СПЕКТАКЛІ Ў МАІ: ГАСТРОЛІ і ПРЭМ'ЕРНЫЯ ПАКАЗЫ
Май - апошні месяц вясны. Ужо, як кажуць, рукой дастаць і да лета. Спадзяемся, што не толькі цёплыя майскія вечары, але і спектаклі Коласаўскага тэатра, гэтак жа, як і гастралёраў, уздымуць вам настрой і прынясуць сапраўднае задавальненне.
2 мая (19:00) запрашаем на прэм’ерны спектакль «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» паводле вядомай аповесці класіка рускай літаратуры Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.
Па недарэчнай выпадковасці ў пазаштатны Мардасаў заязджае састарэлы багаты Князь (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і аказваецца ў цэнтры ўвагі жаночага грамадства маленькага мястэчка. Яго адразу ж заваблівае ў свой дом першая дама Мардасава – Марыя Аляксандраўна Маскалёва (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка), кабета неўтаймоўнай энергіі і вытанчанага розуму, гэтакі «Напалеон у спадніцы»! Ёй на розум прыходзіць геніяльная ідэя: выдаць за старога сваю дачку Зіну (Тамара Краснабаева-Чарняк / Паліна Крашэўская / Дар’я Французава), у якую быў закаханы Павел Аляксандравіч Мазглякоў (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі). Але дзе там…
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by і 24afisha.by.
5 мая (19:00) на камернай сцэне глядач зможа ўбачыць трагікамедыю «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН» па п’есе сучаснага амерыканскага драматурга Дональда Лі Коўбэрна.
Гэтыя двое – мужчына і жанчына. Гэтыя двое – самотныя людзі. Яны ўжо шмат у чым расчараваліся. Але... Не зважаючы ні на што – Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) і Уэлер Марцін (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан) любяць жыццё і вераць у лепшае.Яны – сапраўдныя гульцы.І яны ... хочуць выйграваць. Выйграваць, нават калі перамога – ужо немагчымая. Пра прагу жыцця і няспраўджаныя мары, пра далёкае мінулае і прывідную будучыню, пра надзею і каханне праз смех і слёзы распавядае гэты спектакль.
Спектакль стаў лаўрэатам VIII Міжнароднага тэатральнага фестываля «Смаленскі каўчэг» у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы».
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
6 мая (12:00) запрашаем дзяцей разам з бацькамі на камерную сцэну паглядзець казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» Васіля Ткачова.
Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў/ Максім Ратомскі) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Герман Дымарэцкі / Юрась Цвірка) і надзвычай чуллівая Козачка (Наталля Аладка / Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку, залежыць ад вас!
Узроставае абмежаванне – 0+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
6 мая (18:00) на камернай сцэне глядач убачыць спектакль-споведзь «НЕЗАГОЙНАЯ РАНА» паводле твораў Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча.
Часткі спектакля аб’ядноўвае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Яны пра тыя незлічоныя пакуты і ахвяры, што прынесла на Беларусь страшная чорная навала. Ідэя, інсцэніроўка, пастаноўка і музычнае афармленне Зінаіды ГУРБО. Яна ж выканаўца галоўнай ролі.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
7 мая (18:00) аматараў рамансаў запрашаем на камерную сцэну на музычна-паэтычны вечар «КАК Я ЛЮБЛЮ ГЛУБИНУ ТВОИХ ЛАСКОВЫХ ГЛАЗ…».
Гэта не проста музычна-паэтычны вечар, а цэлая паэма пра каханне – у песнях, вершах і лістах.
Вядомыя песні 40-50-х артысты і гледачы спяваюць разам – «Тёмная ночь», «Давай закурим», «Где же вы теперь, друзья-однополчане?», «Журавли», «Синий платочек»… І не раз абціраюць слёзы, перахоплівае дыханне, голас… Ад болю, які пакінула вайна ў сэрцах многіх. Ад радасці за тое, што ўсёпераможнае Каханне – вечнае.
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.
11 мая (19:00) на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Санкт-Пецярбургскага тэатра танца «Спакуса».
У чарговы раз калектыў парадуе віцебскіх гледачоў шоу пад дажджом. Называецца новы спектакль «І ДЗЕ, …, ШЧАСЦЕ?».
Расійскія артысты падораць мужчынскія разважанні, выяўленыя словамі і мастацтвам танца. Нумары харэаграфіі гарманічна спалучаюцца з запраўленымі гумарам і пазітывам маналогамі акцёраў на актуальныя тэмы сённяшніх рэалій. Зліццё танцавальнага майстэрства і аратарскага мастацтва пагружае гледача ў атмасферу энергіі і драйва, гумару і пазітыва, рамантыкі і кахання! Фінальная частка шоу тэатра «Искушение» выконваецца пад струменямі вады! Паверце, гэта спектакль дапаможа гледачу адчуць сябе крышачку шчаслівей!
Узроставае абмежаванне 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).
17-18 мая на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.
17 мая (19:00) вы ўбачыце спектакль «БЯДА АД ПЯШЧОТНАГА СЭРЦА», пастаўлены ў жанры вадэвіля.
Вадэвіль – кароль тэатральных падмосткаў. Рэжысёр Міхась Лашыцкі прадстаўляе акцёрскую імправізацыю на тэму старога добрага вадэвіля. А дакладней, двух вадэвіляў – «Бяда ад пяшчотнага сэрца» Уладзіміра Салагуба і «Аз і ферт, ці Вяселле з вензелямі» Паўла Фёдарава.
Першы сюжэт – пра сватанне сына багатага адкупніка, які прыязджае з Тамбова ў Пецярбург. Юнак ніяк не можа вызначыцца з выбарам нявесты, яго пяшчотнае сэрца адклікаецца на кожны заклік – яму падабаюцца абсалютна ўсе дзяўчаты. А ў нявестаў і іх матуль – свой разлік: мільённая спадчына!
Другі вадэвіль – таксама пра сватанне, тут памешчык шукае прыдатнага жаніха для сваёй дачкі. Галоўны крытэрый – ініцыялы будучага зяця, бо пасаг ужо пазначаны вензелем «А.Ф.» – не прападаць жа дабру! Нявеста, вядома ж, з планамі ашчаднага таткі не згодна і ўжо завяла раман з бедным мастаком…
Узроставае абмежаванне – 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.
18 мая (19:00) – рамантычная камедыя «Я БЯРУ ГЭТАГА ХЛОПЦА» Джэка Шаркі.
Кажуць, што добрыя хлопцы на дарозе не валяюцца. Амерыканскі драматург Джэк Шаркі з бляскам аспрэчвае гэта сцверджанне! У яго п'есе ўсё ідзе з дакладнасцю да наадварот. Гідэон Холіс, чароўная жыхарка сучаснага Бостана, раптам знаходзіць сваё каханне… проста ў сябе пад нагамі. Шчаслівай знаходкай аказваецца малады красун Брэт (ён жа – Антоніа), што страціў памяць падчас марафону. Але мала знайсці шчасце – яго яшчэ трэба ўтрымаць. Цямлівая Гідзі пускае ў ход усю фантазію, розум і жаночыя чары, багаты арсенал хітрыкаў і інтрыг, каб заваяваць каханне Брэта.
Ці атрымаецца ў разумніцы Гідзі, заручыўшыся падтрымкай адданай сяброўкі, абвесці вакол пальца акружаючых: жаніха сяброўкі, паслужлівага паліцыянта і, галоўнае, свайго закаханага? Пра гэта вы даведаецеся з камедыі, якую паставіў Уладзімір Пятровіч. З вялікім запалам працуе ў спектаклі акцёрскі склад – галоўным чынам, гэта моладзь.
Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.
Для юных гледачоў у гастрольныя дні будзе паказана музычная казка «ЦАРЭЎНА-ЖАБКА» па матывах рускай народнай чароўна казкі.
…У нейкім царстве, у нейкай дзяржаве жыў-быў мудры цар. Загадаў ён сваім сынам нявестаў шукаць. Пусцілі браты Пётр ды Іван з лука кожны па страле: куды страла трапіць, там і нарачоная. Страла малодшага брата трапіла ў балота да жабкі.
Вось тут і пачаліся сапраўдныя дзівосы! А яшчэ – прыгоды і выпрабаванні. Усім давялося падужацца: цару-бацюхну – за будучыню сваіх сыноў і царства-дзяржавы, царэвічам і іх нявестам – за шчасце ды каханне. Следам за Іванам-царэвічам мы адправімся на пошукі Васілісы. Пралезем нязведанымі сцежкамі ў зачараваны цёмны лес, дзе жывуць нязнаныя звяры – і яны абавязкова прыйдуць на дапамогу нашаму герою!
Узроставае абмежаванне – 6+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).
23 мая (19:00) запрашаем на прэм’ерны спектакль на вялікай сцэне «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН» - трагіфарс паводле вядомай аповесці класіка рускай літаратуры Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага.
Па недарэчнай выпадковасці ў пазаштатны Мардасаў заязджае састарэлы багаты Князь (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і аказваецца ў цэнтры ўвагі жаночага грамадства маленькага мястэчка. Яго адразу ж заваблівае ў свой дом першая дама Мардасава – Марыя Аляксандраўна Маскалёва (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка), кабета неўтаймоўнай энергіі і вытанчанага розуму, гэтакі «Напалеон у спадніцы»! Ёй на розум прыходзіць геніяльная ідэя: выдаць за старога сваю дачку Зіну (Тамара Краснабаева-Чарняк / Паліна Крашэўская / Дар’я Французава), у якую быў закаханы Павел Аляксандравіч Мазглякоў (Аляксей Анісеня / Антон Бараноўскі). Але дзе там…
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.
24 мая (19:00) на коласаўскай сцэне адбудуцца гастролі Маскоўскага тэатра «О'кей». Гледачы ўбачаць камедыю «Я ХАЧУ КУПІЦЬ ВАШАГА» па п’есе Міхаіла Задорнава ў выкананні вядомых расійскіх артыстаў тэатра і кіно.
У сямейны дом, у дзень чарговых угодкаў вяселля, з'яўляецца разлучніца і прапануе... прадаць ёй нявернага мужа за дзвесце тысяч даляраў. Жонка, будучы кабетай практычнай і не без пачуцця гумару, згаджаецца на здзелку. Сведкам дзіўных перамоў робіцца не ў час узніклы муж, які спрабуе прыняць пасільны ўдзел, чым яшчэ больш пагаршае справу… Як жа ў гэтай, мякка кажучы, неардынарнай сітуацыі паступіць ашуканая жонка? Гераіня камедыі Міхаіла Задорнава знаходзіць вельмі арыгінальнае выйсце са становішча.
Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Білеты – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).
25 мая (19:00) на вялікай сцэне тэатра – камедыя-фарс «КАХАННЕ і ПАДАТКІ» па п’есе амерыканскіх драматургаў Уільяма ван Зандта і Джэйн Мілмар «Секс, каханне і падаткі».
Камедыя становішчаў напоўнена праблемамі юнацкасці, калі моладзь адчайна шукае сапраўднае каханне, сяброўства і… грошы. Дзе іх узяць, калі яшчэ трывала не ўладкаваўся ў свеце, і што рабіць без іх? Але аўтары спектакля напамінаюць гледачу: зацятая пагоня за фінансамі можа быць небяспечная. Ахвяры і хітрыкі, на якія ідуць галоўныя героі, спрабуючы заплаціць дзяржаве менш падаткаў, не каштуюць крыху сэканомленых капеек і неацэнных імгненняў маладосці, якія так лёгка прапусціць…
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.
26 мая (19:00) вас чакае на камернай сцэне сустрэча з героямі класіка беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, якога ставяць поруч з такімі выдатнымі постацямі, як Гогаль і Гофман. Спектакль «ВАЎКАЛАК» - шлях навяртання, пастаўлены па аднайменнаму апавяданню з кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Стары чалавек (Пятро Ламан) праз гады ўспамінае сваё мінулае. Ён быў юнаком (Дзмітрый Каваленка) і кахаў дзяўчыну (Алена Чыстабаева). Але злыя людзі разбурылі прыгожую мару аб шчасці.Моцная крыўда нарадзіла ў юнака жаданне помсты. І ён пераўтвараецца ў ваўкалака – звера, пярэваратня, які наводзіць страх на былых аднавяскоўцаў.
У спектаклі артысты багата выкарыстоўваюць беларускі фальклор: абрады, прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы, народныя аўтэнтычныя песні, у тым ліку ў апрацоўцы вядомага этна-трыа «Троіца».
Спектакль стаў лаўрэатам VII Міжнароднага тэатральнага фестываля «Смаленскі каўчэг» (у намінацыі «Лепшы спектакль малой формы»), а таксама адзначаны на VIII Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг»: пераможцы і лаўрэаты мінулых гадоў» («Лепшая сцэнаграфія» і спецыяльны прыз «За яркае рэжысёрскае ўвасабленне этна-нацыянальных традыцый»).
Узроставае абмежаванне - 16+.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) альбо на сайце kvitki.by.
27 мая (12:00) на камернай сцэне можна будзе паглядзець вершаваную казку для самых маленькіх «КАЗЯВАЧКА» па п’есе Таццяны Уфімцавай.
Сумна сядзець Цвыркунку (Дзмітрый Каваленка) дома і без перапынку вучыцца граць на скрыпачцы, бо на вуліцы весела гуляюць Павучок (Герман Дымарэцкі / Уладзіслаў Жураўлёў), Аса ды Матылёк. Але што рабіць – Маму (Ніна Обухава / Вікторыя Шамардзіна) трэба слухацца. Нечакана ўсё змяняецца, калі праз акно ў пакой залятае Казявачка (Ніна Обухава / Алёна Чыстабаева), за якой гоніцца агідны Жук-Рагач (Вадзім Асвяцінскі). Цвыркунок робіць мужны ўчынак: абараняе новую сяброўку, а потым разам яны ідуць гуляць. Але гэта яшчэ не канец гісторыі… Глядзіце спектакль і даведаецеся, хто такая Казявачка і як пазмагаюцца сябры са злосным, хітрым Жуком. Сябры разам абавязкова перамогуць любое зло – у гэтым няма сумневу!
Узроставае абмежаванне - 0+.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) альбо на сайце kvitki.by.
30 мая (19:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць сатырычную гісторыю «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля «Гульцы».
Гісторыя па напалу страсцей і развязцы не саступае галівудскім шэдэўрам. У цэнтры сюжэта – чатыры прафесійныя картачныя шулеры. Поспех усміхнецца не ўсім: гульня памылак не даруе, асабліва калі сядзіш за сталом з махлярамі. Зрэшты, праблема махлярства не губляе сваёй актуальнасці нават праз стагоддзі пасля напісання п’есы.
Узроставае абмежаванне - 16+.
Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) альбо на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.
31 мая (19:00) на вялікай сцэне – драматычная камедыя «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе славутага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».
Гэта шчырая, кранальная і пры гэтым па-добраму смешная гісторыя пра каханне і нянавісць, пра жыццёвыя каштоўнасці, пра стасункі ўжо немаладой італьянскай пары Даменіка (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) і Філумены (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), якая жыве пад адным дахам чвэрць стагоддзя, але так і не змацаванай вязямі шлюбу. І, здавалася б, у гэтм ужо няма патрэбы, пакуль Даменіка не прыходзіць у галаву ажаніцца з маладзенькай дзяўчынай. Навіна гэта – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за сваё шчасце.
Узроставае абмежаванне – 16+.
Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайте kvitki.by і 24afisha.by.
Чакаем вас на нашых спектаклях!
Добавить комментарий