ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК ТАДЭВУШ КОКШТЫС
2 лістапада на коласаўскай сцэне адбыўся бенефіс народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалера ордэна Францыска Скарыны Тадэвуша Антонавіча Кокштыса з нагоды юбілею – 90-годдзя з дня яго нараджэння.
На пачатку вечара са словам віншавання выступіў міністр культуры Анатолій Маркевіч. «Ваш жыццёвы і творчы шлях з’яўляецца яскравым прыкладам для маладога пакалення артыстаў і ўзорам беззаветная любові да Айчыны і да беларускай культуры, – адзначыў Анатолій Мечыслававіч, звяртаючыся да юбіляра. – Вялікі дзякуй вам за тыя вобразы, якія вы стварылі на працягу 66 гадоў на легендарнай сцэне Коласаўскага тэатра. У вашай працоўнай кніжцы толькі адзін запіс – «Сапраўдны прафесіянал тэатра імя Якуба Коласа».
Анатолій Маркевіч пажадаў юбіляру моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця і агучыў віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. «Усё ваша жыццё і шматгадовая плённая дзейнасць, – гаворыцца ў віншаванні кіраўніка краіны, – з’яўляецца прыкладам нястомнага служэння нацыянальнаму мастацтву і сваёй Радзіме. Вы зрабілі важны ўклад у захаванне і развіццё лепшых традыцый беларускай тэатральнай школы. Вашы талент і высокае прафесійнае майстэрства – сапраўдны гонар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і ўзор для маладых артыстаў. Упэўнены: вы і надалей будзецце дарыць радасныя хвіліны гледачам, узбагачаць скарбніцу айчыннай культуры».
Юбіляру былі ўручаны кветкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Потым артысты-коласаўцы сыгралі для шаноўнай публікі трагіфарс «Дзядзечкаў сон» паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. У галоўнай ролі Князя выступіў юбіляр. Ён яшчэ раз прадэманстраваў высокі ўзор свайго акцёрскага майстэрства.
Пасля спектакля адбылася віншавальная частка. На сцэну паднімаецца начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі.І звяртаецца да Тадэвуша Кокштыса: «Сваёй творчасцю Вы дорыце асалоду, добрыя эмоцыі, – адзначыў ён. – І ўсе людзі выйдуць сёння з глядзельнай залы ў добрым настроі».
Ён жа зачытаў віншавальны адрас ад старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Субоціна і старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава. «Вамі пройдзены вялікі жыццёвы і творчы шлях: за больш чым 65 год служэння ў Коласаўскім тэатры створана цэлая галерэя самых разнастайных, па-мастацку дасканалых, філігранных і жыццёва пераканальных сцэнічных вобразаў. Уражвае Ваш творчы дыяпазон – ад ярка камедыйных, эксцэнтрычных, буфанадных роляў да трагікамедыйных і глыбока драматычных. Вы зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую нацыянальную культуру, многія з Вашых сцэнічных работ увайшлі ў залатую скарбонку сцэнічнага мастацтва».
Юбіляра таксама віншавалі намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, начальнік аддзела культуры гарвыканкама Наталля Шыянок і старшыня каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і партый, старшыня віцебскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ларыса Аленская. Віктар Валер’евіч зачытаў віншавальны адрас ад старшыні Віцебскага гарвыканкама Аляксея Героева. «Вы належыце да плеяды выдатных майстроў Коласаўскага тэатра, – гаворыцца ў ім. – Вы з’яўляецеся сапраўднай легендай. Талент, карпатлівая работа над вобразам дазволілі вам заняць ганаровае месца ў трупе».
Да слоў віншаванняў і найлепшых пажаданняў юбіляру далучыліся дырэктар Коласаўскага тэатра Юлія Харкевіч і мастацкі кіраўнік Канстанцін Ганчароў. Юлія Аляксандраўна пажадала Тадэвушу Канстанцінавічу моцнага здароўя, каб хапіла моцы дажыць да 100-годдзя тэатра, якое мы будзем святкаваць праз два гады. А Канстанцін Ігаравіч адзначыў, што прыходзіў на рэпетыцыі спектакля, каб увабраць талент Кокштыса, яго творчы дух.
Прывітанні, шчырыя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя на доўгія гады ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму перадала яе старшыня Алена Сабірава. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова зачытала віншавальны адрас ад старшыні гэтай арганізацыі Веранікі Ярмалінскай і ўручыла юбіляру медаль ад пярвічкі БСТД.
Шмат год асвятляе творчы шлях юбіляра ў сваіх артыкулах доктар мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Катовіч. У сваім выступленні яна адзначыла, што Тадэвуш Кокштыс – сутнасць коласаўскай сцэны. «Усе яе слынныя імёны будуць стаяць побач з Вамі», – заявіла яна. Таццяна Віктарыўна падарыла герою урачыстасцяў сваю кнігу «Несцерка: спектакль/абрад». І невыпадкова: на працягу многіх год Тадэвуш Кокштыс з поспехам выконваў у гэтай пастаноўцы ролю Другога шляхцюка.
А між тым цягам усёй віншавальнай часткі на экране ўзнікалі фотаздымкі лепшых работ юбіляра (а ўсяго ён сыграў больш за 150 роляў). Іх каментавалі вядучыя ўрачыстай часткі Аляксандр Замкоўскі і Святлана Сухадолава.
Старэйшы віцебскі мастак Фелікс Гумен падарыў герою свята сваю карціну пад назвай «Паветра. Лета» і прапанаваў адзначыць юбіляра ганаровымі званнямі «Ганаровы грамадзянін Віцебска» і «Герой працы». Пэўна ж, яны ў Майстра яшчэ наперадзе.
Самыя блізкія людзі Тадэвуша Антонавіча – яго сястра, брэсцкая мастачка Аліна Кандрацюк і пляменнікі Раман і Андрэй таксама выйшлі на сцэну з віншаваннямі і пажаданнямі моцнага здароўя, творчай актыўнасці, трываласці духу.
Артысты Беларускага тэатра «Лялька» Алесь Маханькоў і Юрый Франкоў у вобразах герояў «Загубленай душы» прадставілі свой «капусны» нумар.
І ў завяршэнне вечара Майстра віншавалі свае родныя коласаўцы. У прыватнасці, зямлячка і калега юбіляра, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна прамовіла свой маналог – прызнанне ў любові.
А на заканчэнне было дадзена слова самому юбіляру. Ён нагадаў гледачам маналог Блазна са знакамітай трагедыі Шэкспіра «Кароль Лір» і выказаў вялікую падзяку ўсім гледачам («Мы – сазлучаныя сасуды») і, вядома ж, калегам. Асобна адзначыў маладое пакаленне коласаўцаў, працаваць побач з якім яму надзвычай прыемна. «Я – шчаслівы чалавек», – напрыканцы зазначыў Тадэвуш Кокштыс.
Добавить комментарий