СКАПЭН ХІТРЫЦЬ! ГЛЯДАЧ СМЯЕЦЦА!

Камедыя «Хітрыкі Скапэна» адбылася! 18 і 19 лютага гледачы ў зале разам з коласаўцамі на сцэне сачылі, удзельнічалі, радаваліся разам з героямі п’есы Ж.-Б.Мальера.
У Неапалі гісторыі закаханых Леандра і Зербінеты, Актавы і Гіяцынты вырашае геніяльны слуга і шэльма Скапэн, які «пасварыўся з правасуддзем». У фінале закаханыя ўз'ядноўваюцца, а бацькі знаходзяць страчаных дзяцей. Але перад гэтым аддаюць шмат грошай і клопатаў!
Скапэн выступае сапраўдным Акцёрам, Рэжысёрам і Драматургам у адной асобе, а жыхары горада (вядома, не бясплатна!) дапамагаюць яму самазабыўна, з зачараваннем іграць у Жыццё, ператвараючы яго ў Мастацтва.
Палымянай, тэмпераментнай і смешнай гісторыя апладзіраваў уся зала. Віцебская тэатральная падзея адбылася дзякуючы творчым намаганням рэжысёра Ірыны Цішкевіч, мастака-пастаноўшчыка Юліі Карымавай, харэографа Дзіны Юрчанка, кампазітара Аляксандра Крыштафовіча!
«Нельга апускаць рукі, нават калі жыццёвыя абставіны складаюцца неспрыяльна для цябе, трэба актыўна дзейнічаць, шукаць выйсце, і добра, калі знаходзіцца чалавек, у якога заўсёды можна знайсці падтрымку», – так лічыць рэжысёр спектакля Ірына Цішкевіч. А яшчэ яна ўпэўнена, што камедыя неабходна сёння – у гледача існуе патрэба ў добрым, абаяльным гумары.
Рызыка, свавольства, жыццялюбства, вечная праблема бацькоў і дзяцей – усё гэта ёсць у камедыі «Хітрыкі Скапэна». Гледачы становяцца ўдзельнікамі вясёлага і яркага карнавалу, дзе пануюць смех, музыка, танцы.
Фота спектакля - У ГАЛЕРЭІ.
Наступны паказ спектакля «Хітрыкі Скапэна» адбудзецца
7 сакавіка, а 19-й гадзіне!
Спадары, зрабіце падарунак сваім спадарыням напярэдадні свята Жанчын!
Добавить комментарий