СПЕКТАКЛЬ «МЕТРО» БУДЗЕ ПАКАЗАНЫ НА РЭСПУБЛІКАНСКІМ ТЭАТРАЛЬНЫМ ФЕСТЫВАЛІ

 

З 11 па 16 лістапада ў Бабруйску пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымае ўдзел у фестывалі ў намінацыі «Эксперымент» і 14 лістапада, а 18-й гадзіне, пакажа ў Бабруйску спектакль «Метро» па п’есе Аляксандра Савухі.

Квіткі на фестывальны паказ спектакля «Метро» можна набыць
у касе
Магілёўскага абласнога тэатра (тэлефон у Бабруйску +375 225 72-18-19)
або па спасылцы.

   

Прэм’ера цёмнай гісторыі са святлом у канцы тунэля адбылася 20 жніўня 2020 года. Гэта дэбютная рэжысёрская работа рэжысёра-пастаноўшчыка тэатра Андрэя Жыгура. Ён жа аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў. Тэатр ажыццявіў пастаноўку спектакля «Метро» па выніках Рэспубліканскага конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый.

У цэнтральнай ролі маладога бізнесмена Дзмітрыя Сяргеевіча выступае Дзмітрый Каваленка. У астатніх ролях занятыя: Уладзіслаў Жураўлёў (Мэр), Генадзь Гайдук (Пётр Пятровіч), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Кіраўнік аховы, Ён), Анжаліка Баркоўская (Сакратарка Мэра, Медсястра, Яна), Пятро Ламан (Аляксандр Васільевіч, Першы), Яўген Бераснеў (Васіль Аляксандравіч, Другі).

Спектакль «Метро» быў паказаны ў 2021 годзе на тэатральным тыдні «M.@rt.контакт.by» у Магілёве і выклікаў добры рэзананс з боку гледачоў і журналістаў.

 

Арганізатары фестывалю – Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета фестываль праходзіць у дзвюх намінацыях – «Спектаклі тэатраў драмы» і «Эксперымент». У сёлетнім фестывалі возьмуць удзел 11 прафесійных тэатраў Беларусі. У фестывальнай праграме спектаклі па творах Янкі Купалы, Еўсцігнея Міровіча, Васіля Быкава, Аляксея Дударава, Ягора Конева, Аляксея Макейчыка, Валянціна Пепяляева, Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага.

Першы фестываль адбыўся ў далёкім цяпер 1998 годзе. Але гісторыя яго стварэння пачынаецца крыху раней. У 1997 годзе ў Бабруйску сабраліся тэатразнаўцы, крытыкі, пісьменнікі, дзеячы тэатра, каб адзначыць юбілей класіка беларускай літаратуры і найперш драматургіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які нарадзіўся ў фальварку Панюшковічы пад Бабруйскам. Пад час свята два вядучыя тэатральныя калектывы рэспублікі – Купалаўскі і Коласаўскі тэатры паказалі свае пастаноўкі паводле яго твораў – «Ідылію» і «Залёты». Пазней коласаўцы неаднойчы прымуць удзел у самім фестывалі. Так, напрыклад, у 2008 годзе, калі адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння класіка, прывезлі спектакль «Кракаўскі студэнт» Г.Марчука пра юнацтва Францыска Скарыны ў пастаноўцы Валерыя Анісенкі. А ў 2015 годзе – драматычную баладу «Не пакідай мяне» А.Дударава. У 2019 годзе бабруйчане ўбачылі спектакль коласаўцаў «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы Міхася Краснабаева. Пад час яго спецыяльным дыпломам «За таленавітае жыццё ў мастацтве і выкананне роляў Старога – Курылы – Жабрака – Дзеда Данілы ў спектаклі «Сымон-музыка» быў адзначаны народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс.

Жадаем і сёлета поспеху артыстам-коласаўцам
на бабруйскай тэатральнай сцэне!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           

               

 

X