зварот Коласаўскага тэатра да п’ес Дударава і ў так званыя гады перабудовы. Спектакль «І БЫЎ ДЗЕНЬ…» (1988), дзеянне якога адбывалася на гарадскім сметніку, быццам даследаваў, шукаў прычыны таго заняпаду, дэградацыі сучаснага грамадства. І яны былі ў недалёкім мінулым.

 

Паставіў спектакль заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Валерый Мазынскі, сцэнаграфію прыдумала Ларыса Герлаван. Яна перагукалася з мастацкім афармленнем дудараўскага «Вечара». У ролі Піфагора выступіў народны артыст Тадэвуш Кокштыс, у ролі Хітрага – заслужаны артыст Генадзь Шкуратаў, у ролі Афганца – Аляксандр Фралоў. Спектакль прагучаў як сучасная трагедыя.

У 1990 годзе на коласаўскай сцэне ажылі героі п’есы «ВЕЖА», якую Аляксей Дудараў напісаў сумесна з Уладзімірам Някляевым.

 

Рэжысёр-пастаноўшчык – Валерый Мазынскі, у цэнтральнай ролі Юткі Казубоўскага, таго самага, што сабраўся пабудаваць вежу да нябёсаў, выступіў народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. І па сённяшні дзень выканаўца лічыць гэтую ролю адной з лепшых у сваёй творчай біяграфіі.

Паспяховым быў зварот коласаўцаў і да гістарычнай легенды Дударава «Чорная панна Нясвіжа» (п’еса была пастаўленая ў 1999 годзе пад назвай «ЧОРНАЯ НЯВЕСТА»).

 

Прыгожай літвінцы Барбары Радзівіл і польскаму каралю Жыгімонту было даравана вялікае каханне – асляпляльна яркае, узнёслае і апаляюча драматычнае. Увасобіў спектакль мастацкі кіраўнік тэатра Віталь Баркоўскі. Рэжысёр засяродзіў увагу на ўнутраным канфлікце герояў, што адбываецца ў іх патаемных думках на ўзроўні падсвядомасці. Ён увёў двух новых персанажаў – маленькую дзяўчынку (Барбара ў дзяцінстве) і Пачвару, якія ўвасабляюць светлы і змрочны бакі душы чалавека. Пачынаўся спектакль своеасаблівым пралогам. У клубах дыму з’яўлялася маленькая дзяўчынка ў доўгай белай сукенцы. Зазірнуўшы ў пастку, яна хутка знікне. На сцэну выязджае пусты каралеўскі трон, накрыты мядзведжай скурай. Выходзяць усе персанажы і моўчкі схіляюцца над безданню. Быццам з пекла высковае Пачвара (Ульяна Ацясава) і адцягвае Барбару ад трона. І так на працягу ўсяго спектакля дабро і зло паўсюдна існуюць побач з героямі як адбітак іх пачуццяў і стану іх душы. Вельмі прывабны вобраз Барбары Радзівіл стварылі актрысы Алена Шарэпчанка і і Ірына Цішкевіч. Яны таленавіта перадавалі тое, што на сцэне ўвогуле перадаць цяжка. Іх гераіня літаральна пранізаная каханнем. Барбару немагчыма зламаць, пакуль гэтае пачуццё жыве ў яе сэрцы. Але змаганне аказваецца няроўным. Складанай і неадназначнай паўставала ў спектаклі Бона Сфорца ў выкананні Галіны Букацінай. У сцэне з сынам яна то кідаецца на сына з кулакамі, то слёзна моліць яго успомніць пра Польшчу, то абражае яго выбранніцу. Даведаўшыся, што польскаму трону больш нічога не пагражае, Бона нават здатна на спачуванне. Яна вагаецца. Яшчэ можна прадухіліць бяду. Аднак цёмныя сілы апанавалі яе душу. Па-дзікунску скача усюдыісная Пачвара. Сцэна поўніцца напалам пачуццяў, страсцей.

Прыкладна ў гэты ж перыяд Дудараў піша некалькі сучасных гісторый, дзе паказвае новых беларусаў, якія ў асноўным выйшлі з крымінальнага асяродку, альбо маюць да яго дачыненне. Такімі сталі героі п’есы «Кім», увасобленай у купалаўцаў, і «ЛЮЦІ», пастаўленай Міхасём Краснабаевым у Коласаўскім тэатры ў 2003 годзе.

 

Яскравыя вобразы Люці, Капітана і Вавана стварылі Таццяна Ліхачова (для яе і была напісаная гэтая п’еса), Міхась Краснабаеў і Арцём Бародзіч.

У 2008 годзе расійскі рэжысёр Юрый Пахомаў паставіў спектакль «МЛЫН» па п’есе Дударава.

 

Галоўны герой, 90-гадовы Пётр Старцаў (Валянцін Салаўёў) выкупіў закінуты млын. Старцаў верыць, што калі ён паправіць і запусціць млын, то пасля смерці сустрэнецца з Рывай, кабетай, у якую закахаўся яшчэ дзіцём і ўспомніць сваё сапраўднае імя, згубленае і забытае ў побытавых вірах. Яшчэ адзін састарэлы рамантык, паміраючы амерыканскі багацей, адпісаў 10 мільёнаў даляраў уласніку менавіта гэтага млына з умовай – пахаваць яго тут, дзе нарадзіўся і вырас. Пра тэстамент даведваецца далёкі сваяк мільянера. Каб завалодаць млыном і спадчынай, ён прывозіць з Амерыкі дзяўчыну, падобную на Рыву, і даручае ёй выйсці замуж за старога. Як і мае быць у дэтэктыўнай меладраме, дзяўчына ў дзядулю шчыра закахалася… Спектакль атрымаўся маштабным: у ім была занята ўся трупа. Крытыка высока ацаніла работу Валянціна Салаўёва ў ролі Старцава. Па іх словах, у спектаклі паўстаў не проста персанаж гісторыі – асоба моцная ў сваёй унутранай глыбіні. Чалавек,які спасціг сакрэт душэўнай гармоніі: трэба радавацца ўсяму таму, што надараецца ў тваім жыцці, успрымаць яго адкрыта і з удзячнасцю.

У 2015 годзе на той час мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка звярнуўся да драматычнай балады Аляксея Дударава «НЕ ПАКІДАЙ МЯНЕ...», узняўшы тэму «жанчына на вайне». На думку рэжысёра, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Гэтак жа як не адпаведныя адно аднаму прыгажосць і злачынства, каханне і забойства, хараство і кроў. П’еса крыху нагадвае аповесць Барыса Васільева «А досвіткі тут ціхія...». Драматург сам прызнаваўся, што напісаў свой драматычны твор пад яе ўплывам. Але калі ў сучаснага расійскага пісьменніка змагаюцца і гінуць ужо дарослыя асобы, то ў Дударава – амаль дзеці, якія гуляюць у абаронцаў Айчыны, гуляюць у жанчын. Так дзяўчынкі бавяцца са сваімі лялькамі, уяўляючы сябе матулькамі. Але вайна – рэч асаблівая. Там дзейнічаюць свае законы. Яна мяняе свядомасць чалавека і часцяком ператварае быццам героя ў здрадніка, а кволага інтэлігента – у непахіснага асілка. Там і дзеці могуць стаць героямі.

 

У цэнтральнай ролі капітана Міхасёва выступіў артыст Яўген Бераснеў. Выканаўца справіўся з роляй бездакорна. Ён умее быць і стрыманым, і моцным, і чалавечным, а ў асобныя хвіліны і разгубленым, безабаронным, калі ўсведамляе жорсткасць таго загаду, жудасць той сітуацыі, калі яму давядзецца адправіць на верную смерць сваіх дзяўчат. Дакладна, псіхалагічна абгрунтавана выконвалі ролю малодшага лейтэнанта Крэміс Ірына Цішкевіч і Вікторыя Шамардзіна. Першая з выканаўцаў выбудоўвала вобраз амаль па-рэжысёрску, падавала яго ў развіцці. У пачатку свайго сцэнічнага існавання яна стрымана-валявая, яе твар нібыта закрыты маскай, унутраны боль прыхаваны вельмі глыбока. Але гэтая жалезная вытрымка пакідае яе пазней, калі яна чуе з патэфона нямецкую песеньку, пад якую, відаць, з яе і малодшай сястры здзекаваліся, глуміліся нашчадкі Гётэ і Вагнера. Кульмінацыяй у ігры актрысы з’яўляецца сцэна з кружэлкамі, дзе Міхасёў выпрабоўвае яе на псіхічную вытрымку. Другая актрыса знаходзіць іншыя, свае фарбы, дамагаючыся непадробнай натуральнасці, арганічнасці, шчырасці, амаль дакументальнасці існавання. Пэўна, гэта вынік вялікай работы актрысы і над сабой, і над роляй. Яркія, запамінальныя вобразы стварылі таксама Юлія Цвікі, Ульяна Ацясава і Алёна Чыстабаева (Зіна Бацян), Святлана Сухадолава і Наталля Саламаха-Конанава (Ладысева), Юлія Крашэўская і Дар’я Французава (Гурская). Спектакль і па сённяшні захоўваецца ў рэпертуары і карыстаецца поспехам у гледачоў. Ён быў паказаны на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (2015) і атрымаў добрыя водгукі крытыкаў.

Апошні зварот да драматургіі Дударава адбыўся пры яго жыцці ў 2021 годзе, калі рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка паставіла п’есу «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА». Аўтар тут звярнуўся да тэмы сцэнічнага і найперш закуліснага жыцця, якое і сам добра ведаў, бо ў юнацтве працаваў акцёрам. І погляд яго, калі судзіць па п’есе, досыць крытычны.

 

Галоўны персанаж – спіты акцёр, у мінулым тэатральная «зорка», былы ўлюбёнец публікі. Ягоны шлях звузіўся ад Гамлета да эпізадычных казачных персанажаў. Хоць, як кажуць, няма маленькіх роляў, але падзенне навідавоку. Пэўная дэградацыя адбывалася з ім і ў асабістым жыцці. Гэтак жа сама, як на пачатковым этапе, у драме «Парог», што абышла ў свой час дзясяткі, а можа, і сотні сцэн былога Савецкага Саюза і прынесла драматургу вялікую папулярнасць, так і ў гэтай п’есе аўтар спрабуе разабрацца ў прычынах такога чалавечага і творчага падзення героя. Хоць пра гэта гучна і не гаворыцца, але гэтак жа, як і ў вядомай п’есе Вампілава «Паляванне на качак», паралелі з якой тут яўна напрошваюцца, – у выніку тых правілаў гульні, што пануюць у грамадстве, узнікаюць цынізм і абыякавасць да жыцця, здрадніцтва, жорсткасць да блізкіх людзей, а шырэй – да блізкіх істот, калі мець на ўвазе сабаку – другога па значэнню персанажа спектакля. У аўтара п’есы – у 80-я гады – час «застольны» – менавіта тады ў яго разгортваюцца падзеі, на думку рэжысёра яны прысутнічаюць і ў наш час, мінулае вельмі пункцірна, фрагментарна заяўлена ў спектаклі. Гэта прыстасавальніцтва, мана, сытая бездухоўнасць.

У цэнтральнай ролі Вілена глядач убачыў вядучага майстра сцэны Яўгена Бераснева. Па-майстэрску ім паказаная супярэчлівасць персанажа. Ён можа быць і жорсткім, і цынічным, і душэўна ўразлівым. Крыху складаней яму апраўдаць паводзіны героя ў першым, крыху аднастайным акце, дзе ён фактычна не мяняецца, хутчэй, гуляе ў жыццё, больш пераканаўчы і глыбокі ў другой палове спектакля, калі наступае пакутніцкае пакаянне. Паралельна з асноўнай дзейнай лініяй, звязанай з галоўным героем, у спектаклі існуе персанаж, які з’яўляецца свайго роду яго анёлам-ахоўнікам. Пёс нябачна для Вілена суправаджае яго паўсюль і каментуе яго паводзіны. Такім чынам, яго можна лічыць і аўтарскім alter ego. Гэты вобраз стварылі Дзмітрый Каваленка і Аляксандр Казлоў.

Першы акт спектакля быў абсалютна непадобны да другога – гэта як два розныя спектаклі, хоць у гэтым маецца і свая логіка, якую дыктуе пераўтварэнне галоўнага персанажа, ягоны шлях да пакаяння. Жанр заяўлены як «інтэрактыўная камедыя», хоць гумар тут хутчэй горкі. Банальныя жарцікі, пошлыя анекдоты, п’яныя выбрыкі Вілена, недарэчныя паводзіны памрэжа, што дэманструе «майстар-клас», уяўляючы сябе ў ролі Джульеты, –вось, бадай, і ўсё. Але ёсць тут і звароты ў глядзельную залу, адкрыты кантакт з публікай, напрыклад, той жа парад-але, які ўзнікае ў першай дзеі і, быццам закальцоўваючы, завяршае спектакль. А яшчэ – філасофска-пранізлівыя песні-зонгі (на тэксты Максіма Дубоўскага). Высокай ацэнкі заслугоўвае і работа мастака-пастаноўшчыка Юрыя Саламонава. У першай дзеі тэатральны фон з прыспушчанымі сафітамі знаходзяць працяг у паліцах з нумарамі (для жывёл у медустанове, куды здаў Вілен свайго сябра). У фінальнай сцэне на востраве белае адзенне сцэны знаходзіць працяг у такіх жа халатах герояў, патрапіўшых на Белы востраў. Спектакль «Пёс Белага вострава» звернуты да тонкага, разумнага гледача, ён шчымліва закранае светлыя, добрыя пачуцці. Але разам з тым і ставіць пытанні, закранаючы наша сумленне, нашы душы. Ці здольныя мы сёння на вартыя павагі ўчынкі ці так і будзем беразважна плыць па тых хвалях, на якіх нясе лёс у невядомую будучыню?

Аляксей Ануфрыевіч быў добрым сябрам коласаўцаў. Сам з задавальненнем прыязджаў на прэм’еры спектакляў паводле сваіх п’ес, меў цёплыя стасункі з многімі коласаўцамі.

 

Смерць Дударава – цяжкая і незаменная страта для прыхільнікаў яго таленту, велізарная страта для Мастацтва, Тэатра, служэнню якому ён прысвяціў усё сваё жыццё. Яго творчасць назаўсёды застанецца ў залатых фондах беларускай літаратуры і тэатра. Мы ўпэўненыя, што яго словы і думкі, яго жыццёвыя прынцыпы – праз п’есы і спектаклі – будуць надалей гучаць моцна і ўзнёсла, аддана выказваць любоў да нашага народа, раскрываць глыбіні беларускай душы.

Вечная памяць!..

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X