СВЯТЛАНА МАКАРАНКА – АПАНТАНЫ ТЭАТРАМ МАСТАК

 

«Люблю тэатр за тое, што гэта – жывы арганізм! А я наогул люблю ўсё жывое: не тэхніку, а кветкі, людзей, жывёл і птушак, а таксама і наш тэатр, які жыве сваім жыццём, развіваецца паводле сваіх творчых законаў. У прынцыпе, у ім ніколі не бывае сумна». Гэтыя словы прызнання ў любові да сцэнічнага мастацтва належаць галоўнаму мастаку Святлане Пятроўне Макаранка, якая амаль трыццаць год служыць Коласаўскаму тэатру. 22 сакавіка яна адзначае юбілейны дзень нараджэння.

 

Зрэшты, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве яна не марыла пра тэатр. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута ў 1993 годзе збіралася працаваць у абласным краязнаўчым музеі ў аддзеле народнага ткацтва, бо на той час займалася габеленамі. Яе лёс вызначыла сустрэча з Валерыем Маслюком, тады дырэктарам-мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра: ён прапанаваў Святлане Пятроўне працу мастака-дэкаратара. Спярша вырашыла паспрабаваць. Потым спадабалася. Потым зацягнула – тэатр жа валодае такой уласцівасцю: прыцягваць, бы магнітам, да сябе таленавітых, апантаных творчасцю людзей.

Першы спектакль, над якім Святлана Пятроўна працавала ў якасці мастака-сцэнографа, – інсцэніроўка аповесці Васіля Быкава «Пакахай мяне, салдацік!». Рэжысёр Валерый Маслюк паставіў перад ёй складаную задачу: павінна быць пустая сцэна і вайна. Тут яна ўпершыню зразумела, што для тэатральнага мастака галоўным, свайго роду творчым штуршком з’яўляецца ўменне прыдумаць візуальны вобраз будучай пастаноўкі. Замест прыгожай карцінкі Альпаў, дзе адбываецца дзеянне аповесці, у сцэнічным паветры круціліся кольцы, валікі, махавікі. Чаму яны рухаліся, што перамолвалі? Магчыма, людскія лёсы, перакручаныя-знявечаныя вайной?..

 

Святлане Пятроўне давялося папрацаваць з рознымі рэжысёрамі. Кожны патрабаваў ад мастака сваёй стылістыкі, сваіх выразных сродкаў у адпаведнасці з індывідуальнай манерай падачы матэрыялу.

З Віталем Баркоўскім яна сустрэлася ў рабоце над спектаклем «Чорная нявеста» па п’есе А.Дударава, які распавядаў трагічную гісторыю кахання польскага караля Жыгімонта да прыгожай ліцвінкі Барбары Радзівіл. Афармленне і касцюмы павінны былі адлюстраваць старажытную гістарычную эпоху Вялікага княства Літоўскага. Сцэнаграфія Макаранка на коласаўскай сцэне вынаходліва аднаўляла вобраз старажытнага замка. Брама з металічным аздабленнем, драўляныя лесвіцы, пераходы з карункавымі разнымі поручнямі нагадвалі заблытаны лабірынт, прыдатны для змоў і інтрыг. Сэнсава важнай дэталлю з’явілася агромністая драўляная жырандоля ў выглядзе перакуленай кароны, чые кінжальна вострыя зубцы-лямпачкі пагрозліва навісалі над сцэнай. Дзеянне, што адбывалася ў нясвіжскім замку і кракаўскім палацы, ішло ў адзіным інтэр’еры, але істотна рознілася сваёй атмасферай. Асобая роля тут належыць жырандолі-кароне, якая часам нагадвала жывую касмічную істоту. У замку Радзівілаў яна свяцілася таямніча-халодным зеленаватым святлом, у палацы каралевы Боны пульсавала трывожнымі крывава-чырвонымі сполахамі.

 

Многім работам Святланы Макаранка ўласцівы вобразна-асацыятыўны, умоўна-метафарычны, «надпобытавы» характар. У спектакль «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле аповесці Ул.Караткевіча (рэжысёр Міхась Краснабаеў) мастак увяла вобраз парома, што адарваўся ад берагоў і хістаецца, быццам трэсачка ў віры, шукаючы для сябе якое-небудзь апірышча. Такая сцэнаграфія дапамагала і акцёру–выканаўцу цэнтральнай ролі (спярша Юрыю Гапееву, пазней – Цімуру Жусупаву) існаваць у такім жа хісткім тэмпа-рытме. Разам з тым гэты вобраз звязвае розныя часова-прасторавыя пласты, узбуйняе маштаб твора, пашыраючы яго да касмічнага.

 

Мастацкае афармленне спектакля «Квартэт» па п’есе Рональда Харвуда (рэжысёр Рыд Таліпаў) таксама выяўляе яго канцэпцыю. Сцэнограф Святлана Макаранка стварае ўтульны інтэр’ер сучаснай багадзельні. Па задуме рэжысёра і мастака камфартабельны музычны салон і ёсць тая «залатая клетка» старасці, у якой наканавана дажываць свой век знакамітым артыстам, атуленым клопатамі, але пазбаўленым сувязяў са знешнім асяроддзем.

 

Адзіны матэрыял, з якім працуе акцёр у спектаклі «Дзікае паляванне караля Стаха» па аповесці Ул.Караткевіча і які выконвае вобразную, знакавую ролю,– гэта дошкі. Яны могуць быць і сценамі замка, за якімі хаваецца Надзея Яноўская, і дамавінай, на якую кладуць чарговую ахвяру палявання, і крыжамі, і зброяй, увасабляць разам з конікамі сам вобраз палявання альбо лясны гушчар.

 

А вось сцэнічную прастору спектакля «Апошнія» па п’есе М.Горкага (рэжысёр Міхась Краснабаеў) арганізоўвае вялікі камін, прыцягальны літаральна для ўсіх насельнікаў дома Каламійцавых. За ім – вялікі белы стол, і да яго, як да прыстані, героі збіраюцца на пачатку кожнай дзеі, а таксама ў фінале спектакля, калі ўсіх, быццам сышоўшых у нябыт, будзе ціха засыпаць, сімвалізуючы бегкасць няўмольнага часу, абыякавы белы снег.

 

Дзеянне спектакля «Дзіўная місіс Сэвідж» па п’есе Джона Патрыка (рэжысёр Юрый Пахомаў) адбываецца ў «Ціхім прыстанку» – доме для душэўна хворых. Назва сама па сабе выклікае і пэўныя асацыяцыі, мае ў сабе дадатковае сэнсавае адценне, бо можа быць перакладзенае і як манастыр. І сапраўды на сцэне – выгляд прыстанку знутры (як быццам прыёмны пакой бальніцы, што абмяжоўваюць вялікія аканіцы з выявамі скурчаных дрэў), а вось на авансцэне – выгляд гэтай жа мясціны звонку, так бы мовіць, у мініяцюры. Прыземісты будынак, што нагадвае маленькі храм, прыгожа аздоблены парк і дзіцячая чыгунка, што яго апаясвае. Рэжысёр і мастак быццам падкрэсліваюць: гэта асаблівае месца, яно асвечана Богам.

 

А ў спектаклі «Доктар філасофіі» па п’есе Браніслава Нушыча мы трапляем у кватэру (ці дом) заможнага буржуа, ці як зараз сказалі б, прадпрымальніка, выхадца з нізкага саслоўя, які сваё жытло ўладкаваў з сапраўднай раскошай і прэтэнзіяй. Салонны пакой для прыёму гасцей з шыкоўная мяккай мэбляй залацістага колеру, шафай для вінных напояў, і абавязкова сейфам (трэба ж стварыць уражанне на наведнікаў). Замыкаюць сцэнічную прастору разьбяныя шырмы, якія, відаць, «хаваюць» анфілады многіх іншых пакояў. Справа – арка, закрытая заслонай, і лесвіца, праз якую і з’яўляюцца госці (дэталь афармлення і разам з тым – метафара нязбытных мрояў гаспадара дома).

 

Спектакль «Цалуй мяне, Кэт!» паводле лібрэта амерыканскіх драматургаў Сэмюэла і Бэлы Співак прагучаў як прызнанне ў любові Яго вялікасці Тэатру. Своеасаблівасць твора была ў тым, што ў адным спектаклі спалучаны два сюжэты: першы – гісторыя кахання Фрэда Грэхэма, рэжысёра тэатра ў Балтыморы і прымы гэтай жа трупы Лілі Ванэсі, другі – знакамітая камедыя Шэкспіра «Утаймаванне наравістай», якую ходам дзеяння разыгрываюць артысты тэатра. Сцэнографу і аўтару касцюмаў Святлане Макаранка трэба было аб’яднаць у адным вонкавым вобразе розныя гістарычна-прасторавыя пласты. І з гэтай задачай яна паспяхова справілася. Дэкарацыя спектакля праз асобныя сцэнаграфічныя дэталі – фатэлі з высокімі спінкамі і вітражнае шкло на заднім плане давалі ўяўленне, выклікалі асацыяцыі з палацам заможнага падуанскага арыстакрата. Калі ж дзеянне пераносілася ў балтыморскі тэатр, прастора сцэны амаль поўнасцю агалялася, высвятлючы толькі грыміравальныя столікі.

 

Святлана Макаранка ўмее стылізаваць сцэнаграфію і касцюмы пад пэўную эпоху. Гэта ж чыталася і ў афармленні спектакля «Дурнічка» паводле класічнай п’есы Лопэ дэ Вегі, дзеянне якога адбываецца ў часы позняга іспанскага Рэнесансу. Сцэнічны вобраз і шыкоўныя строі персанажаў давалі пэўнае ўяўленне пра асяроддзе і этыкет той эпохі.

 

Мастак імкнецца візуалізаваць унутраны свет герояў спектакля, выявіць яго праблематыку. У спектаклі «Бальніца на краі свету» па п’есе балгарскага драматурга Х.Бойчава Святлана Пятроўна пазначае сцэнічную прастору кратамі з кашульных тканін-рукавоў, якімі звычайна перавязваюць цяжкіх псіхічных хворых, а таксама бальнічнымі ложкамі – як ніжнімі, так і пустымі верхнімі, быццам завіслымі ў паветры (санітары час ад часу, нібы ў іншы свет, будуць падымаць іх угару). У фінале яны і самі, без чыесьці дапамогі пачнуць рухацца ўверх-уніз. Важкай дэталлю спектакля з’яўляўся і тэлевізар — гэткае акно ў свет, навіны з якога сэнсава пашыралі змест спектакля, выводзілі яго на шырокаме мастацкае абагульненне.

 

Цікавым падаецца і сцэнічнае рашэнне спектакля «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы Міхася Краснабаева. Тут трэба адзначыць лаканічнасць і разам з тым метафарычна-асацыятыўную вобразнасць сцэнаграфіі, стылявое адзінства касцюмаў. Галоўным візуальным вобразам спектакля стала кола, якое атаясамліваецца і з дарогай, з коламі жыцця, чалавечага лёсу, і з цяжкой знямогай сялянскай працы, і з хараством княскага палацу (там яно ператвараецца ў жырандолю), і з эшафотам, дзе распінаюць Ганну. Яно ўздымае на вяршыню і прыціскае да зямлі.

 

Святлана Пятроўна выяўляе здольнасць вельмі дасканала працаваць над драматургічным творам, яна грунтоўна вывучае стыль той ці іншай эпохі, каб прафесійна ўвасобіць яе ў сцэнаграфіі і касцюмах будучага спектакля. Асабліва гэта важна пры рабоце над класічнымі творамі, якія апошнім часам усё часцей з’яўляюцца на коласаўскай сцэне. Гэта можа быць Расія пачатку XX стагоддзя, альбо Іспанія эпохі позняга Рэнесансу.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа віншуе
шаноўную Святлану Пятроўну з юбілеем,
зычыць ёй моцнага здароўя, творчага плёну,
натхнення і новых яскравых пастановак!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X