СПЕКТАКЛІ Ў САКАВІКУ - ШМАТ ПРЫЕМНЫХ ТЭАТРАЛЬНЫХ СУСТРЭЧ!

У сакавіку вас чакаюць новыя прыемныя сустрэчы з артыстамі-коласаўцамі, гастралёрамі. І першая ў 2023-м годзе прэм’ера.
1 сакавіка (19:00) на вялікай сцэне – сатырычная гісторыя «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля «Гульцы».
Картачная гульня стала надзвычай папулярнай у Расійскай імперыі XIX стагоддзя. З цягам часу яна ператварылася ў сапраўднае шаленства. П’еса Гогаля і з’явіліся рэакцыяй пісьменніка на такую распаўсюджанасць гэтай гульні. Рэжысёру і сцэнографу спектакля Андрэя Жыгура яна здалася вельмі сугучнай і нашаму часу, калі штодзень мы сутыкаемся з праявамі махлярства і падману.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
4 сакавіка (18:00) запрашаем паглядзець на камернай сцэне трагікамедыю «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН» амерыканскага драматурга Дональда Лі Коўбэрна.
Уэлер Марцін (Пятро Ламан) і Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) выпадкова сустракаюцца, знаёмяцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця. Гульня напаўняецца ўспамінамі і шкадаваннямі пра згубленыя гады, пра тое, што не змаглі знайсці агульную мову з дзецьмі і цяпер вымушаны застацца адно на адно з самімі сабой. Ці змогуць героі адкрыць усе карты? І хто ж выйдзе пераможцам у гэтай тэатральнай партыі – адзінокія людзі або ўсё ж такі іх лёс?
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
7 сакавіка (19:00), напярэдадні Дня Жанчын, на камернай сцэне – музычны вечар «ДУШЭЎНАЯ РАЗМОВА».
Калі чуеш песню, то ўзгадваеш нейкія моманты са свайго жыцця, месцы, дзе калісьці быў, ці знаёмых людзей. Свет пастаянна мяняецца, а песні і звязаныя з імі ўспаміны застаюцца.
Падчас музычнага вечара «Душэўная размова» ва ўтульнай атмасферы камернай сцэны гучаць вядомыя песні, артысты-коласаўцы распавядаюць
пра іх цікавыя гісторыі, дзеляцца асабістымі ўспамінамі, жартуюць... «Ты у меня одна», «Не исчезай...», «На Тихорецкую», «У природы нет плохой погоды»... І самае галоўнае, што ўсім вядомыя песні яднаюць, адкрываюць блізкасць паміж людзьмі, нараджаюць пачуццё супольнасці.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
10 сакавіка (19:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе вядомага французскага драматурга Рабэра Тама. З яго творчасцю наш глядач добра знаёмы па фільме «Шукайце жанчыну».
«Восем закаханых жанчын» – гэта сямейная драма, унутры якой глядач апускаецца ў вір нявыказанага, хлусні і хітрасплеценых інтрыг, а восем галоўных гераінь, замкнёных у ізаляванай прасторы загараднага дома, сутыкаюцца з нетрывіяльным заданнем — знайсці забойцу бацькі сям'і. Забойца — адна з іх. Так ім здаецца. Але…
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
11 сакавіка (12:00) запрашаем дзяцей і іх бацькоў паглядець на камернай сцэне казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па казцы Васіля Ткачова.
Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў/ Максім Ратомскі) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Герман Дымарэцкі / Юрась Цвірка) і надзвычай чуллівая Козачка (Наталля Аладка / Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку залежыць ад вас!
Узроставае абмежаванне – 0+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
У той жа дзень, 11 сакавіка (18:00), а таксама 12 сакавіка (18:00) прадзюсарскі цэнтр «Кіфа» дорыць самым прыгожым віцебскім жанчынам музычна-танцавальны спектакль «ГАТЭЛЬ ЖАДАННЯЎ» (Масква, Расія).
Гэты незабыўны вечар – толькі для цудоўных дам! Адзінаццаць прыгожых хлопцаў запрашаюць у свет мрояў і шчырых фантазій. Крутая харэаграфія, выдатны гумар, запальная музыка – і падарунак выдатным жанчынам ад сапраўдных мужчын. Гэтыя майстры танца пакажуць усё! Ці амаль усё! Гэты вечар запомніцца надоўга.
Узроставае абмежаванне – 18+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
15 і 16 сакавіка на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (г.Бабруйск).
15 сакавіка (19:00) на вялікай сцэне – лірычная драма «ПЕСЯ і ЯНКА» па п’есе Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага.
Аўтары пазначылі жанр вельмі проста – п'еса пра вайну і пра каханне... Пра вайну, таму што ў аснове сюжэту — падзеі ваеннага часу. Пра каханне, таму што перад намі — гісторыя кахання маладзенькай яўрэйкі Песі і дарослага цыгана Янкі, якія цудам выратаваліся ад знішчэння фашыстамі. У спектаклі суіснуюць два часовыя планы. У ваенным Песя і Янка спрабуюць выжыць ва ўмовах, у якіх выжыць немагчыма. У сучасным састарэлая Песя ўпершыню, з вялікай складанасцю і асцярогай, дзеліцца сваёй гісторыяй з маладым журналістам Ягорам.
Узроставае абмежаванне – 16+. Працягласць – 1 гадзіна 55 хвілін з антрактам. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
16 сакавіка (19:00) на вялікай сцэне – фантасмагорыя «АНЁЛЫ НЕ ПЛАЧУЦЬ» расійскага аўтара Асі Катляр.
У спектаклі-фантасмагорыі «Анёлы не плачуць» нейкім цудоўным чынам перасякаюцца мінулае і будучыня. У адной кватэры сустракаюцца дзве жанчыны. Адна — алкагалічка, якая пражыла няпростае жыццё, сутыкнулася са здрадай, страціла дзіцё. Другая толькі пачынае жыццёвы шлях, верыць у людзей, дабро і светлую будучыню. Падзеі развіваюцца на сцэне, і паступова гледачы разумеюць, што ў адным месцы ў адзін і той жа час сустрэліся будучыня і мінулае. І Анёлы, якія курыруюць гэту сустрэчу, спрабуюць выратаваць будучыню…
Узроставае абмежаванне – 16 +. Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
Для маленькіх гледачоў 16 сакавіка (11:00 і 13:00) будзе паказана музычная казка «МУХА-ЦАКАТУХА» паводе Карнея Чукоўскага.
Многія ведаюць класічную казку пра тое, як Муха набыла самавар, запрасіла гасцей. Але з’явіўся страшны злыдзень Павучок, які захацеў загубіць гаспадыню, а выратваў яе смелы Камарык.
У спектаклі гастралёраў – усё крыху па-іншаму. Перад гледачамі з’явяцца Мурашка, Блыха, Конік, Матылёк, Пчала. У кожным – яркі характар, пластыка, адмысловы танец. А патрывожаны Павук з’явіцца нечакана з... самавара і вырашыць... жаніцца з прыгажуняй Мухай! Вось тут ужо і прыляціць Камарык... Чым скончыцца гісторыя – раскажа маляўнічы, вясёлы спектакль.
Узроставае абмежаванне – 0+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
17 сакавіка (19:00) на камернай сцэне – спектакль «ДЗЕЦІ. ВЁРСТЫ» Арцёма Казюханава па творчасці Якуба Коласа. У аснову спектакля пакладзены некаторыя сюжэтныя лініі драматычнай паэмы «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях».
Як цяжка перажыць адзіноту сталай кабеце, пакінутай дзецьмі, што разляцеліся, падобна птушкам, па ўсяму свету, як знайсці іх, сабраць у сваё ўлонне? Вось такія пытанні задае сабе галоўная гераіня спектакля (Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская), раз-пораз вяртаючыся сваімі ўспамінамі ў далёкае мінулае, аналізуючы свае памылкі.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
18 сакавіка (18:00) запрашаем на вялікую сцэну паглядзець драматычную камедыю «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе славутага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».
Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка РБ Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна). Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
19 сакавіка (18:00) на вялікай сцэне – маладзёжная камедыя–фарс «КАХАННЕ І ПАДАТКІ» па п’есе Уільяма Ван Зандта і Джэйн Мілмар «Секс, каханне і падаткі».
Каця Дэніс (Паліна Крашэўская) ніяк не можа разабрацца, каго яна кахае – Лэслі (Аляксей Анісеня), альбо ўсё ж такі Джорджа (Дзмітрый Каваленка), за аднаго збіраецца выйсці замуж, але і другога кідаць не жадае. Лэслі прыгнятае сумленне, але ён ніяк не можа прызнацца ў здрадзе сябру. На сумленні ў Джона таксама ёсць пляма: каб зэканоміць колькі зялёных паперак, ён у падатковай дэкларацыі запісаў Лэслі ў якасці сваёй жонкі. Ён упэўнены, што менавіта грошы дазволяць яму больш трывала ўладкавацца ў нашым няпростым свеце. І каб знайсці выхад са складанай сітуацыі, юнак здольны на неверагодныя хітрасці, падманы і нават на ахвяру.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
25 сакавіка (18:00) на вялікай сцэне адбудзецца першая ў 2023 годзе прэм’ера - камедыя–фарс «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. Прэм’ера прымеркавана да Міжнароднага дня тэатра. У ролі Князя – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
26 сакавіка (18:00) на камернай сцэне – цёмная гісторыя са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» Аляксандра Савухі.
Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу ў метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей ад нулёў, біямасы. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць…
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
28 сакавіка (19:00) на вялікай сцэне адбудзецца другі прэм’ерны паказ камедыі–фарса «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. Прэм’ера прымеркавана да Міжнароднага дня тэатра. У ролі Князя – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
29 сакавіка (19:00) на камернай сцэне – міні-серыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock'n'roll на захадзе сонца».
…Яна (Наталля Аладка) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату…
І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
31 сакавіка (19:00) на камернай сцэне – музычна-паэтычны вечар «ТЫ МНЕ СКАЗАЛ: ЛЮБЛЮ - И ВЕРИТЬ Я ГОТОВА...».
Музычна-паэтычны вечар «Ты мне сказал: люблю – и верить я готова…» напоўнены вядомымі вершамі і рамансамі. Старадаўнія мелодыі, узвышаныя радкі сплятаюцца ў адзіную споведзь душы. «Но я вас всё-таки люблю…», «Только раз бывают в жизни встречи», «Не пробуждай воспоминаний», «Отцвели хризантемы»… Пушкін і Асадаў, Муса Джаліль і Марыя Пятровых, Хуан Інэс дэ ла Крус і Шандор Пецёфі, і беларускія – Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Вярцінскі…
Гучыць каханне, замірае на вуснах і ажывае ў песні, узносіцца да нябёсаў і томіцца ў сэрцы… І нікога не пакідае абыякавым.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий