«САМАЯ ЖАДАНАЯ» - ПЕРШАЯ ПРЭМ’ЕРА НОВАГА СЕЗОНА

Рамантычная камедыя «Самая жаданая», напісаная сучасным беларускім аўтарам Сяргеем Гіргелем па матывах французскай драматургіі, распавядае пра пошукі кахання і пра тое, што ніякае мастацтва, ніякая творчасць не заменяць блізкага і дарагога тваёй душы чалавека.
…Немалады пісьменнік і кінасцэнарыст Мацье шукае сюжэт для новага фільма. Такім чынам ён спадзяецца знайсці шлях да сэрца сваёй сяброўкі Раксаны – крыніцы яго творчага натхнення. У пошуках сюжэту Мацье прыдумляе для каханай усё новыя і новыя прыгоды. З гэтай мэтай ён выкарыстоўвае свайго госця Дэвіда – забяспечанага, але вельмі цынічнага маладога чалавека, па сутнасці шалапута і марнатраўцы, які спрабуе купіць за грошы пачуцці Раксаны. Але паступова адбываецца цуд: у сэрцы Дэвіда нараджаецца сапраўднае каханне да гэтай жанчыны. Каму ж з дваіх мужчын гераіня аддасць перавагу? Аб гэтым даведаюцца гледачы, што прыйдуць на спектакль.
Гісторыя пра самую жаданую – гэта, па вялікаму рахунку, гісторыя пра кожнага з нас. Пра тое, што мы для каго-небудзь таксама самыя жаданыя…
Рэжысёр-пастаноўшчык і стваральнік музычнага афармлення – Ніна Обухава. Гледачы, пэўна, памятаюць яе дыпломную работу – спектакль «Цень думкі нашай…» паводле твораў Франіцішка Аляхновіча. На гэты раз яна спрабуе сябе ў зусім іншым жанры. І яшчэ адна важная асаблівасць новай пастаноўкі: пасля доўгага творчага перапынку на сцэну ў галоўнай ролі выйдзе народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Антонавіч Кокштыс – старэйшы артыст коласаўскай трупы, які выконвае ролю Мацье. Тадэвуш Кокштыс таксама ажыццявіў пераклад п’есы на беларускую мову.
Апрача яго, у спектаклі занятыя: артысты Наталля Аладка (Раксана), Аляксандр Базук (Дэвід) і Дзмітрый Каваленка (Нікаля, сын Раксаны).
Мастацкае афармленне прыдумала Наталля Лавіцкая-Ярмолава. Для яе гэта дэбют у якасці сцэнографа. Пластыка Сяргея Талкача.
Прэм’ера спектакля адбудзецца 22 верасня, а 19-й гадзіне, і 23 верасня, а 18-й.
Чакаем вас у тэатры!
Добавить комментарий