СПАВЯДАЛЬНЫ ТЭАТР ВАЛЕРЫЯ МАСЛЮКА

 

Валерый Васільевіч Маслюк, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, выдатны рэжысёр, артыст, драматург, паэт. Знакавая асоба для ўсяго беларускага сцэнічнага мастацтва, а для Коласаўскага тэатра асабліва. Бо тут ён пачынаў, рабіў першыя творчыя крокі, тут ён увасобіў свае апошнія пастаноўкі, адсюль ён пайшоў у небыццё, не дажыўшы нават да паўстагоддзя. Але памяць пра гэтага выдатнага чалавека і яскравага мастака жыве і па сённяшні дзень у сэрцах тых, хто яго ведаў, хто бачыў яго спектаклі.

Ён жыў імкліва, супярэчліва, хацеў сябе паспрабаваць у самых розных творчых сферах. Пісаў п’есы, вершы, займаўся разьбой па дрэву, майстраваў мэблю. Быў цудоўным рыбаловам, добра гатаваў, выконваў графічныя работы. І ўсё ў яго атрымлівалася таленавіта.

Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся Валерый Васільевіч ў сяле Ропна Полацкага раёна. Дзяцінства прайшло ва Ушачах, раённым цэнтры Віцебскай вобласці. Быў у сям’і адзіным хлопцам, меў чатырох старэйшых сясцёр. У родзе артыстаў не было. Бацькі працавалі рабочымі ў мясцовым «Міжкалгасбудзе». Маці марыла, каб Валера стаў інжынерам. А ён хацеў стаць то пажарным, то мараком. У яго школьным атэстаце красаваліся дзве «тройкі» – па фізіцы і хіміі. «Не любіў дакладныя навукі» – прызнаваўся Маслюк потым, – таму спісваў задачы ў свайго аднакласніка, потым прафесара Віцебскага медінстытута Сяргея Жараваронкава».

У дзяцінстве Валера быў задзірам, часта біўся. А яшчэ ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Хацеў падабацца дзяўчатам, было нармальнае юнацкае жаданне славы, таму і вырашыў стаць акцёрам.

Тады конкурс у Ленінградскім інстытуце тэатра, музыкі і кінематаграфіі быў 200 чалавек на месца. Маслюку пашанцавала – ён патрапіў з першага разу, і вучыўся з задавальненнем. Аднак хрыплы голас, дзве няўдалыя аперацыі на звязках паставілі крыж на яго акцёрскай кар’еры. Значна пазней, будучы ўжо галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драмтэатра, сыграе ў двух сваіх пастаноўках: Янку Здольніка ў «Тутэйшых» паводле Янкі Купалы і Андруса ў драме Ю.Грушаса «Каханне, джаз і чорт» і яшчэ пазней, ужо ў коласаўскім, выйдзе ў цэнтральнай ролі ўрача-псіхіятра ў пастаноўцы «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» па ўласнай п’есе.

Яму хацелася незалежнасці ў творчасці і таму ён вырашыў стаць рэжысёрам. Але тут яго забралі ў армію,  служыў у ракетных войсках. Праз два гады ўсё ж такі паступіў на рэжысёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

Пачатак творчага шляху ў Коласаўскім

Дыпломную работу ажыццяўляе на коласаўскай сцэне. Гэта была казка «Драўляны кароль» Валерыя Зіміна. Пазней сам рэжысёр вельмі крытычна ставіўся да гэтай сваёй работы, вызначаў яе так: «Гэта быў правал, філасофскае трызненне». Пазней Валерый паставіць яшчэ адзін дзіцячы спектакль – «Казку пра чатырох блізнят» па п’есе балгарскага драматурга Панча Панчава. На той час ён жыў бедна, грошай, каб зняць кут, дах над галавой, у яго не хапала, і малады рэжысёр пасяліўся прама ў тэатры, дзе і працаваў. Начаваў у пакоі побач з майстэрняй галоўнага мастака.

 

Пазней былі знакавыя пастаноўкі, якія прынеслі рэжысёру папулярнасць у віцебскага гледача і не толькі: драма «Стары дом» Аляксея Казанцава, народная камедыя-прыпавесць «Клеменс» Казіса Саі, буйное эпічнае палатно «Закон вечнасці» паводле Надара Думбадзе, на камернай сцэне – «Брыльянт» Ежы Пшыздзецкага. Гэта быў тонкі паэтычна-псіхалагічны, безумоўна аўтарскі, спавядальны тэатр, у сваіх пастаноўках рэжысёр дзяліўся з гледачом сваім унутраным болем, хваляваннем аб тых маральных, духоўных каштоўнасцях, якія, як здавалася яму, чалавек страчвае.

 

«Стары дом»

Найперш гэта быў спектакль пра каханне – першае, чыстае, юнацкае. А яшчэ пра няўмольны час, які мяняе чалавека, забірае блізкіх людзей і той мікрасвет, у якім табе было добра, утульна. Спектакль карыстаўся вялікай любоўю ў моладзі. Калі аглядаць усё мінулае коласаўскага тэатра, цяжка назваць другую такую работу, якую б так любілі і гледачы, і самі артысты. Гэта было вельмі шчырае, шчымлівае, пранізлівае выказванне мастака.

 

А яшчэ «Стары дом» быў вельмі тонкім, атмасферным спектаклем. Ён нікога не пакідаў абыякавым, бо кожны, хто прыходзіў у глядзельную залу, перажываў некалі і першае каханне, і страчваў блізкіх, родных людзей. На спектакль хадзілі двойчы-тройчы, бо кожны паказ пры захаванні агульнага рэжысёрскага малюнка, цудоўнай музыкі Уладзіміра Кандрусевіча ў выкананні групы «Сузор’е» (пазней з імі будзе супрацоўнічаь Маслюк і пры рабоце над «Клеменсам») быў непадобны на папярэдні. Цудоўна ігралі ўсе. І старшае пакаленне коласаўцаў: Фёдар Шмакаў у ролі шкоднага «пацука», пляткара і зласліўца Разаева. І сярэдняе пакаленне: Леанід Трушко ў ролі хатняга тырана і дэспата  Максіма Ферапонтавіча, бацькі Сашы, Тамара Шашкіна ў ролі Таісіі Пятроўны, маці Алега, Таццяна Мархель – маці Сашы, Уладзімір Куляшоў і Мікалай Цішачкін (бацька Алега). І маладое пакаленне – Аляксандр Фралоў (Алег), Галіна Доля, пазней Наталля Фацеева (Саша). Асабліва тонкім атрымаўся менавіта гэты, апошні вобраз. Паміж першай і другой дзеяй праходзіла чатырнаццаць год, і многім выканаўцам давялося сыграць свайго героя альбо гераіню як у маладым, так і ў сталым узросце, і гэта патрабавала ад іх асаблівага майстэрства. 

«Клеменс»

Гэта быў яшчэ адзін легендарны спектакль. У «Клеменсе» з вершамі Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Пятра Ламана мастак, здаецца, апярэдзіў свой час, бо закранаў у самы пік застою такія пытанні, пра якія не прынята было гаварыць у той час гучна: пра волю, незалежнасць, нацыянальную самасвядомасць. Завяршаўся ён словамі песні-зонга галоўнага героя: «І гэты час, і гэты лад не назаўсёды…» Калі спектакль быў паказаны ў Літве, да артыстаў падыходзілі ўзрушаныя гледачы і пыталі: «І што, у вас такое дазваляюць?» Пасля паказу «Клеменса» у Мінску беларуская моладзь наладзіла рэжысёру сапраўдную авацыю.

 

Прыпавесць аб тым, як жыхары вёскі Дзевяцібедаўкі прамянялі найвялікшы скарб – духоўную свабоду, свае песні і жарты, ветлівасць і добразычлівасць – на матэрыяльны дабрабыт, гучала як філасофскі роздум аб сапраўдных маральных каштоўнасцях. Музыку, святло, колер, пластыку выканаўцаў – усе кампаненты спектакля вынаходліва распрацоўваў Валерый Маслюк дзеля раскрыцця аўтарскай ідэі твора. У пачатку дзеі глядач бачыў сялян са спакойнымі і адкрытымі тварамі.Хай сабе адзенне ў іх небагатае і ў кішэнях пуста, затое іх яднае спраўднае братэрства, кожны гатовы аддаць сябру апошні кавалак хлеба. Радасна і шчыра гучыць у іх сэрцах цудоўныя мелодыі вясковага музыкі Скалнаса (Пятро Ламан). Але завозяць купцы ў Дзевяцібедаўку племяннога быка Клеменса, і пачынае раз’ядаць душы сялян прага нажывы. Змаўкаюць песні і смех. Як сімвал духоўнай дэградацыі з’яўляюцца на галовах людзей гліняныя гаршкі. Клеменс – адзіны гаспадар падзей, думак і пачуццяў.  Для яго падрыхтаваны пастамент у цэнтры сцэны: магутная постаць Быка (артыст Яўген Баўдзей у бліскучым чорным касцюме, высокіх ботах, з двума нажамі-рагамі за поясам, з двума ланцугамі за спінай) узвышаўся над усім. Абуджэнне сумлення пачынаецца толькі тады, калі музыка Скалнас забівае Клеменса – знішчае ўвасабленне ваяўнічага зла і бяздушнай улады. Але гэта не дапаможа: душы людзей моцна трымае страх. Суд сурова пакарае Алялюмаса (Леанід Трушко), бо ён выхавацель. А значыць, і натхніцель Скалнаса, яго вышлюць на катаргу. Зноў з’явяцца ў Дзевяцібедаўцы купцы. Цяпер яны прывязуць племянога каня, ён здыме маску, і ўсе пазнаюць «па зубах» натуру тую ж – Клеменсаву.

У гэтай пастаноўцы цяжка было вылучыць лепшую акцёрскую работу. Сцэнічныя персанажы вызначаліся праўдзівасцю народных характараў і адначасова былі абагульненымі, узнятымі да сімвала. Іменна так успрымаліся мужны, высакародны, тамтэйшы філосаф-мудрэц, смаляр Алялюмас, добрая, справядлівая баба Аднавочка (Валянціна Петрачкова), пяшчотная Данута (Святлана Акружная), адданая Лайма (Валерыя Войчанка), учэпісты, жартаўлівы кум Канкаліс (Яўген Шыпіла). У суладдзі з жанрам прыпавесці існавалі на сцэне і адмоўныя персанажы. Акцёры Георгій Дубаў (Купец), Яўген Баўдзей (Клеменс), Юрый Кулік (стараста Даўнарас), Зінаіда Канапелька (Даўнарэня) арганічна спалучалі дакладную характарнасць, умоўную гратэскавасць і сатырычную завостранасць.

У 1990-я гады, вярнуўшыся ў коласаўскі тэатр, Маслюк створыць другую рэдакцыю «Клеменса» пад назвай «Час быка». Але гэты стары-новы спектакль ужо не будзе мець такога рэзанасу і папулярнасці, як той, першы.

 

«Закон вечнасці»

У 1981 годзе тэатр паказаў спектакль «Закон вечнасці» паводле рамана Надара Думбадзе ў пастаноўцы Валерыя Маслюка. Кампазіцыйна твор будаваўся як успаміны пісьменніка Бачаны Рамішвілі пра нялёгкае, але цудоўнае жыццё. Сучаснасць чаргавалася з эпізодамі мінулага, фантастычнымі снамі героя, яго марамі аб творчасці, каханні, шчасці. Усё гэта складала нетаропкую плынь умоўна-абагульненага апавядання. У  спектаклі было шмат дзейных асоб, сюжэтных калізій.

 

Рэжысёр удала арганізаваў деянне, якое набыло форму народнага сказа. Пры ўсё лаканічнасці пастановачных прыёмаў, якімі карыстаўся Маслюк, вобразная мова яго спектакля была па-сучаснаму выразная. Ён шырока ўжываў метафары, сімволіку (напрыклад, увёў у спектакль вобразы жанчын у чорным), і гэта ўзбагачала сцэнічны твор. Бачана Рамішвілі выступаў як носьбіт аўтарскай філасофіі. Ад яго маштабнасці ў многім залежыў поспех спектакля. Народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў зразумеў сацыяльную сутнасць вобраза. Акцёр перадаў асноўнае – крыштальную сумленнасць, прынцыповасць свайго героя, здольнасць успрымаць чужы боль як свой. Ён іграў вельмі стрымана, засяроджваў увагу на ўнутраным развіцці характару. Рэжысёр мог вельмі нечакана адкрыць таго ці іншага акцёра, пашырыць яго магчымасці, дыяпазон. Так, ён прыдумаў спектакль для Ларысы Антосевай, вяртаў творчую маладосць Леаніду Трушко, па-іншаму імкнуўся раскрыць публіцы Святлану Акружную, выкарыстаў багаты патэнцыял Тамары Шашкінай і Таццяны Ліхачовай, вывеў на першы план Тадэвуша Кокштыса і Пятра Ламана.

Па-за Віцебскам

У 1981-83 гадах Валерый Маслюк літаральна ўзарваў ціхмянае жыццё правінцыйнага Магілёва, узначаліўшы тамтэйшы тэатр і ўвасобіўшы шэраг гучных пастановак. Найперш – «Тутэйшыя» Янкі Купалы (яшчэ задоўга да пінігінскай пастаноўкі), якія былі з 20-х гадоў пад забаронай (у Мінску пад час гастроляў тэатра на яго нельга было трапіць, спектакль ішоў у прысутнасці ўсяго партыйнага кіраўніцтва). А яшчэ – «Судны дзень» Віктара Казько, «Візіт старой дамы» Фрыдрыха Дзюрэнмата, «Каханне, джаз і чорт» Юозаса Грушаса, «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Кена Кізі.

Пазней ён узначаліў Дзяржаўны рускі тэатр імя Горкага ў Мінску. Сярод самых знакавых пастановак на сталічнай сцэне: «Гамлет» У.Шэкспіра, «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава (першая спроба ўвасаблення знакамітага рамана «Майстар і Маргарыта» на беларускай сцэне), «Царства зямное» Т,Уільямса, «Бабіна царства» Ю.Нагібіна, «Знак бяды» В.Быкава. За апошнюю пастаноўку быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Адначасова ён выкладае ў Беларускай акадэміі мастацтваў, выпускае акцёрскія і рэжысёрскія курсы (сярод яго вучняў – вядомы рэжысёр-коласавец Антон Грышкевіч).

Вяртанне

А ў 1993 годзе вяртаецца ў Віцебск, дзе становіцца дырэктарам-мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра. Ён імкнецца стварыць у нашым горадзе сапраўдны тэатральны асяродак. Адраджае традыцыю правядзення акцёрскіх бенефісаў, становіцца ініцыятарам правядзення тэатральных марафонаў. Пры ім коласаўцы выдаюць сваю газету «Раёк». Прыцягвае да тэатра мецэнатаў. Спрыяе правядзенню ў Віцебску Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Коласаўскага тэатра. Менавіта ён упершыню вывозіць наш калектыў з «Каралём Лірам» у далёкае замежжа, у Нямеччыну. З’яўляецца ініцыятарам стварэння студыі пры тэатры. І вядома ж, ажыццяўляе шэраг цікавых пастановак: «Час быка» (новая рэдакцыя «Клеменса»), «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка, «Пакахай мяне, салдацік!» па В.Быкаву, «Жаніцьба» М.Гогаля, паводле ўласных драматургічных твораў – «Пад сонцам», «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае», «Кацігарошак».

 

У адметнай пастаноўцы бессмяротнага твора Шэкспіра Маслюк спрабаваў правесці сучасныя алюзіі, узняць гісторыю ачмурэння караля-тырана да ўзроўню касмічнай трагедыі, сусветнага апакаліпсісу. Згодна з увасобленай ім задумай, Зямля быццам перажыла ядзерную катастрофу, і вось на рэштках былой цывілізацыі ўзнікае новая, яшчэ больш дзікунская. Сучасныя «алюзіі» былі пазначаны пункцірна: яны існавалі больш на ўзроўні мастацкага афармлення (спалучэнне ў касцюмах персанажаў элементаў розных эпох, адсутнасць дэкарацый, а толькі на фоне аголеных цагляных сцен вялікая труба (шлях у апраметную ці на неба?), адкуль з’яўляліся і куды знікалі героі спектакля, рэшткі разбітага верталёта. Свет, пазбаўлены гармоніі, дэфармаваны агіднымі чалавечымі страсцямі, а хутчэй інстынктамі, паўставаў у сцэнічным творы Маслюка. І толькі ў фінале, пры з’яўленні дзяцей-анёлаў у белых адзеннях, узнікалі светлыя фарбы, мільгацеў проблеск нейкай надзеі.

 

Не толькі рэжысёр

У драме «Пад сонцам», пастаўленай Майстрам па ўласнай п’есе (яго драматургія – асобная тэма, да якой мы ніжэй звернемся) суіснуюць два сюжэтныя пласты, два светы – рэальны і містычны, якія дзіўным чынам ўзаемадзейнічаюць між сабой, уплываюць адзін на другі, што надае твору рысы прыпавесці. Калі ў рэальным свеце існуе чарнобыльская вёска са знішчанай царквой, спітымі жыхарамі і дзецьмі-мутантамі, то побач знаходзіцца іншае вымярэнне, і там жывуць анёлы Сонца – душы выдатных асоб, прарокаў Айчыны, што спынілі зямное, ды не касмічнае існаванне – Сымон ды Еўфрасіння Полацкія, Сымон Будны, Максім Багдановіч, Янка Купала ды Уладзімір Караткевіч. Яны спрабуюць прабіцца да нас, ды не чуем мы іх. Вось у чым справа – як у прамым, так і фігуральным сэнсах. Але і гэты спектакль Маслюк завяршаў светлай нотай: маленькі анёлак вылечваў зямную дзяўчынку.

 

Наогул, тэма дзяцінства, вобразы падлеткаў, юнакоў – наступнікаў хвалявалі, праходзілі праз п’есы, спектаклі Маслюка асабліва ў апошнія гады. Прыгадаем хоць бы «Вялікую сумную рыбіну, якая чакае» – своеасаблівы парафраз на тэму «Палёту над зязюльчыным гняздом». На жаль, ухвалення гэты спектакль не атрымаў. Не зразумелі ні публіка, ні тэатральная крытыка. Спектакль закранаў сучасныя і, так бы мовіць, пазачасовыя праблемы. Мараль, мастацтва, палітыка, каханне. Розныя пласты жыцця, розныя формы свядомасці дзіўным чынам перакрыжоўваюцца ды ўзаемадзейнічаюць.

Дзеянне адбываецца ў псіхіятрычнай лячэбніцы. Сюды абсалютна выпадкова, па нейкай недарэчынасці трапляе малады юнак (Андрэй Віктараў). Паміж ім і ўрачом-псіхіятрам (Валерый Маслюк) зараджаюцца сяброўскія адносіны. Зрэшты, сустрэліся дзве адметныя асобы, пазначаныя дарам боскага натхнення: абодва паэты (іх вершы складаюць лірычны пласт спектакля). Яны – творчыя натуры (не толькі па свайму паэтычнаму захапленню, патрэбе душы, унутранай самарэалізацыі, але і па светаадчуванню). А значыць, не такія, як сумная большасць. Яны – супрацьвага безаблічнаму «быдлу», сытаму мяшчанству, што дбае толькі пра долары-марачкі. Юнак піша вершаваныя споведзі, чуе ўнутраныя галасы, яго дарослы сябар размаўляе, у піку ўсім, на роднай мове.Побач – бруд. А яны прагнуць ачышчэння. І ў героя Маслюка цепліцца мара: збегчы адсюль далёка-далёка: у мясціны свайго дзяцінства, на бераг роднага возера, дзе сустрэць вялікую сумную рыбіну.

Тэма наступнікаў развіваецца і ў іншых п’есах, якія так і не пабачылі святло рампы – «Усё о-кей, о-кей, браточкі» і «Хоба». У першай аўтарам па-майстэрску паказаны пэўны сацыяльны зрэз сучаснага грамадства.У вагоне-рэстаране хуткага цягніка, што імкліва рушыць у нейкую замежную краіну, сабраўся даволі стракаты гурт пасажыраў: тут і злодзей-крымінальнік, на якога палююць следчыя, і новы рускі, што збіраецца прабавіць час з непаўналетняй сакратаркай, і стары яўрэй, што ніяк не можа знайсці сваё месца пад сонцам, і праныра-карлік, і прастытутка…Драматург дакладнымі фарбамі, яркімі мазкамі сатырычна, з’едліва, не шкадуючы, малюе цэлую галерэю пазнавальных вобразаў. Ніводны з іх спярша не выклікае ніякай сімпатыі. Але нечакана яны трапляюць у пастку, падрыхтаваную нечымі спрытнымі ручкамі. І адзін за другім гінуць. Людзі робяцца ахвярамі нябачнага тэрарыста, якім аказваецца… 13-гадовы «прасунуты» хлопчык. Аўтар нібы задае пытанне:якое ж яно насамрэч, гэтае пакаленне «next», у чыіх руках наша будучыня?

У апошняй п’есе «Хоба», пастаноўку якой рэжысёр не паспеў закончыць, паказаны вобраз пісьменніка (гэта свайго роду alter ego аўтара), які збег ад сваёй прагнай да матэрыяльных выгодаў жонкі і такіх жа дзяцей кудысьці ў лясную пушчу, у гушчар, дзе ўдалечыні ад людзей збудаваў жытло. І вось нечакана лёс у вобразе ваўка Хобы падносіць яму падарунак – змерзлага хлопчыка-падлетка, у далейшым таксама вундэркінда, які робіцца добрым анёлам-ахоўнікам героя. Толькі насцярожвае іншае: гэты пасланец нябёсаў нябачнымі ніцямі злучаны са светам грэшных людзей, што дбаюць пра адны долары-марачкі. Невыпадкова ж ён не змог уратаваць героя ад самагубства, і ў фінале падпарадкоўвае сваёй волі яго ўваскрэслую душу (што з’яўляецца ў вобразе Хобы – чалавечай істоты з залатой галавой ваўка).

Апошні спектакль

Апошняй работай Валерыя Маслюка на коласаўскай сцэне стаў спектакль «Кахаю. Спадзяюся. Чакаю» паводле п’есы шведскага драматурга Энтані Сверлінга «Шлюха з Гарлема». Спектакль разгортваўся ў маналогі аб тэатры і рэзка адрозніваўся ад першакрыніцы – п’есы на дваіх. Ён абрастаў персанажамі, усё новымі маналогамі, спалучаўся з новымі тэатральнымі рэаліямі і сітуацыямі. У гэтым спектаклі Маслюк гаварыў не толькі пра сябе, ён спяшаўся выказацца аб сваім тэатры, аб адметным тэатральным быцці.А яшчэ аб тым, як усім нам цяжка існаваць. Крытыка пісала, што чымсьці спектакль нагадваў фільм Феліні аб тым, як ён стварае стужкі. Маслюку тут было важна ўсё рабіць самому: сцэнічная версія, пастаноўка, сцэнаграфія, касцюмы, музычнае афармленне. Але больш за ўсё яму была патрэбна актрыса Ларыса Антосева (з ёй ён ужо працаваў над яе монаспектаклем «Размовы ў доме Штайн…»), яе вера і разуменне. Актрыса выконвала сваю ролю шчыра, напорыста, востра і безаглядна, з непрадказуемымі рэакцыямі і тэмпераментам. Ужо пасля смерці Майстра артысты сыгралі яго ў Мінску, на купалаўскай сцэне, і заробленыя грошы выдаткавалі на выданне зборніка вершаў, п’ес і графічных работ Валерыя Маслюка.

 

У такі складаны і супярэчлівы час, калі адбывалася не толькі матэрыяльнае, але і маральнае збядненне грамадства, Маслюк спрабаваў вярнуць гледача да вечных каштоўнасцей. Вось словы з тагачасных інтэрв’ю з рэжысёрам: «Як бы царква не адмаўляла тэатр як духоўную ўстанову, менавіта за сапраўднай духоўнасцю будучае тэатра… Мне здаецца, зараз самы час гаварыць з людзьмі аб вечным і нятленным, аб тым, што існавала, існуе і будзе існаваць. Гэта не значыць, што трэба хавацца ад шэрай паўсядзённасці, – яна ёсць і знікне не хутка, калі наогул знікне. А вось цудоўнае, узвышанае можа знікнуць ужо заўтра… У тэатр чалавек прыходзіць не толькі дзеля таго, каб адрачыся ад сваіх праблем альбо пазабавіцца, але больш для таго, каб адчуць сябе часцінкай Сусвету, дакрануцца да вечнасці праз непарыўную сувязь пакаленняў і духоўную спадчыну».

Валерый Васільевіч памёр напрыканцы лета, 26 жніўня 2001 года. У бальніцу ў непрытомнасці яго даставіла «хуткая дапамога», трэцяя з выкліканых. Таму што доўга разбіраліся, хто і дзе яго павінен лячыць. Калі б усё склалася інакш, Маслюка, магчыма, можна было ўратаваць. А так пасля складанай аперацыі ўрачы яшчэ два дні марна змагаліся за яго жыццё. Развіталіся з Майстрам у тэатры пры вялікім наплыве народу. Пахавалі на радзіме, ва Ушачах.

Закончыць нашыя згадкі пра выдатнага коласаўца хочацца адным з яго вершаў, прысвечаных тэатру.

Я – вязень турмы, дзе пануюць вар’яты.
Я ў гэтай турме
пакуль што, галоўны вар’ят.
Мне так падабаюцца
Сцены яе і краты,
што я на свабодзе
сумую без гэтых крат.
Тут кожны сумленны
не дужа вясёлы.
Тут злодзей шчаслівы,
тут геній – не Бог.
І кожны гаворыць
пра ісціну словы.
Дай, Божа, ім сілы,
Каб гэтую ісціну
Кожны з іх вытрываць змог.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                      

 

X