«СЫМОН-МУЗЫКА» АДКРЫЕ ТЭАТРАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ У БАБРУЙСКУ
З 1 па 6 лістапада ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча і на іншых сцэнічных пляцоўках Бабруйска пройдзе Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Адкрывае фестываль 1 лістапада Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа спектаклем «Сымон-музыка».
Спектакль пастаўлены мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра Міхасём Краснабаевым паводле аднайменнай паэмы народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа. Сцэнаграфія і касцюмы галоўнага мастака тэатра Святланы Макаранка. Кампазітар Арцём Краснабаеў. Балетмайстар Дзіяна Юрчанка. Відэаінсталяцыі Алега Чарняка.
У ролі Сымона выступіць малады артыст-коласавец Дзмітрый Каваленка. Адразу чатыры вобразы стварыў у спектаклі народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Тадэвуш Кокштыс – Старога, Курылы, Жабрака і дзеда Данілы. У ролі Ганны – Паліна Крашэўская. У верасні спектаклем «Сымон-музыка» распачаўся Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце.
Праграма фестывалю ў Бабруйску вельмі цікавая і шматпланавая, прадстаўляе як беларускую класіку, так і самыя разнастайныя стылі і накірункі сучаснай беларускай драматургіі і сцэнічнага мастацтва. Удзел возьмуць 16 творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны і Грузіі. Замежныя тэатры прадставяць творы выключна беларускіх аўтараў.
Фестываль пройдзе па двух конкурсных праграмах - «Спектакль тэатра драмы» і «Эксперымент». Ацэнка ўдзельнікаў праводзіцца па намінацыях «Лепшы спектакль», «Лепшая мужчынская роля», «Лепшая жаночая роля», «Лепшая мужчынская роля другога плану», «Лепшая жаночая роля другога плану», «Лепшая п’еса сучаснага беларускага аўтара», «Лепшая рэжысура», «Лепшая сцэнаграфія».
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны і Бабруйскі гарадскі выканаўчыя камітэты.
Добавить комментарий